Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубноў: “Лукашэнка неадэкватны ў ацэнках, зьвязаных зь Беларусьсю”


Іван Гапонаў (зьлева) і Арцём Брэўс на судовым паседжаньні

Іван Гапонаў (зьлева) і Арцём Брэўс на судовым паседжаньні

Ці можа працэс над расейскімі грамадзянамі абвастрыць дачыненьні паміж Масквой і Менскам? Пра гэта ў перадачы “Грані часу” расейскай службы нашага радыё дыскутуюць ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч, намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краін СНД Уладзімер Жарыхін і расейскі журналіст, аглядальнік газэты “Московские новости” Аркадзь Дубноў.

Ніжэй – фрагмэнты перадачы, якую вёў Уладзімер Кара-Мурза.

Кара-Мурза: Што зрабіла на вас найбольшае ўражаньне ў рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі на крытыку, дакоры на яго адрас за рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў?

Дубноў: Як заўсёды, бацькава гістэрычнасьць. На мой погляд, яна, як заўсёды, выглядае неадэкватна і пагрозьліва ня столькі для адносінаў з Расеяй, колькі для іх яго самога і ягоных адносінаў з уласным народам. Такое ўражаньне, што ён ізноў не адчувае пад сабою краіны. Такое тлумачэньне народу, што зь Беларусі ён не дазволіць зрабіць другой Чачні (гэта заява на адрас Расеі) ці не дазволіць ператварыць Беларусь у Косава новае (гэта ўжо выпад на адрас Эўропы), – пакідае адчуваньне таго, што ён проста неадэкватны ў ацэнках, зьвязаных зь Беларусьсю і вакол Беларусі. Вось гэта самае небясьпечнае.

Кара-Мурза: Як па-вашаму, ці можна патлумачыць гэты агрэсіўны тон прэзыдэнта Лукашэнкі яго няўдачаю пры спробе сустрэцца з кім-небудзь з расейскага тандэму на адпачынку ў Сочы?

Дубноў: Безумоўна. Насамрэч тут такое “дэжавю” ў выпадку з Лукашэнкам. Ужо ня першы раз ён адпраўляецца ў Расею, у мясцовасьць курортную, дзе знаходзяцца нашыя кіраўнікі або маюць апынуцца там і спадзяецца на паўвыпадковую сустрэчу. Як ведаеце, калі трэба сустракацца з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў, як прэзыдэнт ня хоча сустракацца, ён выпадкова заходзіць у бібліятэку Белага дому і там яны абменьваюцца поціскамі рук, а потым яго візаві расказвае, што ён правёў гутарку з прэзыдэнтам. Дык вось тут нават у бібліятэцы расейскія лідэры ня хочуць сустракацца з Лукашэнкам. Вядома, ён гэтым зьбянтэжаны, раздражнёны, і думаю, што менавіта гэтым тлумачыцца яго вяртаньне ў той самы дзень, калі Пуцін і Мядзьведзеў былі ў Сочы, у Краснай паляне. Калі ён пераканаўся, што яго не чакае сустрэча зь імі, ён таго самага вечара паляцеў у Беларусь, а датуль ён 12 дзён чакаў, спачатку тыдзень, потым яшчэ пяць дзён. Вядома, ён атрымаў пстрычку па носе, зь ім ніхто ня хоча сустракацца, і ён адказаў той самай манэтай.

Зьвярнеце ўвагу, мы чулі кавалак зь яго выступу з журналістамі на наступны дзень, ён дакараў расейскіх кіраўнікоў, Маскву ў няшчырасьці рэакцыі з нагоды арышту двух расяянаў. “Чаго ж вы, дагаджаючы ня то Захаду, ня то ўнутраным сілам, пачынаеце падыгрываць і нам тут праблемы ствараць?” То бо ён казаў тое, што ўвогуле нейкая двухсэнсоўнасьць пазыцыі Масквы ў дачыненьні да сваіх суграмадзянаў відавочная. Або баранеце ўсіх тых, хто трапляе пад сілавыя акцыі, зьбіцьцё і гэтак далей, у тым ліку й расяянаў, або не выгароджвайце толькі двух расяянаў. То бо вось гэтая няшчырасьць, якая характэрная для Масквы, сапраўды Маскве не выпадае заступацца ў выпадку парушэньня правоў чалавека, Лукашэнка зьвяртае на гэта ўвагу. Ён, што называецца, віламі ў бок тыкае Маскву. Так што, трэба сказаць, што ён тонка досыць адыгрывае гэтыя шары, якіх не атрымаў падчас паездкі ў Сочы.

Кара-Мурза: Якое ўражаньне на беларускую аўдыторыю зрабіла агрэсіўнае танальнасьцю інтэрвію ў Раўбічах у мінулую суботу?

Багданкевіч: Прынамсі на інтэлігенцыю, на дэмакратычную апазыцыю вельмі адмоўнае ўражаньне. Гэта чалавек не ў сабе, чалавек, якога лягічна цяжка зразумець. Нельга так ставіцца да вялікай Расеі, якая яго фінансуе і дае яму велізарныя льготныя датацыі і працягвае іх даваць. Расея – адзіная, у адрозьненьне ад цывілізаванага сьвету, якая прызнала яго, што ён нібыта перамог на выбарах апошніх прэзыдэнцкіх. Таму, для чаго ён абвастрае гэтыя адносіны з расейскім кіраўніцтвам, цяжка нам зразумець.

Кара-Мурза: Чым вы тлумачыце нежаданьне расейскага тандэму сустракацца зь беларускім саюзьнікам?

Жарыхін: Гэта мне якраз вельмі зразумела. Беларускі саюзьнік прыехаў катацца на лыжах, трымаючы ў рукаве гэтых двух няшчасных маладых людзей Брэўса і Гапонова. І вырашыў імі патаргавацца з расейскім кіраўніцтвам. А ў выніку расейскія кіраўнікі зрабілі так, што шар апынуўся на яго баку, гэта значыць ён ад'ехаў, не перамовіўшыся. І цяпер па сутнасьці ўзаемаадносіны далейшыя з Лукашэнкам будуць вызначацца ў залежнасьці ад таго, які будзе прысуд вынесены гэтым маладым людзям. Мабыць, невыпадкова пракурор узяў паўзу. Бо ён зразумеў, што цяпер ужо выходзіць, што як бы ня ён шантажуе, а выходзіць дакладна наадварот. Тут я ня стаў бы казаць, што Лукашэнка неадэкватны і гэтак далей – ён гуляе сваю гульню. Але ён часам не разумее, што ў Расеі часам бываюць гульцы, мацнейшыя за яго.

Чытаць перадачу цалкам

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG