Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цапф выступіла за нэўтральнае расьсьледаваньне падзей у Менску


Ута Цапф

Ута Цапф

Дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Янэз Ленарчыч спадзяецца, што праца Арганізацыі зь Беларусьсью будзе працягвацца.

Пра гэта ён заявіў у Вене ў сваім выступе на пасяджэньні агульнага камітэту па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ:

"Мы працавалі зь беларускімі ўладамі пачынаючы ад 2009 году, каб нешта палепшыць. Мы вітаем, што некаторыя нашы рэкамэндацыі былі ўлічаны. Але ўсё зацьміла тое, што адбылося падчас падліку галасоў на выбарах прэзыдэнта і пасьля гэтага".

Адносна рашэньня беларускіх уладаў закрыць місію АБСЭ ў Менску спадар Ленарчыч сказаў:

"Мы рэгулярна прапаноўвалі дапамогу. Мы спадзяемся, што з боку Беларусі будзе праяўлена гатовасьць да працы з намі. Нашы прапановы выкладзеныя на стол, мы гатовыя аднавіць нашу працу зь беларускімі ўладамі, каб паставіцца да таго, што адбылося, як да ўроку, каб запабегчы гэтаму ў будучыні".

Ён згадаў канчатковую справаздачу Бюро па выбарах, згодна зь якой "Беларусь знаходзіцца далёка ад выкананьня сваіх абавязаньняў адносна дэмакратычных выбараў".

Старшыня адмысловай рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі Ута Цапф выступіла за нэўтральнае расьсьледаваньне падзей у Менску, якія адбыліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, перадае "Інтэрфакс".

"Мы сутыкаемся з жахлівымі абвінавачаньнямі, якія, на нашу думку, беспадстаўныя", — сказала Ута Цапф.

Яна выказала спадзяваньне, што ў сакавіку можна будзе арганізаваць місію па зборы фактаў. Цапф адзначыла гатовасьць "пачаць дыялёг спачатку".

Цапф адзначыла, што АБСЭ не падалося адэкватным тое, "як дэманстрантаў зьбівалі дубінкамі".

"Мы ня лічым прымальным тое, што там адбывалася і адбываецца: ператрусы працягваюцца, відаць, усе кандыдаты ў прэзыдэнты атрымаюць абвінавачаньні, іх прыхільнікаў кідаюць за краты, і ім пагражаюць тэрміны ад 5 да 15 гадоў".

Цапф лічыць гэта непрымальным, бо дэманстранты "выступілі за свае правы і пытаньне патрабуе дэталёвага вывучэньня". Яна адзначыла, што АБСЭ выступае за тое, каб беларускія ўлады адмовіліся ад прад'яўленьня абвінавачаньняў тым, хто быў арыштаваны падчас гэтых падзеяў, пакуль ня будуць высьветленыя абставіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG