Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі трэба будзе прайсьці яшчэ доўгі шлях да дэмакратыі і забесьпячэньня сваім грамадзянам доступу да ўдзелу ў дэмакратычных працэсах, заявіў кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЭ на выбарах у Беларусі Тоні Лойд, выступаючы сёньня ў Вене на пасяджэньні Агульнага камітэта па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Лойд прадставіў даклад місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ па выніках прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ПА АБСЭ.

У выніковым дакладзе адзначалася, што ўсе дзяржаўныя органы, адказныя за правядзеньне прэзыдэнцкай кампаніі, былі палітызаваныя; у СМІ была створаная прадузятая атмасфэра; адсутнічала празрыстасьць на ключавых этапах выбарчага працэсу. Лойд таксама зьвярнуў увагу на "палітызацыю судовых працэсаў", якія пачаліся ў Беларусі над удзельнікамі падзеяў 19 сьнежня.

Выступаючы ў дыскусіі, кіраўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі, намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі заявіў, што выбарчую кампанію і ўсё тое, што адбылося пасьля выбараў прэзыдэнта, неабходна ацэньваць паасобна. Акцыю апазыцыі 19 сьнежня ён назваў незаконнай, а дзеяньні яе ўдзельнікаў – арганізаванымі беспарадкамі, на якія міліцыя, па словах Гумінскага, адрэагавала "вельмі стрымана".

На пасяджэньні камітэту таксама выступіў апазыцыйны палітык Аляксандр Казулін. Ён падкрэсьліў, што дэманстрацыя ў Менску "была мірным выказваньнем грамадзкай думкі, якую жорстка здушылі. Казулін рэкамэндаваў АБСЭ стварыць зь ліку міністраў унутраных справаў краінаў-удзельніц АБСЭ незалежную камісію для расьсьледаваньня падзеяў 19 сьнежня ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG