Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі парлямэнт заклікае да вызваленьня палітвязьняў у Беларусі


Парлямэнт Польшчы сёньня заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітвязьняў, а ўсе эўрапейскія краіны — падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі. Акрамя таго, дэпутаты запатрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць палітычныя рэпрэсіі. Сёньняшняя рэзалюцыя, на думку палітыкаў і палітолягаў, можа яшчэ больш абцяжарыць стан дачыненьняў паміж Варшавай і Менскам.

Як перадаюць польскія мэдыі, рэзалюцыя была прынятая на падставе ўсеагульнага ўхваленьня, бо напярэдадні праект дакумэнта падтрымалі ўсе парлямэнцкія аб’яднаньні. Перад пачаткам пасяджэньня сэйму яго сьпікер Гжэгаж Схетына сустрэўся з групай прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, у склад якой увайшлі Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Аляксей Янукевіч ды іншыя. Гжэгаж Схетына, у прыватнасьці, сказаў:

«Мы будзем узгадваць і памятаць пра вашу справу. Мы хочам, каб вы памяталі, што тут, за вашай мяжой, знаходзіцца іншы сусьвет, які ня будзе абыякавы да вашага лёсу».

Беларускія апазыцыянэры сёньня размаўлялі і зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч так пракамэнтаваў для «Свабоды» гэтыя сустрэчы: «Тое, што тут мы бачым, безумоўна, сьведчыць пра тое, што Польшча зьбіраецца праводзіць пасьлядоўную палітыку падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Тыя сустрэчы і размовы, што мы мелі сёньня і ў Сэйме, і ў МЗС, паказваюць — ідзе стварэньне доўгатэрміновага пляну супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і доўгатэрміновага пляну дапамогі ў адстойваньні свабоды і дэмакратыі ў Беларусі».

Афіцыйныя беларускія ўлады рэзка адмоўна паставіліся да польскай рэзалюцыі. У міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў яе ацанілі як «непавагу да беларускага народу, які свабодна і абсалютна дэмакратычна зрабіў свой сьвядомы выбар на карысьць дзейнага кіраўніка дзяржавы».

Уладзімер Андрэйчанка
А старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка назваў дзеяньні Польшчы «антыбеларускай кампаніяй»:

«Заявы афіцыйных асобаў зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы, пазыцыя польскіх прадстаўнікоў у эўрапейскіх структурах пры разглядзе сытуацыі ў нашай краіне адзначаюцца жорсткай рыторыкай і не спрыяюць разьвіцьцю канструктыўных дачыненьняў паміж нашымі краінамі».

Аналітыкі заўважаюць: дачыненьні паміж Менскам і Варшавай моцна сапсаваліся пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка публічна абвінаваціў Варшаву ў арганізацыі патаемнай змовы супраць беларускіх уладаў. На працягу апошняга часу ў дзяржаўных мэдыях узрасла колькасьць публікацый з рэзкай крытыкай на адрас польскіх уладаў. Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі заявіў пра нежаданьне беларускага боку далучыцца да сыстэмы спрошчанага перасячэньня мяжы жыхарамі прымежных раёнаў абедзьвюх краін. Беларускія дэпутаты накіравалі запыт у Канстытуцыйны суд наконт адпаведнасьці польскага закону пра «карту паляка» міжнародным прававым нормам.

Міхаіл Бацян
Некаторыя аналітыкі называюць цяперашні стан дачыненьняў паміж суседнімі краінамі «халоднай вайной». Былы беларускі дыплямат Міхаіл Бацян, які раней працаваў у Польшчы і выкладае на факультэце міжнародных дачыненьняў БДУ, адзначае:

«Я так востра не казаў бы. Вядома, ёсьць напружанасьць, ёсьць праблемы. Аднак разьвіваюцца дачыненьні паміж, напрыклад, навучальнымі ўстановамі. Учора ў нас былі калегі з Лодзі».

Яскравай прыкметай таго, што польскія ўлады ня хочуць разрываць дачыненьні зь Беларусьсю, спадар Бацян лічыць прыезд у Менск амбасадара Польшчы, якога тут даволі доўгі час не было:

«Сам факт, што амбасадар зьявіўся ў такі момант, вельмі красамоўны. Усё ж Польшча ня хоча губляць дачыненьні зь Беларусьсю. Толькі так я гэта разумею».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG