Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка сваімі рукамі выкрэсьлівае Беларусь з кантэксту АБСЭ"



24-25 лютага ў Вене пройдзе зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ). Сярод пытаньняў, якія там будуць разглядацца, будзе і пытаньне пра закрыцьцё офісу АБСЭ ў Менску. Паводле беларускіх уладаў, рашэньне гэтае канчатковае і пераглядацца імі ня будзе.

Тэма закрыцьця офісу АБСЭ ў Менску будзе разглядацца на пасяджэньні камітэту ў справах дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытаньняў. Яно стане яшчэ адной спробай угаварыць афіцыйны Менск адмяніць сваё рашэньне. Раней з такім заклікам выступіў старшыня Парлямэнцкай асамблеі Пэтрас Эфтымію. Была і супольная заява Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан і дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан.

Аднак у Менску пераглядаць сваё рашэньне не зьбіраюцца. На пытаньне "Свабоды", ці існуе такі шанец, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных адказаў:

"Беларускі бок прыняў сваё рашэньне. І пра гэта мы паведамілі сваім партнэрам па АБСЭ".

Безвынікова закончылася спроба паўплываць на Менск і кіраўнікоў
Было зроблена ўсё магчымае, але атрымалася тое, што атрымалася.
зьнешнепалітычнага ведамства суседняй Літвы, якая ад 1 студзеня старшынюе ў АБСЭ. Пра гэта 22 лютага на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні паведаміў міністар замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс.

"Было зроблена ўсё магчымае, але атрымалася тое, што атрымалася. Такая палітычная сытуацыя ў Беларусі".

Літоўскі палітоляг Арунас Моліс сказаў "Свабодзе", што яго не зьдзіўляе упартасьць беларускіх уладаў. Але яна ня спыніць спробаў Літвы ўплываць на беларускую сытуацыю, лічыць палітоляг:

"Я думаю, для Ажубаліса беларуская справа становіцца яго асабістай, прыярытэтнай. Канечне, гэта не азначае, што беларускае пытаньне будзе адзіным, якое міністар уздыме ў фармаце АБСЭ. Але нават нягледзячы на тое, што цяпер адбываецца ў Паўночнай Афрыцы ды ў некаторых іншых краінах, Беларусь не зьнікне ў парадку дня Ажубаліса. І калі гэта будзе не перагляд рашэньня па офісу АБСЭ, то будуць іншыя справы, якія могуць вырашацца праз АБСЭ".

Прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску працавала ад 1998 году. Апазыцыйны палітык Вінцук Вячорка кантактаваў з гэтай установай, калі яго ачольвалі розныя людзі. Ён кажа, што Аляксандар Лукашэнка ўвесь час настойваў на звужэньні мандату і паўнамоцтваў гэтай міжнароднай структуры і ўрэшце адмовіўся ад яе:

"А тут патрэбна такое прадстаўніцтва, патрэбна для дабра краіны, калі б яе кіраўнікі сапраўды імкнуліся да ўнармаваньня становішча. АБСЭ – самая
Такое прадстаўніцтва патрэбна для дабра краіны, калі б яе кіраўнікі сапраўды імкнуліся да ўнармаваньня становішча.
шырокая сярод эўрапейскіх і эўраатлянтычных структураў. Лукашэнкаўская Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы, бо не пасуе да дэмакратычных крытэраў, якія прынятыя ў гэтым пуле. А АБСЭ – гэта ўсе. Фактычна ўсе краіны постсавецкай прасторы, уласна Эўропы, плюс Канада і ЗША. І Лукашэнка сваімі рукамі выкрэсьлівае Беларусь з гэтага кантэксту.

Я думаю, што цяпер пасьля вядомых працэсаў у краінах, на якія ён зьбіраўся абапірацца па-за эўраатлянтычнай прасторай, цалкам відавочна, што гэта шлях для самагубчай ізаляцыі".

Дыскусію адкрыюць дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і
правоў чалавека АБСЭ Янэз Ленарчыч і адмысловы прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды прэсы Дуня Міятавіч.

Чакаецца, што ў пасяджэньні возьмуць таксама ўдзел былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску пасол Бэнэдыкт Галер, кіраўніца рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі Ута Цапф і адмысловы каардынатар кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЭ за выбарамі ў Беларусі Тоні Лойд.

Рашэньне аб закрыцьці офісу АБСЭ прынялі за дзень да Новага, 2011 году. Свае дзеяньні беларускі бок матываваў "адсутнасьцю аб'ектыўных падстаў для захаваньня місіі АБСЭ ў Беларусі". Аналітыкі зьвязваюць гэта з тым, што назіральнікі ад АБСЭ прызналі прэзыдэнцкія выбары 2010 году ў Беларусі неадпаведнымі стандартам арганізацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG