Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сойм Польшчы прыме рэзалюцыю аб Беларусі


Сёньня ў Варшаве cойм Польшчы абмяркуе рэзалюцыю з асуджэньнем рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за гвалт і рэпрэсіі супраць беларускіх грамадзян пасьля сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў.

Як паведамляе Бела ПАН са спасылкай на onet.pl, у праекце рэзалюцыі -- патрабаваньне ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня ўсіх арыштаваных і спыненьня палітычных рэпрэсій.

"Сойм рашуча выступае за ўвядзенне дыпляматычных санкцый і адначасова — за доступ грамадзянам Беларусі да рэсурсаў і магчымасьцяў, якія дае ЭЗ, як у сфэры свабоды руху і адкрыцьця рынку працы, так і ў сфэры ўдзелу ў праграмах па адукацыі, навуцы і культуры", — гаворыцца ў дакумэнце.

Аўтары праекту рэзалюцыі заклікаюць парлямэнты ўсіх краін Эўропы, Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы і Эўрапарлямэнт "да рашучых захадаў дзеля ўстойлівай падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі".

Польскія парлямэнтары імкнуцца "запэўніць усіх барацьбітоў за дэмакратыю ў Беларусі ў салідарнасьці і падтрымцы ".

Чакаецца, што рэзалюцыя будзе прынятая на падставе ўсеагульнага ўхваленьня, бо на пасяджэньні 24 лютага праект дакумента падтрымалі ўсе парлямэнцкія аб'яднаньні.

Перад пасяджэньнем cойма сьпікер Гжэгаж Схетына сустрэнецца з групай прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, у склад якой уваходзяць лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч і лідар партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" Станіслаў Шушкевіч.

Таксама заплянаваная сустрэча беларускіх апазыцыянэраў з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, падчас якой бакі абмяркуюць магчымасьці польскай падтрымкі структурам грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Сталая камісія Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД ужо расцаніла праект рэзалюцыі "як непавагу да беларускага народа, які свабодна і абсалютна дэмакратычна зрабіў свой сьвядомы выбар на карысьць дзейнага кіраўніка дзяржавы".

"Мы расцэньваем зьмест праекту рэзалюцыі Сойма Рэспублікі Польшча як ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы, якое сведчыць пра сьвядомае правядзеньне лініі на абвастрэньне беларуска-польскіх адносін", — паведамляе сайт Палаты прадстаўнікоў.
XS
SM
MD
LG