Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з новым складам ураду. Кіраўнік дзяржавы выказаўся па шэрагу пытаньняў.

Пра расейскія энэрганосьбіты

Базавыя пытаньні паставак расейскіх энэргарэсурсаў у Беларусі на палітычным узроўні вырашаныя.

Міністру энэргетыкі Аляксандру Азярцу ў мяне ёсьць пажаданьне – не хавайцеся за сьпінaй Сямашкі (Уладзімер Сямашка – першы віцэ-прэм'ер). Едзьце ў Мінэнэрга Расеі, "Газпром" і дамаўляйцеся: на палітычным узроўні ўсе пытаньні вырашаныя, асноўныя палажэньні падпісаныя.

Кантроль за працай ураду

Я не зьбіраюся, як гэта было ў мінулай пяцігодцы, празьмерна апекаваць урад, яго эканамічны блёк, дый сілавы. Усе ведаюць задачы, якія стаяць....
Калі вам патрэбна мая дапамога – калі ласка, зьвяртайцеся. Не патрэбна – дзейнічайце...

Вы – людзі ідэалягічна аднаго накірунку, якія ведаюць, што трэба рабіць, і разумеюць, што адбываецца ў сьвеце...

Вынікі работы эканомікі ў студзені бягучага году хоць у цэлым і нядрэнныя, але яшчэ не адпавядаюць тым парамэтрам, якія мы заплянавалі на 2011 год.

Аб прыватызацыі

Не зацыклівайцеся на прыватызацыі і не разумейце прамыя замежныя інвэстыцыі выключна як продаж дзяржаўнай уласнасьці.

Задачы для МЗС

Ваша задача – пастаянны пошук сур'ёзных уплывовых вараціл бізнэсу сусьветнага ўзроўню з шырокімі кантактамі і вагой ва ўрадавых колах
Вы літаральна за руку павінны весьці іх сюды. Бо нам ёсьць што прапанаваць.

Аб будаўніцтве АЭС

Асабліва зьвяртаю ўвагу міністра энэргетыкі і ўраду ў цэлым на тое, што ў бягучым пяцігодзьдзі неабходна ў поўным маштабе разгарнуць будаўніцтва беларускай АЭС. Вы зацягнулі гэты праект. З кім будзеце будаваць – кітайцамі, карэйцамі, расіянамі – мяне мала сёньня цікавіць. Працу ўжо трэба пачынаць.

Пра разьмеркаваньне валютных сродкаў

Хачу зьвярнуць прынцыповую ўвагу прэм'ер-міністра і старшыні праўленьня Нацыянальнага банку: мы недапушчальна расхлябана ставімся да выкарыстаньня валютнай выручкі. Склалася сытуацыя, што некалькі сотняў або дзясяткаў, можа быць, ключавых прадпрыемстваў прыносяць валюту ў краіну, а прэм'ер-міністар і старшыня праўленьня Нацыянальнага банку, грунтуючыся на незразумелых тэорыях свабоднага рынку, раздаюць абы каму гэтую валюту: ідзі на біржу, бяры колькі хочаш, абменьвай.

Няма валюты – прасі ў тых, у каго гэтая валюта ёсьць. І хопіць адбіраць валюту ў кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, якія яе зарабляюць, і раздаваць тым, хто яе ў краіну не прыносіць

Гэта прынцыповае пытаньне нашай эканомікі, і мы павінны падкарэктаваць нашу палітыку, а не грунтавацца на нейкі голай рынкавай тэорыі

Я не кажу, што ўсіх трэба заціснуць. Насельніцтва – гэта сьвятое. І ў нас насельніцтва праблем з валютай не стварае. Насельніцтва купіла некалькі мільёнаў долараў і ўсё роўна паклала іх у банкі. А прадпрыемствы вядуць сябе расхлябана. У тым ліку і энэргетычны сэктар, і іншыя. Таму тут павінен быць наведзены парадак

Пра бюджэт

Ключавая задача любога ўраду – гэта бюджэт. І тое, што дэфіцыт бюджэту ў нас склаў 2,5%, – сур'ёзны сыгнал, каб вы заняліся аптымізацыяй расходнай і папаўненьнем даходнай яго частак. Але папярэджваю: прыбыткі бюджэту павінны ўзрастаць не за кошт новых падаткаў або павышэньня іх ставак, а шляхам пашырэньня падатковай базы, росту колькасьці суб'ектаў гаспадараньня, павышэньня эфэктыўнасьці іх працы і росту эфэктыўнасьці эканомікі краіны ў цэлым.

І міністар фінансаў, і прэм'ер-міністар у нас галавой адказваюць за абслугоўваньне зьнешняга доўгу. Але да гэтага часу не выканана маё даручэньне аб распрацоўцы канцэпцыі кіраваньня валавым зьнешнім доўгам.

Андрэю Міхайлавічу (А.М. Харкавец – міністар фінансаў) у мяне ёсьць прамое даручэньне. Вы павінны стаць для ўсіх "спадаром НЕ", калі гаворка ідзе аб павелічэньні бюджэтных выдаткаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG