Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі пацьвердзіў намер падвысіць ад 1 ліпеня 2011 году да расейскага ўзроўню стаўку мыта на аўтамабілі, увезеныя з-за межаў Мытнага саюзу. Паводле экспэртаў, мыта можа ўзрасьці ў 4-6 разоў. На практыцы гэта азначае, што так званая «растаможка» будзе параўнальная з коштам сярэдняга легкавіка. Так, пасьля 1 ліпеня агульная сума мыта на аўто да 3 гадоў з аб’ёмам рухавіка 1400 сантымэтраў кубічных падскочыць з 840 эўра да 3500. Як на гэта адрэагаваў рынак?

Сталічныя аўтарынкі перапоўненыя машынамі розных марак і ўзростаў. Асаблівага ажыўленьня чарговая заява чыноўнікаў ня выклікала, бо рашэньне пра падвышэньне «растаможкі» для фізычных асобаў было агучанае яшчэ пры канцы мінулага году. Аднак многія гаспадары аўто прызнаюцца, што «на ўсялякі» выпадак 200–300 даляраў да старой цаны накінулі.

Спадзяюцца, як кажуць, перадусім на «вясновае абвастрэньне», калі народ традыцыйна абнаўляе прыватны аўтапарк, а таксама на актыўнасьць расейцаў. З-за яшчэ істотнай розьніцы ў мытных сплатах тыя сьпяшаюцца набыць таньнейшыя машыны ў Беларусі. Гаворыць адзін зь перагоншчыкаў:

«Так, расейцы аўтамабілі бяруць. Не хапун, але ёсьць пакупнікі. Едуць нават адмыслова па аб’явах. Бывае і так, што, каб не круціцца ў незнаёмым месцы, уначы на ўскраіну горада заедуць, машыну збольшага паглядзелі — каб не зусім развалюха — і па руках. Чык-чык, грошы аддалі, машыну забралі — і паехалі. І ўсе задаволеныя. Ну, і плюс да ўсяго веснавы сэзон пачынаецца, тут нават без чаканьня высокай растаможкі народ павінен заварушыцца».

Пра цікавасьць да беларускага рынку, пераважна з боку жыхароў каўкаскага рэгіёну Расеі, гаворыць і аўтагандляр Максім. Па яго словах, беларусы звыш меры затаварыліся яшчэ летась, калі ўзьнікла шалёная паніка ў сувязі з абвешчаным намерам узьняць растаможку да расейскага ўзроўню:

«Я вось толькі што быў у ДАІ, дык на пераафармленьні дакумэнтаў — сапраўдны натоўп. У чарзе суцэльныя з Каўказу. Па вясьне, мяркую, гэтая актыўнасьць будзе яшчэ большая. Таму ў гэтым сэнсе прадаць штосьці ўдасца. Іншая справа, што далей будзе, пасьля ліпеня? Хто за такія грошы будзе што набываць?»

Адзін з расейцаў кажа, што чым даражэйшы аўтамабіль, тым больш можна заашчадзіць. На сталічным аўтарынку «Малінаўка» ён за 12 тысяч даляраў набыў «Лексус» клясу «сэдан», які за Ўралам каштуе каля 20 тысяч:

«У параўнальных коштах у Расеі аўтамабілі, вядома, даражэйшыя, чым у Беларусі. Напэўна, працэнтаў на 30–40. Апроч растаможкі, у Расеі машына ад 250 конскіх сілаў абкладаецца значным падаткам. Утрымліваць такі аўтамабіль складана. Таму карыстаюцца попытам машыны якраз на такім „памежжы“, то бок каб было блізка да 250 конскіх сілаў, але не вышэй. Як прыклад, „Субару Легасі“ сьвежых гадоў — 2005—06-га. У гэтай мадэлі акурат 244 конскія сілы».

Экспэрты падлічылі, што новыя тарыфы ў чатыры і больш разоў перавышаюць ранейшыя. Прыкладам, калі ўзяць ужываны аўтамабіль узростам 3–5 гадоў з аб’ёмам рухавіка 2000 кубічных сантымэтраў, то стаўка павялічыцца з 0,4 эўра да 2,7 эўра. Адпаведна, сума пошліны вырасьце з 800 эўра да 5400 эўра. А гэта цана, па якой рэальна набыць ня самую кепскую машыну.

Аднак аўтамабільны аналітык Іван Шпак не выключае, што да ліпеня беларускія ўлады яшчэ могуць учыніць своеасаблівы дэмарш. Ён нагадвае, што згода на падвышэньне аўтамабільнага мыта дадзеная ўзамен на абяцаньне паставак бязмытнай нафты з Расеі. Аднак ні летась, ні сёлета танная сыравіна ў Беларусь так і не паплыла:

«Вы ж ведаеце нашу краіну, тут могуць у адзін дзень задняй датай зьмяніць любое пытаньне. Усё стане на месцы толькі пасьля 1 ліпеня, бо толкам нічога ня вырашана. У параўнаньні з тым „жорам“ на аўто, які быў пры канцы 2009 году, руху зараз няма. Людзі, прабачце, „нажэрліся“. Але тады толькі юрыдычных асобаў апусьцілі ніжэй за плінтус, фізычным усё пакінулі. Дзе гарантыя, што нешта не паўторыцца і зараз? Сытуацыя ж можа разьвівацца па-рознаму! Бо і летась была мітусьня па камэрцыйнай тэхніцы, калі забароны пачалі ўводзіць на ўвоз для фізычных асобаў. Увогуле шмат было няпэўнасьці. Прыкладам, усе чакалі сустрэчы прэм’ераў трох краінаў у Санкт-Пецярбургу, трымалі руку на пульсе, ніхто нічога не купляў. Там нічога ня вырашылі, зноў народ падвесілі. І нічога дзіўнага няма, што людзі дагэтуль гадаюць — падвысяць усё ж пошліны ці не падвысяць?»

Хоць пагадненьне аб Мытным саюзе набыло моц 1 студзеня 2010 году, быў падпісаны пратакол аб часовых вынятках. У прыватнасьці, Беларусь да 1 ліпеня 2011 году заставалася пры сваіх інтарэсах адносна мыта на аўтамабілі. Расея да моманту ратыфікацыі дамоваў аб Адзінай эканамічнай прасторы пакінула за сабой права аднаасобна трактаваць пагадненьні ў нафтавай сфэры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG