Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Увесь час дэфіцыт валюты»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
На сёньняшняй нарадзе з новым складам ураду ў Менску кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка крытыкаваў дзейнасьць ураду і даў шэраг даручэньняў.

Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў прынцыповую ўвагу прэм’ер-міністра і старшыні праўленьня Нацыянальнага банку: мы недапушчальна расхлябана ставімся да выкарыстаньня валютнай выручкі. Склалася сытуацыя, што некалькі сотняў або дзясяткаў, можа, ключавых прадпрыемстваў прыносяць валюту ў краіну, а прэм’ер-міністар і старшыня праўленьня Нацыянальнага банку, грунтуючыся на незразумелых тэорыях свабоднага рынку, раздаюць абы-каму гэтую валюту. Маўляў, хопіць адбіраць валюту ў кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, якія яе зарабляюць, і раздаваць тым, хто яе ў краіну не прыносіць.

Камэнтуючы гэтыя выказваньні, эканаміст Міхал Залескі адзначыў, што такая сытуацыя з валютай цягнецца з 1991 году.

Міхал Залескі
«Для таго каб мець валюту, трэба мець добры экспарт. А каб мець харошы экспарт, трэба мець добрых экспартэраў. У нас 200 прадпрыемстваў даюць 95% экспарту. У нас 80 прадпрыемстваў даюць 75% экспарту. А 17 прадпрыемстваў даюць палову экспарту. Вось гэтнымі 17 прадпрыемствамі мы жывём і кіруем. І атрымліваецца, што ня могуць рады даць гэтым прадпрыемствам, бо кіруюць па-сацыялістычнаму. Адсюль і вынікі такія. Увесь час дэфіцыт валюты. І для новых праектаў дэфіцыт, і для насельніцтва, якое хоча купіць, дэфіцыт, і для ўсяго дэфіцыт. Ніякіх рэформаў пры Лукашэнку ня будзе, ён ня дасьць зрушыць зь месца нічога».

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначае, што кіраўніцтва краіны працягвае ранейшую палітыку латаньня дзірак.

Паводле Багданкевіча, эканамічная сытуацыя ў краіне пагаршаецца: цэны растуць, заробкі зьмяншаюцца, дэфіцыт і даўгі павялічваюцца.

Станіслаў Багданкевіч
«Лукашэнка вымушаны неяк апраўдвацца перад грамадзкасьцю і спрабуе ўсё зваліць на новы ўрад. Хутка зьняць Мясьніковіча ён, відаць, ня зможа. І Мясьніковіч паводзіць сябе больш самастойна, чым чакалі. Крыху крытыкуе заданьні на пяцігодку, што невыканальныя. Я нічога пакуль ня бачу ў кіраваньні Лукашэнкі. Калі б ён мяняў мадэль рэгуляваньня эканомікі, гэта было б іншае пытаньне. А ён мадэль не мяняе: той жа вал, тыя ж заданьні, тыя ж наганяі. Цяпер ужо новаму ўраду, новаму прэм’еру. Што тут новага? Ён яшчэ нядаўна казаў, што не зьбіраецца ўмешвацца ў дзейнасьць ураду. Дасьць ім шырокую аўтаномію. А насамрэч умешваецца. Гэта стыль яго дзейнасьці».

Таксама Лукашэнка заявіў, што базавыя пытаньні паставак расейскіх энэргарэсурсаў у Беларусі на палітычным узроўні вырашаны. Але ён пажадаў, каб міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц «не хаваўся за сьпінай першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі і ехаў у Мінэнерга Расеі, «Газпром» і дамаўляўся.

Тацяна Манёнак
Эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак адзначае, што перад беларускім бокам застаецца праблема, зьвязаная з пастаўкамі расейскага газу. Бо афіцыйны Менск разьлічваў пры падпісаньні дакумэнтаў па адзінай эканамічнай прасторы вытаргаваць пераход на прынцып роўнадаходнага кошту да 2011 году.

«Вядома, у гэтай няпростай эканамічнай сытуацыі для Беларусі, відавочна, хочацца дамовіцца, каб атрымаць гэтую газавую перадышку раней. Але расейскі бок і расейскі прэм’ер Пуцін заявіў, што гэты падпісаны на чатыры гады кантракт зь Беларусьсю, уключаючы 2011 год, ня будзе пераглядацца. Гэты кошт пытаньня даволі вялікі для беларускага боку, і, відаць, пра гэта найперш хацелася б дамовіцца. Газавае пытаньне вельмі балючае, і самае вострае — гэта кошт газу па пастаўках на гэты год. Але гэта будзе складана перагледзець, нягледзячы на ўсе намаганьні беларускіх чыноўнікаў. Расейскі бок ужо прыняў прынцыповае рашэньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG