Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над «Аўтарадыё»: лінгвісты па-рознаму зразумелі фразу пра «кухню» і «плошчу»


Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе працягваліся слуханьні па пазовах «Аўтарадыё» да Міністэрства інфармацыі аб прызнаньні несапраўдным папярэджаньня і спыненьні вяшчаньня. Амаль на тры гадзіны асноўным прадметам абмеркаваньня стала фраза, якая ўтрымліваецца ў перадвыбарчай праграме Андрэя Саньнікава «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

Менавіта фразу «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы» Мінінфарм палічыў экстрэмісцкай і заклікам да масавых беспарадкаў. Сёньня гэтую фразу абмяркоўвалі адвакат «Аўтарадыё», пракурор, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, прафэсійны лінгвіст і судзьдзя.

Адвакатка «Аўтарадыё» адстойвала сваю пазыцыю, што выказваньні могуць быць прызнаныя экстрэмісцкім толькі па рашэньні суду. У фразе няма і намёку пра канкрэтную плошчу, дзень і гадзіну збору. А што да ўжываньня слова «кухня», дык літаральна 19 лютага Аляксандар Лукашэнка вымавіў публічна: «Я хачу, каб ў нашай краіне людзі ня толькі на кухнях шапталіся і нешта абмяркоўвалі».

Прадстаўніца Мінінфарму настойвала на тым, што ў пэўных умовах, напярэдадні выбараў слова «плошча» стала «хадзячай назвай», і пры ўзгадцы пра плошчу ў беларусаў паўставала, так бы мовіць, асацыяцыя менавіта з Кастрыцніцкай плошчай, вечарам 19 сьнежня.

Прадстаўніца абвінвачваньня Марына Папова выказала падобнае меркаваньне:
Безумоўна, кожны разумеў, што слова „плошча“ азначае толькі адно: прыйсьці 19 сьнежня на плошчу для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Відавочна, што дадзеная фраза гучала падчас найбольш актыўных палітычных падзеяў у краіне, у пэрыяд выбарчай кампаніі, і, тым больш, ужо на яе канчатковым этапе. І, безумоўна, кожны разумеў, што слова „плошча“ азначае толькі адно: прыйсьці 19 сьнежня на плошчу для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

На пытаньне судзьдзі, ці зьяўляецца гэта афіцыйным заключэньнем пракуратуры, Марына Папова адказала:

«Прадастаўленая суду інфармацыя не зьяўляецца заключэньнем кампэтэнтнага дзяржаўнага органа. Разам з тым, мы мяркуем неабходным давесьці да суду пазыцыю».

То бок, гэта меркаваньне пракуратуры, а не заключэньне, падкрэсьліў судзьдзя.

Мінінфарм прынёс у суд надрукаванае меркаваньне дырэктара Інстытута мовазнаўства, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Аляксандра Лукашанца, які лічыць, што «прымаючы да ўвагі „камунікатыўны кантэкст“, у асобных выпадках згаданая фраза магла быць успрынятая як заклік».

Тут цалкам выпусташаны, абсалютна невыразны, безаблічны тэкст.
«Аўтарадыё», са свайго боку, таксама замовіла заключэньне ў кандыдата філялягічных навук, судовага экспэрта Аксаны Шчарбаковай, якая прыйшла ў суд і настойвала, што закліку ў фразе няма, гэта ў лепшым выпадку лёзунг кшталту «Купляйце беларускае». Але да гэтага столькі разоў паўтаралася пра сакральны сэнс слова «плошча», што нават судзьдзя Валер Шобік наўпрост запытаўся ў лінгвіста Шчарбаковай:

— Дык сэнс сакральны ёсьць у фразе ці не?

— Тут сакральнага сэнсу ў дадзеным роліку няма. Тут цалкам выпусташаны, абсалютна невыразны, безаблічны тэкст. І ўспрымацца ён, менавіта гукавы тэкст, як заклік кудысьці пайсьці, ня можа. Таму што скарагаворка, вельмі хуткая гаворка, безаблічная гаворка. Тую інфармацыю, якую я аналізавала, якая прагучала ў той форме на «Аўтарадыё», я б не ўспрыняла ніяк.

Судзьдзя Валер Шобік палічыў, што разыходжаньні ў ацэнках лінгвістаў перашкаджаюць далейшаму разгляду справы, і каб разабрацца ў моўных калізіях, вырашыў запрасіць на наступнае паседжаньне 9 сакавіка дырэктара Інстытуту мовазнаўства Аляксандра Лукашанца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG