Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 лютага на сэсію польскага парлямэнта вынесены праект рэзалюцыі, якая асуджае рэжым Аляксандра Лукашэнкі за гвалт і рэпрэсіі ў дачыненьні да беларускіх грамадзян пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Як паведамляе польскі інтэрнэт-партал onet.pl, згодна з праектам рэзалюцыі Сэйм патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня ўсіх арыштаваных і спыненьня палітычных рэпрэсій:

"Сэйм рашуча выступае за ўвядзеньне дыпляматычных санкцый і адначасова за прадстаўленьне грамадзянам Беларусі доступу да рэсурсаў і магчымасьцяў, якія дае Эўразьвяз, як у пляне свабоды перамяшчэньня і адкрыцьця рынку працы, так і ў пляне ўдзелу ў праграмах у галіне адукацыі, навукі і культуры" , -- гаворыцца ў дакумэнце.

Аўтары дакумэнта заклікаюць парлямэнты ўсіх краін Эўропы, Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы і Эўрапарлямэнт "да прыняцьця рашучых захадаў для устойлівай падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі".

Польскія парлямэнтарыі імкнуцца "запэўніць усіх змагароў за дэмакратыю ў Беларусі ў няспыннай салідарнасьці і падтрымцы: вы ніколі не застаняцеся самотнымі ў сваёй барацьбе".

Чакаецца, што рэзалюцыя будзе прынятая на падставе ўсеагульнага ўхваленьня, бо на пасяджэньні 24 лютага праект дакумэнта падтрымалі ўсе парлямэнцкія аб'яднаньні.

Перад пасяджэньнем Сэйма яго сьпікер Гжэгаж Схетынай сустрэнецца з групай прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, у склад якой уваходзяць лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч і лідэр партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" Станіслаў Шушкевіч.

Таксама заплянаваная сустрэча беларускіх апазыцыянэраў зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, у ходзе якой бакі абмяркуюць магчымасьці польскай падтрымкі інстытутам грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.


XS
SM
MD
LG