Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З сотні беларусаў Лібію пакінулі каля дзесятка


Эвакуацыя людзей зь Лібіі на самалёце МНС Расеі.
Эвакуацыя людзей зь Лібіі на самалёце МНС Расеі.
Грамадзяне Беларусі, напярэдадні эвакуаваныя зь Лібіі самалётам расейскага Міністэрства надзвычайных сытуацый (МНС), вяртаюцца дадому. Пра гэта паведамілі ў беларускай амбасадзе ў Маскве. Вяртанцы — перадусім сямейнікі супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі Беларусі ў Лібіі.

На гарачай лініі МНС Расеі назвалі прозьвішчы беларусаў, якія прыбылі ў Маскву спэцрэйсам зь Лібіі. Бальшыня — дзеці беларускіх дыпляматаў, што працуюць у Трыпалі:

«Я налічыла дзевяць чалавек, цяпер — па прозьвішчах: Анашка Вераніка, Арцышых Юлія, Белькавец Уладзімер, Грамыка Алена, Ждановіч Надзея, Рагавец Надзея і Рагавец Ульяна, Стэпус Глеб, Філон Любоў. Вось гэта ўсе грамадзяне Беларусі, дзевяць чалавек. Гэта ўвесь сьпіс тых, хто эвакуаваўся самалётамі».

У аэрапорце суайчыньнікаў сустрэлі беларускія дыпляматы, але, як паведамілі ў гатэлі «Палесьсе» пры беларускай амбасадзе ў Маскве, на ноч тут нікога не пакідалі:
Тыя, хто пажадаў выехаць, выехалі ўсе.

«Не, у нас на ноч ніхто не застаўся. Іх учора ўсіх выправілі дадому. Таму нікога ў нас з тых, хто прыбыў, няма…»

Паводле зьвестак прадстаўніцы Міністэрства замежных спраў Беларусі Марыі Ваньшынай, сьпісы расейскага МНС не зусім адпавядаюць рэальнасьці і колькасьць беларусаў, якія вярнуліся дадому, крыху большая. Цяпер ведамства вырашае пытаньне зь іншымі грамадзянамі, якія таксама могуць выказаць жаданьне зьехаць зь Лібіі:

«Тыя, хто пажадаў выехаць, выехалі ўсе. Астатнія, магчыма, нешта вырашаць пазьней. Але амбасада Беларусі працягвае працаваць з нашымі грамадзянамі. Само сабой, па меры таго як будуць паступаць просьбы аб эвакуацыі, наша дыппрадстаўніцтва будзе складаць сьпісы і працаваць у гэтым кірунку далей».

Адпачатку плянавалася, што зь Лібіі зьедуць блізу двух дзясяткаў беларусаў. Але некаторыя ўсё ж вырашылі застацца, найперш беларускі — жонкі лібійцаў. Ня выключана, што хтосьці яшчэ паспрабуе эвакуавацца на паромах у Турэччыну.

Эканаміст Станіслаў Гусак нядрэнна знаёмы з рэаліямі рэгіёну, тры гады адпрацаваў на нафтавых радовішчах Афрыкі. Кажа, што для ня надта разьвітай у тэхналягічным сэнсе Лібіі галоўны фактар дабрабыту — нафта. Менавіта яна дазваляла рэжыму Муамара Кадафі камфортна пачуваць сябе цягам столькіх дзясяцігодзьдзяў, задзейнічаўшы ў сфэры нафтаздабычы і забесьпячэньня адпаведнай інфраструктуры дзясяткі тысяч кантрактнікаў з усяго сьвету:

Для самой Лібіі, зразумела, сьмяротна, калі яна ня будзе гандляваць нафтай.
«Для самой Лібіі, зразумела, сьмяротна, калі яна ня будзе гандляваць нафтай. Папросту будзе канец іх эканомікі. Таму што больш яна ні на чым не трымаецца. Зразумела, што асабіста Кадафі ў немалой ступені трымаўся на гандлі зброяй і г.д., але ж гэта ўжо нешта іншае, не эканоміка, а ўладнае закулісьсе.

Тое самае, што, дарэчы, і ў нас адбываецца — вельмі многае схавана ад вачэй народа. Увогуле ёсьць нейкае падабенства паміж Кадафі і Лукашэнкам. Той заявіў, што ён не прэзыдэнт, а правадыр, і прыйшоў да ўлады ня дзеля таго, каб яе здаваць некаму. І буду, маўляў, змагацца да апошняга патрона. Заява Лукашэнкі на сустрэчы з вайскоўцамі гаворыць пра тое ж самае. Ён наўпрост сказаў: калі нешта здарыцца, то армія будзе душыць наш народ і не здрыганецца. Думаю, што гэта ня так, але пазыцыя першага чалавека ў дзяржаве, скажам так, цікавая».

У распаўсюджаным сёньня камэнтары МЗС Беларусі ўдакладняецца: на момант пачатку эскаляцыі напружанасьці ў Лібіі знаходзілася больш за 100 грамадзянаў Беларусі. Частка ўжо вярнулася дадому, хтосьці да тэрміновай эвакуацыі ня быў гатовы, а некаторыя адмовіліся выехаць у апошні момант. Падкрэсьліваецца, што пытаньне аб эвакуацыі беларускіх мэдыкаў, якія знаходзяцца ў Гадамесе, пакуль не стаіць. Сытуацыя ў горадзе, адзначае МЗС Беларусі, застаецца спакойнай, узброеных сутычак не адбываецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG