Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму “варацілы бізнэсу” не сьпяшаюцца ў Беларусь?


25 лютага Аляксандар Лукашэнка выступіў на нарадзе з новым складам ураду. Прэзыдэнт прайшоўся па шэрагу праблемных кропак нацыянальнай эканомікі. Ён адзначыў, што дэфіцыт дзяржбюджэту ў 2.5% – гэта сур'ёзны сыгнал, і распарадзіўся, каб міністар фінансаў стаў “спадаром НЕ”, калі гутарка ідзе пра павялічэньне выдаткаў.

Прэм’ера і старшыню нацбанку Лукашэнка папракнуў тым, што яны,
“ грунтуючыся на незразумелых тэорыях свабоднага рынку”, раздаюць праз біржу грошы “каму папала”. Прэзыдэнт таксама нагадаў, што не выканае яго даручэньне распрацаваць канцэпцыю кіраваньня зьнешнім доўгам.

МЗС было загадана весьці пошук “сур'ёзных уплывовых вараціл бізнэсу сусьветнага ўзроўню з шырокімі кантактамі і вагой ва ўрадавых колах. Вы літаральна за руку павінны весьці іх сюды. Бо нам ёсьць што прапанаваць”. Разам з тым ураду прэзыдэнт параіў “не зацыклівацца на прыватызацыі”.

Выступ прэзыдэнта на ўрадавай нарадзе мы папрасілі пракамэнтаваць эканамічнага аглядальніка "Белгазеты" Сяргея Жбанава.

Жбанаў
: Сэнс выступу – у нас у розных сфэрах ёсьць пэўныя недахопы. Вось прэзыдэнт закрануў тэму кіраваньня зьнешнім доўгам, ён сказаў, што настойвае на пісьменным абслугоўваньні. А якое можа быць іншае абслугоўваньне, калі сумы пагашэньня па гадах вядомыя. На бліжэйшыя гады гэта 800 млн., больш за мільярд, два з паловай мільярды і 2,6 мільярдаў даляраў.

Зразумела, што іх можна вярнуць толькі праз выхад на рынак эўрабондаў і іншых зьнешніх пазык. Пагасіць іх толькі за кошт выручкі прадпрыемстваў проста немагчыма.

З-за гэта ў нас і праблемы ў валютнай сфэры. Выручкі не хапае, і нацбанк яшчэ 10 студзеня забараніў банкам крэдытаваць авансы па імпарту. Пазьней быў зроблены больш жорсткім парадак пакупкі валюты на біржы. Гэтая практыка праводзіцца, як бачым, ужо пэўны час і прэзыдэнт проста асьвяціў яе сваёй увагай.

Урад меркаваў адной з галоўных задачаў прыватызацыю. Але Аляксандар Рыгоравіч іх паправіў, сказаў, што прамыя інвэстыцыі важнейшыя, што трэба прыцягваць сюды буйных інвэстараў. Але я мяркую, што яны і раней былі ў курсе, якія тут умовы. Але нешта яны сюды ня едуць. Відаць, іх 25 умоваў не прыцягваюць.

Калі пад лібэралізацыяй нехта разумее зьніжэньне падатковай нагрузкі для малога і сярэдняга бізнэсу, то гэта будзе. Калі мець на ўвазе нейкія рэвалюцыйныя перамены ва ўсьведамленьні той жа прыватызацыі, дык іх ня будзе. Прэзыдэнт даў сыгнал і ўрад у гэтых межах стварала праграму прыватызацыі 244 прадпрыемстваў. Там сказана, што атрыманыя грошы будуць патрачаныя на пабудову новых дзяржаўных прадпрыемстваў.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG