Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Усё сумнейшая мая гісторыя», — піша вязень Класкоўскі


Мікалай Статкевіч ня ўдзельнічае ў сьледчых дзеяньнях, перакананая ягоная жонка. Натальлю Радзіну папярэдзілі пра падаўжэньне сьледзтва, якое, на яе думку, зайшло ў тупік. 25 лютага адбудзецца допыт Аляксандра Фядуты.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч, верагодна, хворы на прастуду. Такую выснову зрабіла жонка палітыка Марына Адамовіч, якая 23 лютага атрымала ад яго два лісты. «Ён просіць перадаць яшчэ травяныя зборы, з чаго вынікае, што лечыцца ад кашлю», — паведаміла Марына Адамовіч «Свабодзе». Ці вядуцца з удзелам Статкевіча нейкія сьледчыя дзеяньні? Марына Адамовіч гэта выключае:

Мікалай Статкевіч
Натальля Радзіна
Наста Палажанка
Андрэй Саньнікаў
Аляксандар Фядута
Аляксандар Класкоўскі
«Я ўжо ўсім казала: Мікола зь першага дня адмовіўся ад якіх бы там ні было сьледчых дзеяньняў».

У апошніх лістах нічога пра сьледзтва не было, паведаміла Марына Адамовіч.

Журналістцы Натальлі Радзінай, якую месяц таму выпусьцілі з «амэрыканкі» пад падпіску пра нявыезд, працягнулі тэрмін расьсьледаваньня, як і іншым вязьням, яшчэ на 3 месяцы. Натальля мусіць жыць у Кобрыне, па месцы прапіскі. Кажа, што кожны дзень, як і да арышту, займаецца сваёй працай — рэдагуе сайт «Хартыі’97». Аднак яе папярэдзілі ў міліцыі, што яна ня мае права пісаць артыкулы з выказваньнем сваіх меркаваньняў, заяваў і заклікаў. У Кобрыне Натальлю ніводнага разу не выклікалі на допыты. Журналістка не выключае, што сьледзтва зайшло ў тупік:

«Мяркую, што проста трэба трымаць усіх на кручку, трымаць у страху. Зразумела ж, што могуць быць за сьледчыя дзеяньні — ну пра што я магу ім расказаць? Няма пра што. 40 дзён трымалі ў СІЗА невядома дзеля чаго, і зараз тое самае».

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна кажа: ужо другі тыдзень ад сына няма лістоў, і ад адваката няма ніякіх навінаў.

Наста Палажанка ўжо тыдзень не ў турме, а пад падпіскай пра нявыезд, але дагэтуль не атрымала ад сьледчага сваіх дакумэнтаў і рэчаў. Намесьніца старшыні «Маладога фронту» найбольш намаганьняў зараз прыкладае, каб дапамагчы сваім аднадумцам па арганізацыі:

«Спрабую інфармаваць міжнародную супольнасьць пра рэпрэсіі супраць сяброў „Маладога фронту“, што шэсьць маладафронтаўцаў праходзяць па крымінальных справах адносна 19 сьнежня, і прашу зьвяртаць увагу на справу Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якую ўлады зьбіраюцца зрабіць непалітычнай. Між тым гэтая справа, безумоўна, палітычная».

Марына Фядута атрымала ліст ад мужа Аляксандра, у якім той просіць даслаць яму рэчы, неабходныя ў веснавы час — «на будучыя тры месяцы». З гэтага жонка вязьня зрабіла выснову, што Аляксандру Фядуту таксама працягнулі тэрмін сьледзтва на 3 месяцы і на хуткую зьмену меры стрыманьня ён не асабліва спадзяецца. «Заўтра, 25 лютага, у яго будзе допыт», — са спасылкай на адваката паведаміла «Свабодзе» Марына Фядута.

Нарэшце атрымала ліст ад мужа Натальля Класкоўская. Ад былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў мітынгу і спробах узламаць дзьверы Дома ўраду, не было лістоў амаль месяц. «Шмат чытае, відаць, ёсьць час і ёсьць што чытаць. Піша, што здаровы. Пра сваю асабістую будучыню піша без ілюзіяў», — кажа пра мужа Натальля Класкоўская.

«Кажа, усё сумнейшая мая гісторыя, таму не смуткуйце, трымайцеся. Жыцьцё працягваецца. Просіць выпісаць яму газэты на сакавік і больш дасылаць кавы ды сухарыкаў».

Адваката для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях з Аляксандрам Класкоўскім не выклікалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG