Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэр? Для цябе працы няма!


Дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты ў мясцовыя аддзелы КДБ і міліцыі па крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня ў Менску. Многія з грамадзка актыўных асобаў доўгі час ня могуць уладкавацца на працу. Нават туды, дзе ёсьць вакантныя месцы, апазыцыйных актывістаў не бяруць.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Актывіст з Мазыра тлумачыць КДБ, чым незадаволеныя беларусы

Уладзімер Целяпун
24 лютага ў Мазыры опэрупаўнаважаны КДБ Васіль Прыходзька дапытаў у якасьці сьведкі назіральніка на прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімера Целяпуна. Допыт цягнуўся звыш дзьвюх гадзінаў. У актывіста ўзялі падпіску пра неразгалошваньне.

Спадар Целяпун кажа, што пасьля допыту перадаў супрацоўніку КДБ дакумэнты, якія, на яго думку, тлумачаць прычыны незадаволенасьці беларусаў вынікамі выбарчай кампаніі:

«Я перадаў заявы, свае скаргі, звароты й адказы дзяржаўных установаў на мае лісты. Перадаў ня ў межах крымінальнай справы, а ў парадку інфармаваньня пра дзейнасьць праваабаронцаў падчас выбарчай кампаніі.

Уладныя структуры, выбарчыя камісіі ў Мазыры мэтанакіравана не выконваюць закон, некаторыя нават ня ведаюць Выбарчы кодэкс. Гэта й ёсьць прычына незадаволенасьці як апанэнтаў улады, так і тых, хто цікавіцца палітыкай і незадаволены выбарчым працэсам у Беларусі».

Месцы ёсьць, ды не для ўсіх

У прыгараднай вёсцы Козенкі, што ля Мазыра, настаўнік матэматыкі Аляксандар Кавальчук, сябра стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і давераная асоба на прэзыдэнцкіх выбарах Віталя Рымашэўскага, ня можа знайсьці працу па спэцыяльнасьці. Нейкі час ён выкладаў у школе дапрызыўную падрыхтоўку, а калі паехаў у аддзел адукацыі, каб уладкавацца на вакантную пасаду настаўніка матэматыкі, яму адмовілі.

Кавальчук: «У Козенках у школе вызвалілася неяк два месцы матэматыка. Але кадры на працу бярэ не дырэктар школы, а начальнік аддзелу адукацыі. І вось калі я паехаў да начальніка аддзелу адукацыі, яна мне адмовіла. Сказала, што няма падставаў пераводзіць мяне на пасаду настаўніка матэматыкі, бо яна ўжо маладога спэцыяліста ўзяла. Я тады на адкрыты канфлікт не пайшоў, а зараз, шчыра кажучы, крышачку шкадую».

На працу — праз пракуратуру

Ня можа ўладкавацца на працу працяглы час і грамадзкі актывіст з Турава Міхаіл Козел. З падачы мясцовых уладаў за ім замацавалася рэпутацыя «бээнэфаўца», і на працу яго нідзе не бяруць.

З прычыны дыскрымінацыі ён зьвярнуўся да генэральнага пракурора. Ягоны ліст пераслалі ў Гомель, а адтуль — у Жыткавіцкую раённую пракуратуру:

«Раённы пракурор пажадаў са мной сустрэцца, і такая сустрэча адбылася ў Тураве, тут, у гарадзкім выканкаме. Запрасілі на яе кіраўніцу раённай службы па працы, сацыяльнай абароне й занятасьці насельніцтва, і прысутнічаў таксама супрацоўнік сэктару занятасьці. Яны мяне амаль у прымусовым парадку паставілі на ўлік у службу занятасьці як беспрацоўнага і прапанавалі мне грамадзкія працы ў ААТ «Тураўшчына».

Спадар Міхась кажа, што за два тыдні да таго зьвяртаўся ў аддзел кадраў сельгаставарыства — прасіў хоць гной вазіць, хоць салому, але яму адмовілі. Параілі прыходзіць вясною.

Цяпер, калі ён мае афіцыйную даведку пра беспрацоўе, клічуць на невядома якія грамадзкія працы. Але Міхась туды пакуль ня езьдзіў:

«Не, не хадзіў. І не пайду, не жадаю, бо гэта ў Азяранах — у іх кантора ў Азяранах. Гэта трэба браць паперку і сунуцца ў тыя Азяраны дзеля таго, каб мне прызначылі нейкія грамадзкія працы. Пэўна ж, трэба аддаць ім тую паперку».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Сябра РЭП судзіцца за працоўнае месца муляра

У Магілёве сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксей Паўлоўскі судзіцца з будаўнічым трэстам № 12. Актывіст вінаваціць кіраўніцтва прадпрыемства ў працоўнай дыскрымінацыі.

Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі сьцьвярджае, што чатыры разы служба занятасьці накіроўвала яго ў будаўнічы трэст № 12, каб яго ўзялі на працу мулярам. Гэтае прадпрыемства мела патрэбу ў спэцыялістах высокай кваліфікацыі й давала на іх заяўкі. Паўлоўскі — муляр пятага разраду, мае шматгадовы стаж. У працаўладкаваньні яму чатыры разы адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ім патрэбныя спэцыялісты шостага разраду. Актывіст лічыць гэтую прычыну надуманай:

Паўлоўскі: «Я ў іх раней працаваў. Дамагаўся, каб людзям забясьпечвалі нармальныя побытавыя ўмовы, заробак прымальны. Пісаў скаргі на наймальніка. Вось таму яны мяне й баяцца браць. Я патрабую працаўладкаваньня, а таксама спагнаньня заробку за час вымушанага прагулу. Зь іх віны я і мая сям’я засталіся бяз грошай для існаваньня».

Бяз працы прафсаюзны актывіст амаль тры месяцы. У службе занятасьці прызнаюць, што яго накіроўвалі ў будаўнічы трэст № 12. Ведаюць там і пра суд.

Меркаваньне працадаўцы: «Для яго ў нас няма вакансіяў!»

«На дадзены момант гэтае пытаньне разьбіраецца ў судзе. Я тут, напрыклад, нічога ня бачу скандальнага. Так атрымалася, што прадпрыемства адным разрадам сябе ўкамплектавала. Потым мяняла заяўку на вышэйшы разрад, і ў гэты час ён да іх зьвярнуўся», — тлумачыць сытуацыю супрацоўніца службы занятасьці.

У самім будаўнічым трэсьце заяўляюць, што Паўлоўскі ў іх працаваць ня будзе. Для яго няма вакансіяў. Судовыя разборы камэнтаваць адмаўляюцца.

Папярэднія слуханьні па скарзе актывіста адбыліся 22 лютага ў Ленінскім судзе Магілёва. 1 сакавіка працэс працягнецца.

Апошняе месца працы Паўлоўскага — рэканструкцыя Магілёўскага тэатру лялек. Па яе заканчэньні прафсаюзнага актывіста звольнілі на той падставе, што ў арганізацыі, дзе ён працаваў, не было новых будаўнічых аб’ектаў. Спынілі працоўныя адносіны акурат пасьля выбараў.

Падчас перадвыбарчай кампаніі Аляксей Паўлоўскі быў заўсёднікам на сустрэчах давераных асобаў Аляксандра Лукашэнкі. Яго вострыя пытаньні змушалі выступоўцаў апраўдвацца. У час выбараў ён быў назіральнікам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Аляксей Паўлоўскі неаднойчы балятаваўся ў дэпутаты гарсавету й Палаты прадстаўнікоў. Да яго рэгулярна зьвяртаюцца людзі па дапамогу ў вырашэньні сацыяльных праблем.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Справу студэнтак Люблінскага ўнівэрсытэту разгледзіць адміністрацыйная камісія

Адміністрацыйная камісія Ленінскага гарвыканкаму Горадні будзе разглядаць справу ў дачыненьні да Надзеі Крапівінай і Веранікі Лемяноўскай, затрыманых уначы побач з прыпынкам, на якім віселі ўлёткі «Свабоду Кіркевічу!», «Свабоду Дашкевічу!».

Абедзьве дзяўчыны — студэнткі Люблінскага ўнівэрсытэту. Падчас затрыманьня ў іх былі налепкі і ўлёткі «Свабоду Кіркевічу!», Свабоду Дашкевічу!«, налепкі «Маладога фронту» і клей.

У міліцэйскім пастарунку на дзяўчат склалі пратаколы, а таксама правялі ператрусы ў кватэрах. Прычым у Надзеі Крапівінай ператрус правялі, ня маючы на руках санкцыі. Забралі ноўтбук.

Не чакаючы выкліку на адміністрацыйную камісію, абедзьве дзяўчыны зьехалі ў Польшчу на заняткі.
Не ўдалося запалохаць мяне — спрабуюць гэта зрабіць зь дзіцем.


Бацька Веранікі Лемяноўскай — спадар Мікола, атрымаўшы ў пятніцу паведамленьне зь міліцыі, кажа, што ягоная дачка ня здолее прыехаць на паседжаньне камісіі з-за вучобы.

Лемяноўскі: «Улада цудоўна разумее, што яна робіць. Ім не ўдалося запалохаць мяне, то цяпер яны спрабуюць гэта зрабіць з нашымі дзецьмі. Ведаюць, што маладых прасьцей раскруціць і знайсьці ў іх тую «ахілесаву пяту».

Шукаюць аўтараў надпісу «Луку на муку»


У Горадні гэта не адзінкавая такая справа. Адміністрацыйная камісія мае разгледзець справу яшчэ дзьвюх гарадзенскіх студэнтак, якіх вінавацяць у тым, што яны напісалі на пастамэнце помніка Леніну: «Луку на муку».

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў кажа, што ў ніводным з выпадкаў віны дзяўчат не даказана, а дзеяньні ўлады скіраваныя на запалохваньне актыўнай моладзі:

«Па сутнасьці, права людзей хадзіць і разносіць па скрынках улёткі з інфармацыяй. Ніхто ж не арыштоўвае тых, хто разносіць рэкляму „Тэфаля“. Мала таго, што ім не дазваляюць гэтага рабіць, дык урываюцца ў кватэры, робяць ператрус, забіраюць кампутары. Ну якое дачыненьне маюць кампутары да графіці? Такім чынам, мы бачым тэхналёгію ўладаў па запалохваньні грамадзтва і найбольш актыўных людзей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG