Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск зьбіраюцца Ута Цапф і Дуня Міятавіч


Ута Цапф

Ута Цапф

Візыт працоўнай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менск можа адбыцца 27—29 сакавіка. Прадстаўніка АБСЭ ў пытаньнях свабоды слова ў Беларусь пакуль не пускаюць.

Як паведамілі БелаПАН у прэсавай службе ПА АБСЭ, ліст пра магчымасьць арганізацыі такога візыту кіраўніца рабочай групы Ута Цапф накіравала ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Асноўная мэта візыту — вывучэньне сытуацыі ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Акрамя таго, наведаць Менск мае намер прадстаўнік АБСЭ па свабодзе слова Дуня Міятавіч. 24 лютага падчас сэсіі ПА АБСЭ ў Вене Міятавіч паведаміла, што, паводле яе зьвестак, МЗС Беларусі спрабуе дапамагчы ў арганізацыі гэтага візыту, які можа адбыцца ў найбліжэйшай будучыні.

Міятавіч двойчы ў студзені гэтага году накіроўвала лісты міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву з просьбай арганізаваць яе візыт, але безвынікова.

Учора ў рамках сэсіі ПА АБСЭ адбылося пасяджэньне агульнага камітэту па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях, на якім абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі.

Кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЭ на выбарах у Беларусі Тоні Лойд, прадставіўшы даклад місіі назіральнікаў АБСЭ па выніках прэзыдэнцкіх выбараў, заявіў, што краіне трэба будзе прайсьці яшчэ доўгі шлях да дэмакратыі.

Удзельнікі дыскусіі таксама абмеркавалі сытуацыю з офісам АБСЭ ў Беларусі, заявіўшы, што рашэньне афіцыйнага Менску аб закрыцьці офіса "выклікае жаль".
XS
SM
MD
LG