Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пасьпяшалася з закрыцьцём офісу АБСЭ ў Менску. Крытычная ацэнка прэзыдэнцкіх выбараў экспэртамі БДІПЧ толькі пацьвярджае меркаваньні, што выкананьне мандату офісу не завершанае. А адмова перагледзець рашэньне аб яго закрыцьці толькі паглыбляе памылку. Такія выказваньні прагучалі сёньня ў Вене на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ пры абмеркаваньні сытуацыі ў Беларусі.

Закрыцьцё офісу АБСЭ ў Менску з ініцыятывы беларускіх улад і беспадстаўна жорсткае абыходжаньне з дэманстрантамі 19 сьнежня і пазьней сталі сёньня галоўнай тэмай дыскусіі на паседжаньні Агульнага камітэту па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Свае меркаваньні выказалі кіраўнік БДІПЧ АБСЭ Янэз Ленарчыч, старшыня спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі ПА АБСЭ Ута Цапф ды іншыя. Яны адзначалі, што выбары і іх наступствы, у прыватнасьці, наяўнасьць палітвязьняў — крок назад у разьвіцьці дэмакратычнага кіраваньня ў Беларусі.

Ніна Мазай
Меркаваньні афіцыйнага Менску агучыла старшыня камісіі Савету рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Ніна Мазай. Яна нагадала, што офіс працаваў працяглы час, «былі выразна абазначаныя тыя праблемы і пытаньні, якія супольна неабходна было вырашаць. Мандат яго выкананы, і далейшых падставаў працягваць яго дзейнасьць няма».

Намесьніца кіраўніка партыі «Справядлівы сьвет» Алена Скрыган не адзін год кантактавала з офісам АБСЭ ў Менску. Яна перакананая: захаваць офіс надзвычай важна.

Алена Скрыган
«Сёньня як ніколі ён патрэбны. Можа, год таму ён быў менш патрэбны. Але цяпер, калі ў краіне ёсьць палітычныя зьняволеныя, калі ідуць суды, калі пад страхам жывуць тысячы людзей, офіс вельмі неабходны. Ён быў прытулкам, куды беларусы маглі зьвярнуцца пасьля таго, як яны праходзілі ўсе мясцовыя судовыя органы. І так яно было насамрэч».

Апазыцыйны палітык Юры Хадыка непасрэдна кантактаваў з офісам АБСЭ пачынаючы яшчэ з таго часу, калі гэтае прадстаўніцтва ачольваў Ганс-Георг Вік. Ён лічыць, што офіс безумоўна патрэбны і цяпер:

Юры Хадыка
«Толькі ня з тымі абмежаванымі паўнамоцтвамі, як гэта было ў апошнія гады. Ён прыносіў сапраўдную карысьць грамадзянскай супольнасьці Беларусі і дэмакратычным палітычным партыям. Гэта было да той пары, пакуль яго паўнамоцтвы былі тымі, якія ўзгадняў яшчэ былы міністар замежных спраў Польшчы Герэмек, а ачольваў — Ганс-Георг Вік. У тыя часы гэта была вельмі карысная для Беларусі ўстанова.

Але ж у любым выпадку дапамога грамадзянскай супольнасьці Беларусі яшчэ актуальная. Таму беларускі рэжым і патрабаваў закрыцьця офісу».

Беларускія ўлады спынілі дзейнасьць офісу ад 1 студзеня. Аднак установа, у якой працуюць каля 15 чалавек, траціна зь якіх — замежныя грамадзяне, мае час на завяршэньне праектаў, распачатых раней, ды іншыя выніковыя справы. Пакідаць офіс яны зьбіраюцца ў другой палове сакавіка.

Янэз Ленарчыч
На сёньняшнім паседжаньні дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Янэз Ленарчыч выказаў спадзяваньне, што праца Бюро зь Беларусьсю будзе працягвацца:.

«Мы працавалі зь беларускімі ўладамі, пачынаючы ад 2009 году, каб нешта палепшыць. Мы вітаем, што некаторыя нашы рэкамэндацыі былі ўлічаныя. Але ўсё зацьміла тое, што адбылося падчас падліку галасоў на выбарах прэзыдэнта і пасьля гэтага».

Лідзія Ярмошына
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына так пракамэнтавала для «Свабоды» магчымасьць узнаўленьня дыялёгу:

«Любы дыялёг павінен улічваць думкі абодвух бакоў. І таму, калі БДІПЧ будзе ўлічваць думку Беларусі, а не разглядаць яе як шкаляра, які праштрафіўся, то, я думаю, дыялёг магчымы. Але гаварыць гэта толькі ад імя ЦВК я не магу. Тут павінна быць агульнае дзяржаўнае рашэньне, якое будзе ўлічваць літаральна ўсё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG