Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібія: пілёты адмаўляюцца бамбаваць пратэстоўцаў


У Лібіі самалёт вайскова-паветраных сілаў краіны разьбіўся непадалёку ад гораду Бэнгазі, які знаходзіцца пад кантролем апазыцыі. Лётчыкі катапультаваліся.

Паводле агенцтва Ройтэр пілёты атрымалі каманду нанесьці авіяўдар па Бэнгазі, але не захацелі гэтага рабіць, адмыслова разьбіўшы самалёт.

На гэты момант апазыцыя кантралюе ўсходнія раёны краіны ўлучна з буйнымі гарадамі Бэнгазі і Тобрук. Салдаты мясцовых гарнізонаў перайшлі на бок апанэнтаў ураду.

Сталіца краіны Трыпалі знаходзіцца пад кантролем Муамара Кадафі, які раней заявіў, што не пакіне краіны і гатовы да пакутніцкай сьмерці.

Паведамляецца, што прыхільнікі Кадафі адкрываюць агонь наўсьлеп па мінаках, змушаючы іх заставацца дома.

Паводле Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека колькасьць ахвяраў забурэньняў у Лібіі налічвае прынамсі 640 чалавек. Зь іх амаль трыста загінулі ў Трыпалі і 230 – у Бэнгазі.
XS
SM
MD
LG