Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Салідарнасьць» чакае новых валянтэраў на дапамогу сем’ям палітвязьняў


Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» заклікае новых валянтэраў далучыцца да акцыі салідарнасьці з палізьняволенымі. Чальцы камітэту чакаюць неабыякавых людзей, каб дапамагаць сем’ям новых беларускіх палітвязьняў. З дапамогай праваабаронцаў і грамадзкасьці таксама вырашаюцца надзённыя праблемы, пацярпелых ад перасьледу ўладаў пасьля 19 сьнежня.

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Вызваленьне», якую заснавалі сваякі зьняволеных палітыкаў, гэтымі днямі працягваюць пошукі новых шляхоў уплыву на ўлады Беларусі, каб дамагчыся вызваленьня сваіх родных. Для таго, каб падзеі ў шэрагу краін арабскага сьвету ня зьменшылі ўвагу да Беларусі, яны накіравалі чарговы зварот да міжнароднай супольнасьці, працягваюць сустрэчы з кіраўнікамі дыпляматычных місій у Беларусі. Адначасна застаецца патрэба падтрымліваць вязьняў празь перадачу пасылак з прадуктамі і іншымі неабходнымі рэчамі, кажа адна з актывістак ініцыятывы, жонка зьняволенага Зьмітра Бандарэнкі Вольга:

«Канечне, на перадачы ідзе шмат грошай, бо хочацца купіць і каўбасы, і гародніны. Але сярод нас ёсьць тыя, хто не працуе, пэнсіянэры, маці, якія гадуюць малых дзяцей, і натуральна, што нам дапамагаюць.
Дапамагаюць дэмакратычныя сілы, грамадзкія арганізацыі, сябры і проста людзі, зусім незнаёмыя ці знаёмыя вельмі мала.
Бо мы ня здолелі б выцягнуць гэтыя перадачы нават двойчы на месяц. Дапамагаюць дэмакратычныя сілы, грамадзкія арганізацыі, сябры і проста людзі, зусім незнаёмыя ці знаёмыя вельмі мала. Да прыкладу, мяне праз газэту знайшлі людзі, якіх я ня бачыла больш за 20 гадоў».

Днямі беларускія праваабаронцы з дапамогай грамадзкіх актывістаў сабралі і пералічылі на рахунак Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта 14 мільёнаў 144 тысячы рублёў за нібыта разьбітыя апазыцыянэрамі дзьверы ў Доме ўраду 19 сьнежня. Палову названай сумы прынесьлі незаангажаваныя ў палітыку людзі на заклік у інтэрнэце юрысткі Дар’і Каткоўскай. І гэта новае пацьверджаньне таго, што беларускае грамадзтва працягвае салідарызавацца, кажа Дар’я Каткоўская:

Адзін мужчына прынёс тысячу эўра.
«Усё адбывалася гэтак жа, як і пасьля 19 сьнежня: прыходзіла вельмі шмат людзей, яны былі радыя, што нешта адбываецца, і адчувалася, што ім было прыемна паўдзельнічаць у гэтай акцыі салідарнасьці. Да прыкладу, адзін мужчына прынёс тысячу эўра. Калі людзі прыносяць такія грошы, то гэта вельмі ўражвае. І мы яго спыталі: ці вы зьбіралі гэтыя грошы ў нейкай арганізацыі, сярод сяброў ці якім іншым чынам? А ён адказвае — не, гэта мае грошы, і гэтых грошай на такую годную справу мне не шкада. Пры гэтым мужчына зусім не выглядаў на нейкага супэрзаможнага чалавека. І гэта азначае, што людзі гатовыя змагацца ня толькі ў інтэрнэце ці размаўляць на кухні, але таксама і ўчынкамі, і матэрыяльнымі сродкамі. Гэта вельмі важна, гэта значыць, што людзі гатовыя браць на сябе гэтую адказнасьць».

У праваабарончыя арганізацыі гэтымі днямі працягваюць ісьці па дапамогу людзі, якія пацярпелі ў выніку падзей 19 сьнежня, якія зьведалі перасьлед у выніку ператрусаў, затрыманьняў і зьняволеньняў, што працягваюцца да сёняшняга дня. Сярод іншых неабходную юрыдычную і практычную дапамогу пацярпелыя знаходзяць у Камітэце абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць». Цяпер камітэт абвесьціў збор новых валянтэраў, каб дапамагчы ня толькі пацярпелым, але і іх сем’ям, кажа адна з прадстаўніц камітэту Эніра Браніцкая:

«Мы абвесьцілі новы збор валантэраў, і гэтыя людзі прыходзяць.
Мы чакаем валантэраў.
Ідэя была такая, каб да кожнай сям’і палітвязьняў дасылаць свайго „анёлка“. Бо многія сем’і самі носяць перадачы, а некаторыя зь іх далёка, у некаторых вязьняў ёсьць толькі бабуля, як у Марцалева — ёй іншы раз цяжка і матэрыяльна і фізычна. І вось мы хацелі б дасылаць да сем’яў дваіх сталых валатнэраў, якія б трымалі сувязь і ведалі пра ўсе патрэбы. Да нас тэлефануюць і прыходзяць людзі, якія кажуць, што гатовыя дапамагаць час ад часу, што гатовыя дапамагаць канкрэтным людзям. Да прыкладу, многія хочуць дапамагчы Маі Абромчык, у тым ліку прадпрымальнікі. Я зараз складаю такі сьпіс, але не магу сказаць, што сытуацыя ідэальная. Таму, калі вы скажаце на Свабодзе, што мы чакаем валантэраў, то гэта будзе вельмі добра».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG