Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 даляраў зноў сталі марай


За першы месяц пасьля выбараў сярэдні заробак у Беларусі істотна скараціўся. У студзені 2011 году сярэдняя зарплата зьменшылася на 12,9% у параўнаньні з паказчыкам сьнежня 2010 году. Такія зьвесткі абнародаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі ўрад Беларусі рабіў усё магчымае, каб выканаць абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі — сярэдні заробак у 500 даляраў ЗША. У лістападзе бюджэтнікам павялічылі аклады амаль на 30 працэнтаў. На дзяржаўных прадпрыемствах у канцы году выплацілі розныя прэміі і даплаты, і, такім чынам, у сьнежні ў цэлым па краіне сярэдні заробак склаў 1 595 873 рубля, што складае каля 530 даляраў. Але ў студзені сытуацыя памянялася.

Уладзімер Кунцэвіч
Рабочы «Нафтана» Ўладзімер Кунцэвіч — адзін з тых, за чый кошт сярэдні заробак па краіне давялі да 500 даляраў. У лістападзе і сьнежні ён атрымаў больш чым па 4 мільёны рублёў. А за студзень ягоны заробак упаў амаль удвая — да 2,5 мільёна. Перад выбарамі ён атрымаў прэміі за бясьпеку працы, за эканомію, рост выпуску прадукцыі… Цяпер такіх даплат няма, кажа спадар Кунцэвіч:

«Зразумела, што няма з чаго плаціць. У гэтым фэномэн нашай эканомікі, беларускага эканамічнага цуду, — з апошніх намаганьняў, апошніх высілкаў было гэта зроблена. Тады гэта ўсім спадабалася, хаця ўсе і разумелі, што гэта раз-два, а пасьля Новага году будзе зусім іншае. Гэта быў як бы такі лёгкі подкуп». Апрача падзеньня заробку, пасьля выбараў людзі адчулі і імклівы рост цэнаў, асабліва на харчы, кажа Ўладзімер Кунцэвіч:

«Вельмі заўважна. Так даўно не было, што такі скачок цэнаў, што людзі пачалі браць чэкі і глядзець, на чым можна зэканоміць. За ўсё трэба плаціць. І за тое, што выбралі Лукашэнку, таксама трэба плаціць».

Георгій Станкевіч
Рэзкае скарачэньне заробкаў пакуль не зачапіла бюджэтнікаў, чые аклады нашмат меншыя, чым у нафтаперапрацоўшчыкаў. Настаўнік замежнай мовы зь Бешанковічаў Георгій Станкевіч у кастрычніку мінулага году не зарабляў і мільёна рублёў, перад выбарамі атрымаў больш за 1 мільён 200 тысяч, у студзені гэты заробак захаваўся. Але далей спадар Станкевіч чакае пагаршэньня:

«Тады можна было абмежавацца, якую сотню кінуць, і было б тое самае… Але ж папулізм гэта зрабіў. Але зараз яны бачаць, што бюджэт у маштабах краіны не вытрымлівае, таму й пачынаецца „паўзучая контррэвалюцыя“, пакрыху адкручваюць назад. Гэта ўсё не афішуецца, пра гэта ня пішуць у раённых газэтах. Але вось літаральна ў аўторак нашыя дзяўчаты былі на мэтадычных нарадах у раёне, і ім сказалі: будзе паніжальны каэфіцыент, і да канца году будзеце атрымоўваць заробак не такі высокі, які быў у сьнежні і студзені».

Такім чынам, у студзені сярэдні заробак па Беларусі ўпаў ніжэй за знакавую мяжу ў 500 даляраў. Паводле Мінстату, ён склаў 1 мільён 409 тысяч 625 рублёў — гэта каля 470 даляраў.

Андрэй Тур
Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур патлумачыў «Свабодзе», што зьніжэньне заробкаў у студзені — звычайная для эканомікі зьява:

«Гэта таму, што значныя выплаты заўсёды бываюць у сьнежні па выніках году. У нас так, у прынцыпе, заўсёды. І мы дзесьці выходзім на сьнежаньскі ўзровень у красавіку. Бывае — у сакавіку, бывае — у красавіку».

Студзеньскі рост інфляцыі, паводле спадара Тура, — таксама сэзонная зьява:

«Заўсёды сьнежань, студзень былі інфлятагеннымі месяцамі. Паглядзіце, якія маразы стаяць, колькі даводзіцца затрачваць энэргарэсурсаў. Гэта вечная тэма. У нас заўсёды ў гэтыя месяцы інфляцыя крыху вышэйшая, а потым да лета інфляцыя становіцца меншая, мы выходзім на 9–11 працэнтаў штогод».

Сяргей Чалы
Незалежны эканаміст Сяргей Чалы кажа, што штогод у студзені сапраўды назіраецца падзеньне заробку. Але сёлета сытуацыя спэцыфічная, пасьлявыбарчая, — зазначае ён:

«Была звычайная раздача сланоў перад выбарамі. Зразумела, што з усіх сіл цягнулі гэты заробак у 500 даляраў… Але й зразумела, што эканоміка не напрацавала на такі заробак, і нейкі адкат павінен быць».

Сяргей Чалы прагназуе, што ў лютым сярэдні заробак крыху падвысіцца, але 500 даляраў усё ж не дасягне. Там часам незалежныя прафсаюзы рыхтуюць ураду пратэст з нагоды рэзкага скарачэньня заробкаў працоўных і росту цэн.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў: «Зараз галоўнае палягае ў тым, каб высьветліць, як сытуацыя будзе складацца далей. Мы зыходзім з таго, што ўрад узяў на сябе вялікую адказнасьць, згадзіўшыся такім чынам падвышаць заробкі. І ўсе нэгатыўныя наступствы, і ў выглядзе магчымага падзеньня заробкаў, і ў выглядзе росту цэнаў урад узяў на сябе. Мы будзем гаварыць пра гэта адназначна, гэта нашая прынцыповая пазыцыя».
XS
SM
MD
LG