Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяніну Беларусі пагражае да 38 гадоў турмы


На судовым працэсе ў ЗША 26-гадовы Дзьмітры Наскавец прызнаў сябе вінаватым у махлярстве і крадзяжы пэрсанальных зьвестак.

Наскавец прызнаўся, што кіраваў інтэрнэт-рэсурсам CallService.biz, пры дапамозе якога адбываўся крадзеж банкаўскіх зьвестак і гандаль імі. Пакупнікі гэтых зьвестак маглі карыстацца чужымі грашыма ва ўласных мэтах. На CallService.biz былі зарэгістраваныя больш як дзьве тысячы кліентаў – за няпоўныя тры гады яны правялі звыш 5400 незаконных апэрацыяў.

Паведамляецца, што Наскавец працаўладкаваў пэўную колькасьць ангельска- і нямецкамоўных людзей, якія, выдаючы сябе за ўласьнікаў рахункаў, тэлефанавалі ў банк і заяўлялі, што сталі ахвярамі крадзяжу іхных банкаўскіх зьвестак, а затым адказвалі на кантрольныя пытаньні і ўпаўнаважвалі правесьці ад імя ўласьнікаў рахункаў фінансавыя апэрацыі.

У красавіку 2010 году Наскаўца арыштавалі ў Чэхіі. Пазьней ён быў выдадзены ў ЗША, дзе стаў перад судом. Як падае PCWorld, учора беларускі грамадзянін канчаткова прызнаў сваю віну. Прысуд у ягонай справе мае быць абвешчаны 26 траўня – Наскаўцу пагражае да 38 гадоў зьняволеньня.

Адначасова зь Дзьмітрыем Наскаўцом у Беларусі летась затрымалі ягонага суўдзельніка ў злачынстве – 25-гадовага Сяргея Сямашку. Паведамляецца, што Сямашка стане перад судом на Бацькаўшчыне.
XS
SM
MD
LG