Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа судзьдзя адмовіцца весьці справу аб падзеях 19 сьнежня?


У сьпісе 157 асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, фігуруюць 32 судзьдзі. Ці можа павялічыцца колькасьць «непажаданых у Эўропе» судзьдзяў пасьля заканчэньня крымінальных працэсаў над удзельнікамі мітынгу пратэсту 19 сьнежня?

У першым сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу, які налічваў 40 асобаў, разам з Аляксандрам Лукашэнкам былі 4 судзьдзі — Надзея Равуцкая, Мікалай Трубнікаў, Аляксей Рыбакоў і Леанід Ясіновіч. Гэтыя судзьдзі вядомыя тым, што судзілі палітычных актывістаў. Прыкладам, Аляксей Рыбакоў у 2006 годзе асудзіў на 5 гадоў зьняволеньня экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Пасьля ўвядзеньня новых санкцыяў Эўразьвязу ў сувязі з падзеямі падчас выбараў 19 сьнежня 2010 году агульны сьпіс неўязных павялічыўся да 157 асобаў, сярод якіх ужо 32 судзьдзі. Папаўненьне адбылося за кошт менскіх раённых судзьдзяў, якія вялі працэсы над адміністрацыйна арыштаванымі на плошчы Незалежнасьці. Ці будзе сьпіс непажаданых судзьдзяў папаўняцца?

Вольга Комар
17 лютага ў Менску адбыўся першы крымінальны працэс над удзельнікам тых падзей — Васілём Парфянковым. Судзьдзя Вольга Комар, якая вяла працэс, асудзіла актывіста на 4 гады калёніі строгага рэжыму. У віну Парфянкову паставілі тое, што ён біў нагамі па шчытах, пастаўленых у дзьвярах Дома ўраду, нібыта каб прарвацца туды, і пры гэтым пашкодзіў маёмасьці на 14 мільёнаў рублёў. Адвакат Ігар Папкоўскі заявіў, што віна не была даказаная, і падаў скаргу на прысуд. Грамадзкасьць ацаніла прысуд як надзвычай жорсткі і загаварыла пра «заказны характар прысуду». Праваабаронцы заявілі, што судзьдзя Комар — безумоўны кандыдат на тое, каб трапіць у сьпіс неўязных у краіны Эўропы. Ці была ў маладой жанчыны магчымасьць адмовіцца ад справы Парфянкова і гэтым пазьбегнуць рызыкі апынуцца ў ганебным сьпісе?

Тэлефон судзьдзі Вольгі Комар у Фрунзенскім судзе назваць карэспандэнту «Свабоды» адмовіліся:

«Тэлефоны судзьдзяў мы не даем, а сакратара ў судзьдзі Комар няма», — сказала супрацоўніца суду.

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас, дырэктар закрытага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю, які скончыла Вольга Комар, мяркуе, што ў ягонай былой вучаніцы быў маральны выбар, калі яна бралася за справу супроць удзельніка мітынгу 19 сьнежня. Вядомы пэдагог прызнае: нават выдатная адукацыя і дэмакратычнае выхаваньне не гарантуюць ад зьдзелак з сумленьнем, бо сучаснае грамадзтва задае свае стандарты жыцьця:

«Ёсьць пэўны стандарт жыцьця, якога трэба дасягнуць. Кватэра, грошы, вандроўкі. І ад гэтага нікуды не падзецца. Мы ня мелі магчымасьці гэтага ўсяго дасягнуць у той час, усе былі роўныя. А зараз гэта магчыма, і людзі сталі больш прагматыкамі, нашыя рамантычныя ідэалы, на жаль, зьмяніліся. Але якую цану за гэта плаціць — вось гэта кожны для сябе выбірае. Бо заўсёды ж былі спакусы: тады — толькі кар’ера, зараз яшчэ і пэўныя буржуазныя стандарты. Але наколькі моцныя маральныя якасьці, усё роўна залежыць ад індывідуальнасьці пэўнага чалавека».

У Фрунзенскім раённым судзе Менску 1 сакавіка пачнуцца адразу 3 крымінальныя працэсы над удзельнікамі падзей 19 сьнежня. Як адбываецца разьмеркаваньне спраў у судзе, хто гэта вызначае? Памочнік старшыні суду Элеанора Белікава адмовілася патлумачыць судовыя парадкі. Званю былому судзьдзі, цяпер вядомаму праваабаронцу Гары Паганяйлу. Паводле яго, справы разьмяркоўвае старшыня, і падстаў ухіліцца ад пэўнай справы, калі судзьдзя не хварэе ці нешта ня здарылася надзвычайнае, няма. А потым амаль няма шанцаў вынесьці законны прысуд, калі зьверху дыктуюць тое, што там патрэбна.

Я згадаў нядаўні працэс над Міхаілам Хадаркоўскім у Расеі, пасьля якога памочнік судзьдзі Данілкіна Натальля Васільева паведаміла журналістам, што судзьдзю прадыктавалі прысуд зьверху. Чаму ў Беларусі даўно няма выпадкаў, каб супрацоўнікі судовай сыстэмы пратэставалі супраць дзяржаўнага прэсінгу?

Гары Паганяйла
«У нас надзвычай мала такіх сьмелых людзей. Усе прыгнечаныя гэтай беспрасьветнай сытуацыяй. Калі табе выпісалі „воўчы білет“ — усё, ты ізгой, будзеш амаль жабраком. Адзінае тады выйсьце — пакідаць радзіму і стартаваць у жыцьці зноў. У гэтым сэнсе нашым судзьдзям не пазайздросьціш. Але я заўсёды кажу: ня можаш выконваць сваю справу прафэсійна і паводле сумленьня — тады сыходзь. Права выбару заўсёды ёсьць і застаецца за чалавекам».

Заробкі раённых судзьдзяў складаюць ад 2 да 3 мільёнаў рублёў, яны маюць таксама гэтак званы «сацыяльны пакет» — пэўныя ільготы. Сярод пераваг, які мае судзьдзя, — магчымасьць хутка і танна атрымаць жыльлё. Аднак крыніцы тлумачаць, што звычайна кватэры, якія па-за чаргой у выканкаме даюць судзьдзям, ім не належаць, бо лічацца службовымі. Каб атрымаць права прыватызаваць такое жытло, судзьдзям трэба бездакорна адпрацаваць больш за 10 гадоў, і гэта яшчэ адна форма залежнасьці судзьдзі ад дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG