Лінкі ўнівэрсальнага доступу


  • Лідэраў «Маладога фронту» будуць судзіць ў Маскоўскім судзе Менску.
  • Уладзімер Някляеў: «Рыцары ўсе, хто прыйшоў на плошчу».
  • Сьвятлана Лябедзька будзе скардзіцца ў пракуратуру.
  • «Стаў меней паліць і толькі лёгкія цыгарэты», — піша Андрэй Саньнікаў ў лісьце да маці.

Старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч і ягоны намесьнік Эдуард Лобаў дагэтуль знаходзяцца з Жодзінскім сьледчым ізалятары. Пра гэта «Свабодзе» 26 лютага паведаміла актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка:

«Я зараз рыхтую перадачу ў Жодзіна. Дзіма яшчэ там, пакуль яго ніхто не пераводзіць, хаця справа ужо ў Маскоўскім судзе, і пасьля выходных яго мусяць перавезьці на „Валадарку“. У панядзелак можа стаць вядома прозьвішча судзьдзі і дата працэсу».

Наста Палажанка, якая знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд і застаецца абвінавачанай ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня, паведаміла, што большасьць яе асабістых рэчаў і дакумэнтаў сьледчыя ёй не вярнулі: «Ужо тыдзень кормяць абяцаньнямі». Насту Палажанку амаль 2 месяцы трымалі ў сьледчай турме КДБ.

25 лютага грамадзкі рух імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы айчыны» прызнаў экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева «Рыцарам году» і ўшанаваў яго ганаровай прэміяй «З адкрытым забралам» за 2010 год. Узнагароду за Някляева атрымала ягоная жонка Вольга. Спадарыня Някляева распавяла, як яе муж успрыняў гэтую ўзнагароду:

Ён сказаў, што для яго рыцары — гэта ўсе тыя, хто пераадолеў свой страх і прыйшоў 19 сьнежня на мірную акцыю пратэсту на Плошчу.
«Калі Ўладзімер Пракопавіч дазнаўся пра гэтую ўзнагароду, ён сказаў, што для яго рыцары — гэта ўсе тыя, хто пераадолеў свой страх і прыйшоў 19 сьнежня на мірную акцыю пратэсту на Плошчу. Менавіта яны рыцары, яны найлепшыя людзі Беларусі, і краіна мусіць імі ганарыцца».

Вольга Някляева паведаміла, што ў Уладзімера баліць сьпіна і ягоны стан пагаршае знаходжаньне ўвесь час у адным пакоі без прагулак.

Болей як праз тыдзень маўчаньня Ала Саньнікава атрымала ад сына чарговы ліст. Вось што піша з «амэрыканкі» экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў:

«У мяне ўсё добра. Здароўе ў норме. Палю значна меней і толькі лёгкія цыгарэты». Піша, што вельмі сумуе. «Без усіх вас складана, а бяз Данькі…» «Падумаў, што геаграфічна трапіў паміж домам і школай». Саньнікаў вучыўся ў былой 42-й школе, якая насупраць КДБ. «Адмыслова гэтага і не прыдумаеш. Усім, хто перадае прывітаньні, ад мяне самыя цёплыя словы. Перадай таксама ад мяне падзяку ўсім, хто падтрымлівае цябе. Моцна цалую і люблю, Андрэй».

Няма лістоў за апошнія дні ад Мікалая Статкевіча, Анатоля Лябедзькі, Сяргея Марцалева.

Жонка лідэра АГП Анатоля Лябедзькі Сьвятлана ў панядзелак, 28 лютага, будзе падаваць скаргу ў пракуратуру на парушэньне права яе мужа на ліставаньне з роднымі.

«Што там адбываецца ў апошні тыдзень? Незразумела, чаму мы зноў перасталі атрымліваць лісты? Што ён ня піша, я нават не дапускаю такой думкі, гэтага быць ня можа, я ведаю, што ён піша. Але да нас нічога не даходзіць ужо болей за тыдзень».

Зоя Яўменава, бабуля Сяргея Марцалева, актывіста штабу Статкевіча, мае ад унука толькі два лісты за ўвесь час арышту — гэта болей як 2 месяцы. З аднаго зь лістоў бабуля ведае, што ў Сяргея бываў сьледчы, але пры гэтым адваката да яго, як патрабуе закон падчас сьледчых дзеяньняў, не выклікалі. Зоя Яўменава не выключае, што сьледчыя праводзяць нейкія дзеяньні, якія не адлюстроўваюць у матэрыялах справы.

Усяго паводле падзей 19 сьнежня было арыштавана болей за 700 чалавек у Менску і некалькі дзясяткаў дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах краіны. Фактычна ўсе арыштаваныя атрымалі адміністрацыйныя пакараньні, а супраць болей як 40 чалавек заведзены крымінальныя справы. На першым працэсе па справе 19 сьнежня, які адбыўся 17 лютага ў Фрунзенскім судзе Менску, 4 гады калёніі строгага рэжыму атрымаў актывіст «Гавары праўду» Васіль Парфянкоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG