Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэйм Польшчы: асуджаем фальшаваньне выбараў, патрабуем вызваліць вязьняў


Польскі Сэйм у прысутнасьці прадстаўнікоў беларускай апазыцыі аднагалосна ўхваліў сёньня рэзалюцыю ў справе сытуацыі ў Беларусі, у якой дэпутаты заклікаюць беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, а ўсе эўрапейскія краіны – падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі.

З самога ранку, яшчэ да галасаваньня, прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, сярод якіх былі Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч ды іншыя, прыняў у сваім кабінэце сьпікер Сэйму Гжэгаж Схэтына. У спатканьні, якое было закрытым для прэсы, узялі ўдзел таксама старшыня камісіі ў замежных справах Сэйму Анджэй Халіцкі, кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Яцэк Пратасевіч ды старшыня парлямэнцкай групы ў справах Беларусі Робэрт Тышкевіч.

Дэпутаты аднагалосна падтрымалі “Рэзалюцыю Сэйму РП у справе падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Рэспубліцы Беларусь”.

Адак перад гэтым да парлямэнтароў ды гасьцей зь Беларусі, якія прысутнічалі ў залі Сэйму, зьвярнуўся спадар Схэтына:

“Мы хочам афіцыйна асудзіць гвалт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і палітычныя рэпрэсіі, а адначасова – выказаць падтрымку ўсім грамадзянскім ініцыятывам у Беларусі. Шаноўныя дэпутаты, аддаць голас за гэтую рэзалюцыю, азначае нагадаць, што гэта салідарнасць прывяла Польшчу у Эўропу. Салідарнасьць сталася гарантыяй нашай незалежнасьці.”

У сваю чаргу першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, якому было дадзенае ганаровае права прамаўляць з трыбуны Сэйму (рэдка здараецца, каб такі гонар атрымаў замежны грамадзянін), дзякаваў польскаму народу за падтрымку:

“Для нас цяпер самае важнае, каб людзі, які сядзяць цяпер у турмах у Беларусі, адчувалі падтрымку Эўропы і былі вызваленыя. Гэта найвялікшая мая просьба да Сэйму Польшчы”.


Дэпутаты польскага Сэйму віталі беларускіх гасьцей, а таксама слухалі тэкст рэзалюцыі стоячы.

Пасьля прыняцьця рэзалюцыі, якое віталася аплядысмэнтамі, госьці зь Беларусі ўзялі ўдзел у прэсавым сьняданку зь Яцкам Пратасевічам ды польскімі і беларускімі журналістамі, а потым – у паседжаньні камісіі Сэйму ў справах замежнай палітыкі.

У часе сьняданку спадар Пратасевіч заявіў, што неўзабаве польскім урадам будзе створаны адмысловы Фонд падтрымкі дэмакратыі, ад якога беларускія арганізацыі змогуць атрымліваць падтрымку без залішніх бюракратычных перашкодаў. А ў Брусэлі, паводле эўрадэпутата, ужо ў сакавіку адбудзецца працоўнае спатканьне ў працяг варшаўскай канфэрэнцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, у часе якога будуць выпрацаваныя канкрэтныя мэханізмы эўрапейскай дапамогі беларускім дэмакратычным сілам.


У другой палове дня прадугледжаная сустрэча зь міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім.

***

Ва ўхваленым польскім Сэймам дакумэнце “рашуча асуджаецца выкарыстоўваньне рэжымам Лукашэнкі гвалту і рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва ды фальсыфікацыя вынікаў сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў”.

Дэпутаты зьвяртаюць увагу на тое, што “да затрыманых пасьля выбараў ставіліся з парушэньнем канвэнцыі аб правах чалавека, судзілі не даючы права на справядлівы працэс ды магчымасьці абараняцца”, а “частку затрыманых дагэтуль трымаюць у нялюдзкіх умовах”.

“У гэтай драматычнай сытуацыі Сэйм Польскай рэспублікі прагне запэўніць усіх, хто змагаецца за дэмакратычную Беларусь, у нашай нязломнай салідарнасьці і падтрымцы. Вы ніколі не застанецеся самотнымі ў сваёй барацьбе. Мы рашуча патрабуем ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня ўсіх арыштаваных ды спыненьня палітычных рэпрэсіяў”, – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Паводле Сэйму, у сытуацыі, калі беларускія ўлады “вяртаюцца да палітыкі рэпрэсіяў”, у дачыненьнях паміж Варшавай і Менскам “павінен выкарыстоўвацца прынцып ізаляцыі асобаў, адказных за рэпрэсіі і адначасовага адкрыцьця ў дачыненьні да беларускае грамадзтва”.

“Сэйм рашуча падтрымлівае дыпляматычныя санкцыі і адначасова выступае за тое, каб грамадзяне Беларусі мелі доступ да рэсурсаў і магчымасьцяў, якія дае Эўрапейскі зьвяз, такіх, як свабода падарожжаў, адкрыцьцё рынку працы, а таксама ўдзел у адукацыйных, навуковых, ды культурніцкіх праграмах”, - адзначаецца ў дакумэнце.

Дэпутаты заклікалі таксама парлямэнты ўсіх краінаў Эўропы, парлямэнцкую асамблею АБСЭ і Эўрапейскі парлямэнт “зрабіць рашучыя захады ў справе трывалай падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG