Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Змэнчаны, але задаволены, што ўрэшце на свабодзе»


Андрэй Пачобут, архіўнае фота

Андрэй Пачобут, архіўнае фота

Гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута вызвалілі з ізалятара на Акрэсьціна. Міліцыянты вывезьлі яго на машыне і высадзілі ў горадзе. Тым часам сябры па Саюзе палякаў чакалі яго ля брамы турмы. Яны ня ведалі, дзе ён знаходзіцца, але празь нейкі час змаглі зь ім сустрэцца.

Пасьля зьняволеньня — першая справа — нармальна пад’есьці, бо два тыдні ежа ў Андрэя Пачобута была турэмнай.

Пачобут: «Мы паехалі перакусіць, таму што столькі дзён адной кашай кармілі. Цяпер я ем піцу і вельмі шчасьлівы, прыпамінаю сабе, што ёсьць іншыя смакі».

Андрэй Пачобут кажа, што ня раз бываў у такіх установах, але турма на Акрэсьціна на яго зрабіла зусім дрэннае ўражаньне:
Зраніцы чалавек будзіцца таму, што яму холадна, яго трасе ад холаду.

«Калі параўноваўць Акрэсьціна зь іншымі, яна аказалася на ўзроўні раённага ізалятару часовага ўтрыманьня. У Лідзе ізалятар такі, скоцкія ўмовы там. Таму што, напрыклад, у Горадні ўжо нармальныя ўмовы, там ня холадна, чыста ў камэры, а на Акрэсьціна бруд, адчуваньне, што з 1980-х гадоў камэра не рамантавалася. Сьцяна няроўная, каб ня можна было пісаць. Я ведаю, што было прызнана — гэта шкодна для здароўя, калі сьцены няроўныя — усякія бактэрыі добра захоўваюцца. Зраніцы чалавек будзіцца таму, што яму холадна, яго трасе ад холаду».

У вязьніцы, дзе сядзеў Андрэй Пачобут, у розны час было ад двух да васьмі арыштаваных.

Сярод тых, хто прыехаў з Горадні яго сустрэць, была і Анжаліка Арэхва, якая выконвае абавязкі старшыні непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў, у якім Андрэй Пачобут узначальвае галоўную раду:

«Мы прыехалі ў Менск пасьля першай гадзіны і чакалі Андрэя, потым даведаліся на Акрэсьціна, што яго выпускаюць толькі ў 17:40. Мы бачылі, як выехала з брамы машына, і там быў чалавек у цывільным, здагадаліся, што гэта Андрэй. Яго вывезьлі ў Менск, і мы яшчэ доўга не маглі даведацца, дзе ён знаходзіцца. Спрабавалі дазваніцца, але яго тэлефоны былі выключаныя. Потым ён адазваўся і сказаў, што зараз прыедзе. Мы дачакаліся яго, ён быў у добрым гуморы. Канечне, змэнчаны, але задаволены, што ўрэшце на свабодзе».

Журналіст «Gazety Wyborczej», гарадзенец Андрэй Пачобут, быў пад арыштам за знаходжаньне на плошчы ў Менску 19 сьнежня. Суд пакараў яго зьняволеньнем на 15 сутак, але ўлічыў, што Пачобут быў арыштаваны першы раз 19 сьнежня, і тады яго пратрымалі ноч у аўтазаку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG