Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія экспэрты: «Прапанова Лукашэнкі ў АДКБ чыста прапагандысцкая»


У Арганізацыі дамовы калектыўнай бясьпекі разглядаюць прапанову Беларусі аб стварэньні сьпісу асобаў, уезд якіх на тэрыторыю краін АДКБ непажаданы альбо забаронены.

Паводле генэральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы, экспэрты арганізацыі пачалі разгляд прапановы Беларусі, якая зараз старшынюе ў АДКБ, скласьці сьпіс асобаў, уезд якіх непажаданы або забаронены на тэрыторыю дзяржаваў-чальцоў арганізацыі.

Пра гэта Мікалай Бардзюжа паведаміў 25 лютага на пасяджэньні каардынацыйнай рады кіраўнікоў ведамстваў па пытаньнях барацьбы зь незаконнай міграцыяй краін АДКБ:

«На пасяджэньне вынесенае пытаньне рэалізацыі прапановы прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па стварэньні прававых рамак па фарміраваньні сьпісу асобаў, уезд якіх на тэрыторыю дзяржаваў АДКБ забаронены ці непажаданы». «Выносячы гэтае пытаньне на пасяджэньне, мы хацелі б атрымаць экспэртнае меркаваньне», — дадаў генсэк АДКБ, паведамляе БелТА.

31 студзеня Эўразьвяз увёў забарону на ўезд на сваю тэрыторыю для 157 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі заяўляў, што падобныя крокі не застануцца без адказу. Менавіта такім адказам лічыць прапанову Беларусі незалежны аглядальнік Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў
«Гэта, безумоўна, ёсьць адказ на той сьпіс, на тыя візавыя санкцыі, якія ўвялі супраць беларускага чынавенства заходнія краіны. І яшчэ спроба прыцягнуць да гэтага хаўрусьнікаў АДКБ. Але мяркую, што наўрад ці з гэтага нешта атрымаецца. Ва ўсякім разе паводле поўнага сьпісу. Прыкладам, зараз у Расеі з Польшчай стасункі наладжваюцца, хоць і не без праблемаў. Між тым я проста перакананы, што ў беларускім сьпісе ёсьць прозьвішча Сікорскага, на якога зараз абрынуліся беларускія ўлады. І мне цяжка ўявіць, што Масква пойдзе на забарону ўезду Сікорскаму на сваю тэрыторыю. А калі там і застануцца дробныя, невялікага рангу чыноўнікі, то гэта не настолькі патрэбна і самой Беларусі. Такім чынам, хутчэй за ўсё гэта прапагандысцкая акцыя, якая ня будзе мець сур’ёзных наступстваў».

Андрэй Фёдараў мяркуе, што Аляксандр Лукашэнка і ягонае атачэньне добра ўяўляюць беспэрспэктыўнасьць сваёй прапановы, а робяць спробу прасунуць яе выключна ў дэманстрацыйных мэтах — бо раней абвясьцілі пра падрыхтоўку «адэкватных захадаў». Адзінае, што Беларусь можа зрабіць рэальна, гэта абмежаваць колькасьць супрацоўнікаў амбасадаў заходніх краін, як раней было зроблена з амбасадай ЗША, але тады будуць крокі ў адказ і магчымасьці кантактаў з Захадам рэзка абмяжуюцца, мяркуе Андрэй Фёдараў:

«Беларусі ўсё ж патрэбныя стасункі з краінамі Эўропы, бо з Расеяй мадэрнізацыі эканомікі не атрымаецца, а без мадэрнізацыі эканомікі будзе цяжка, калі ўвогуле магчыма, выходзіць са становішча, у якім зараз Беларусь апынулася».

У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан. Стварэньнем «аўтарытарнага інтэрнацыяналу» называе палітоляг Віталь Сіліцкі намаганьні Беларусі адносна сьпісу неўязных у краіны АДКБ. На думку назіральніка, гэтыя крокі падштурхнулі апошнія падзеі ў сьвеце.

Віталь Сіліцкі
«Зараз Лукашэнка адчувае небясьпеку. Нават калі ён задушыў спробы, як я кажу, імітацыйнай рэвалюцыі ў Менску, але ж тое, што адбываецца ў сьвеце, нагадвае яму, што дыктатуры руйнуюцца. І ў яго зараз адбываецца інстынктыўны працэс абараніць сябе ад пагрозы, якой ён да канца не разумее. Пры гэтым не атрымліваецца вызначыць галоўны напрамак удару. Здаецца, гэта Захад. Але паглядзіце на арабскі сьвет — празаходнія рэжымы падаюць. І яшчэ гэта спроба перанесьці кошт сваіх рэпрэсій на іншага — на тую ж Расею. Бо ў першую чаргу сьпіс неуязных у АДКБ мусіць санкцыянаваць Расея. Вось такая тактыка адрадзіць гэты „аўтарытарны інтэрнацыянал“, які зараз, магчыма, мала каму патрэбны».

Віталь Сіліцкі перакананы, што ўвядзеньне сьпісу неўязных не патрэбна цяперашняй Расеі, а таксама што на гэта ня пойдзе Казахстан, дзе, як і ў Расеі, рыхтуюцца да прэзыдэнцкіх выбараў.

У МЗС Беларусі карэспандэнту «Свабоды» не пракамэнтавалі зьвесткі з АДКБ адносна прапановаў пра сьпіс неўязных у краіны АДКБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG