Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У Маляцічы не прыяжджайце — хапае сваіх беспрацоўных і бамжоў!»


Ад пачатку веку Маляцічы, дзе тры сотні жыхароў, выбухае падзеямі, якія атрымліваюць розгалас далёка за межамі Крычаўшчыны. 5 год таму, у часе маёй першай вандроўкі ў вёску, напярэдадні навучальнага году, заліло дажджамі мясцовую школу, дзе зьнялі для рамонту дах, але не знайшлі, каб накрыць яго, 300 лістоў шыфэру. Памятаю, як на тле чорных сьценаў, прамоклай столі ў кабінэце ідэалёгіі вісеў у брудных кроплях партрэт Лукашэнкі. Тады на рамонтныя працы былі кінутыя мэтадысты ды інспэктары райана, настаўніцы, выхавацелькі дзіцячых садкоў з усяго раёну. Сёлета ж ужо крымінальнае адценьне мае тут сытуацыя з так званым сацыяльным домам, куды адразу па прыезьдзе я накіраваўся са спадаром Гердзіем. Мікалай Мікалаевіч — эканамічны аглядальнік крычаўскай незалежнай газэты «Вольны горад». Сытуацыю адсочвае ад пачатку, пра што і расказаў па шляху.


Гердзій: «У 2008 годзе мясцоваму кіраўніцтву прыйшла думка з закінутага Дома настаўнікаў зрабіць дом для сацыяльна неабароненых людзей. Але ўсё было зроблена па-калгаснаму. Не было праектна-каштарыснай дакумэнтацыі, будаваўся людзьмі, якія рабілі, каб толькі атрымаць дапамогу па беспрацоўі. Калі праверыла КРУ Мінфіну, выявіліся недастачы, аж да крадзяжу сьвяцільнікаў. Ад займанай пасады адхілілі і судзілі Заблоцкую, начальніка ўпраўленьня працы і сацыяльнай абароны Крычаўскага райвыканкаму — абвінавачваецца ў крадзяжы 12 млн. рублёў. І зараз суд яшчэ ня скончыўся. Пасьля ж таго, як дом завяршылі, выявілася маса брыдоты…»

Дзьверы нам адчынілі толькі на другім паверсе. Спадарыня Сідоранка жыве тут чацьвёрты год. Падраныя, прамоклыя сьцены, на тэрмомэтры ўсяго 13 градусаў. 76-гадовая бабуля, захінутая ў хусткі, заломвае рукі.


Сідоранка: «Домік гэты 11 год нежылы быў — столькі сырасьці! Даражэнькія мае — трэція шпалеры! І дзеці ёсьць, а давялося тут мучыцца — ня склалася жыцьцё ў нас сямейнае. (Плача.) Мой быў п’яніца — разышліся, так тут і жыву. Рамонт з тае вясны абяцаюць — і ніяк! Фарбу прывезьлі, шпаклёўку — аддала 90 тысяч, і ляжыць. Майстар кажа — „а, старушка…“ Пэнсія ў мяне 600. Учора прынесьлі — пені, даўгі запісваюць, а я ж ніколі ня доўжала!»

Спадарыні Алене я прапаную пракамэнтаваць камунальную жыроўку з фантастычнай для гэткага «жыльля» лічбай у 300 тысяч.

Сідоранка: «Капітальны рамонт — адкуль ён, яны бягучага ня робяць — плаціцца 15 тысяч у месяц. Даўгі за капітальны рамонт — 26 тысяч! Учора спыталася ў пошце — кажуць, гэта ў бухгальтэрыі, мы ні пры чым. Тэхнічнае абслугоўваньне — 13 зь нечым, таксама ня ведаю, што гэта такое. Ацяпленьне — амаль 50 тысяч, а 13–15 градусаў. Электрычнасьць — 104 тысячы, адна лямпачка, я проста ня ведаю. Вываз сьмецьця — 53 тысячы, мы самі носім. Якое ў мяне сьмецьце — на адну душу гатую! Чаму такая несправядлівасьць?»

Карэспандэнт: «А колькі зараз у вас жыве людзей?»

Сідоранка: «Унізе маладая з хлопчыкам, гэтыя інваліды — 7 чалавек, 4 кватэры. Сьпярша жылі па 2 чалавекі — немагчыма ўжыцца. Адна бабулька і другая — дай і дай. Не даеш — пачынаюць зло тварыць. Яны, відаць, не працавалі — па 260 пэнсія. Лыжкі, відэльцаў няма — усё просяць, просяць. Стане маленькая ля дзьвярэй — „можа, хлебчык ёсьць, мо мыльца, мо цукарчыку“. Ну, да аднаго сына дабілася — забраў. А тут яшчэ хворая, ледзь хадзіла, і дырэктар інтэрнату яе да мяне. Я паўтара месяца пакутавала — кажу, Пятроўна, я штосьці з сабой зраблю, вунь азерка побач…» (Плача.)

2 гады таму ў Маляцічах зрабілі аграгарадок. Вымушана. Пра няпростую і паказальную гісторыю яго ўзьнікненьня распавёў усё той жа Мікалай Гердзій.

Гердзій: «У 2005 годзе прэзыдэнтам быў прыняты ўказ па разьвіцьці 60 базавых гаспадарак, якія цягам двух год мусілі выйсьці на эўрапейскія паказчыкі па мясу, малаку, ураджайнасьці асноўных сельскагаспадарчых культур. У Крычаўскім раёне вызначылі „Бель“. Былы старшыня калгасу, былы дэпутат Сапранецкі, калі быў у парлямэнце, сядзеў побач з Лукашэнкам. Мікалай Кірылавіч любіў хваліцца — ільнозавод будаваў, каней разводзіў, зьверафэрму рабіў, летакі скупляў, зрабіўшы авіяатрад. Але нічога да канца не давёў. Чаму імкнуўся ў лік базавых гаспадарак? Ім даваліся ільготы. Калі ў шараговых гаспадарак малако закуплялася па 600 рублёў за літар, у гэтых — 900 і больш. І даваліся вялікія крэдыты для закупу тэхнікі, у тым ліку замежнай. Папрацавалі год-паўтара, а паказчыкаў няма. Бо трэба арганізоўваць вытворчасьць, а Сапранецкі мог месяцамі не зьяўляцца на фэрме. У 2008–2009 гадах гаспадарку і яго судзілі за масавыя прыпіскі. Лукашэнка яго вызваліў ад адказнасьці. Тады і рашылі да СВК „Бель“ прыяднаць СВК „Маляцічы“, якое было больш эфэктыўнае па разьвіцьці жывёла- і расьлінагадоўлі. Зрабілі там аграгарадок…»

Ля вясковай крамы пытаюся ў сіваватага мужыка, што ідзе з фэрмы непадалёк:

Карэспандэнт: «У аграгарадку заробкі большыя сталі?

Спадар: «Ды не, такія і ёсьць. У дзярэўні сталі дамы рабіць…»

Да мікрафона падскоквае пажылая кабета, цягнучы за руку невысокага хлопца ў кажуху — як высьветлілася, яе 27-гадовага сына.

Спадарыня: «Для кагосьці аграгарадок, а ў нас палову плота падзелалі, паловы няма — прыйшлі б паглядзелі! А ў гэтай во маладой сям’і з двума дзецьмі хата дагары нагамі. А домік абяцаюць-абяцаюць… Я Яўсеева Ганна Анатольеўна…

Карэспандэнт: «А хлопец чаго ня можа працу знайсьці?»

Яршыева: «Таму што няма ў калгасе!»

Карэспандэнт: «А цябе як завуць?»

Хлопец: «Яўсееў Сяргей. Я працаваў у школе — выгналі адтуль, таму што шмат чаго ведаю. Дырэктар Кобызава Алена Ўладзіміраўна…»

Гердзій: «А, дык гэта былы дырэктар!»

Сяргей: «Лецішча пабудавала і ўсё са школы перацягнула. Ганяла мяне на будаўніцтва, і шмат не сваіх абавязкаў выконваў. Раз прымусіла на дрэва залезьці, каб верхавіну зрэзаць — тэхнікі бясьпекі ніякай не было. Дзякуй настаўнікам, каторыя мяне адгаварылі — а раптам звалісься? Павінны ж гэта электрыкі рабіць. А плаціла 300 тысяч. А цяпер хаджу дурнем. Ёсьць толькі адна праца — на фэрме скаціну даглядаць. Не хачу сенажом ды гноем штодзень у хаце пахнуць…»

Карэспандэнт: «Колькі па аграгарадку такіх хлапцоў, якія маглі б працаваць?»

Сяргей: «А 20 будзець…»

* * *
Заходзім у хату да адзінага тут фэрмэра, 53-гадовага былога вэтурача Шуткова. Спадар Пётра ў спальнай адзежы злазіць зь печы, куды ўзімку толькі і можна залезьці, пакарміўшы зранку жывёлу. Мае ў арэндзе 40 га зямлі, 2 трактары, камбайн, статак з 5 кароў ды, як кажа, сьвінчо з «кураптушкамі». Далей прадстаўляе гаспадарку сам.


Шуткоў: «Нармальная зямля, ад хаты 2 кілямэтры. Зерня здаў 50 тон і 20 на пасяўную. На ўборку мэханізатара наймаю. Працую па адзіным падатку — 12%, як і для сельгаспрадпрыемстваў…»

Карэспандэнт: «Пашырацца хацеў бы — моц ёсьць?»

Шуткоў: «Не! (Сьмяецца.) Гады ня тыя, і праца цяжкая ў вяскоўца — 24 гадзіны ў суткі. Дзьве дзяўчынкі ў мяне вучацца на пэдагогаў…»

Карэспандэнт: «Пётра, калі апошні раз адпачываў?»

Шуткоў: «Гадоў 15-20 таму…»

Карэспандэнт: «А каб сказалі — кідай фэрмэрства і гайда назад, у вэтурачы?»

Шуткоў: «Ва ўрачы таксама не хачу. (Сьмех.) Назад дарогі няма. Сваё цікавейшае, больш захапляльнае. У калгасе 25 гадоў адпрацаваў — у 90-х плацілі 15-20 даляраў, у фэрмэры і пайшоў, каб выжыць. Зямля на 99 гадоў у арэндзе. У нас у раёне было 14 фэрмэраў, засталося тры. Ня бачу канкурэнцыі на зямлю. Я б тым, хто хоча на зямлі працаваць, аддаваў бы яе колькі хочуць — абы працавалі! І зь мінімальнымі падаткамі. Дапамажыце яму, і хай забясьпечвае сябе і шмат людзей!»

5 гадоў таму мяне ўзрушыла гісторыя цяпер 70-гадовага Ўладзіміра Астапенкі. У 25 сеў у турму на 4 гады за крадзеж 4 лістоў калгаснага шыфэру. І, як кажа, назаўжды пазбавіўся пашпарту. Пакуль мог, нелегальна рабіў у калгасе, цяпер жыве ў былым гумне — клятушцы, якую бясплатна выдзеліў гаспадар, інжынэр СВК Уладзімір Вяселін. Ён і кліча на двор сагнутага, зарослага шчэцьцю свайго кватаранта. Дзеляцца разам апошнімі навінамі, узгадваюць, як усё пачалося.


Астапенка: «Я адседзеў у Івацэвічах 30 год таму. Прыходзіць участковы Чычкоў — забяры ў райаддзеле. Прыехалі — няма. І… пацяралі. Езьдзіў у амбасаду ўкраінскую ў Менск — на Ўкраіне нарадзіўся. І каб пацьвердзілі гэта паперай для новага пашпарта…»

Вяселін: «Няма папераў тваіх з Украіны, а запыты давалі — „вышлем, вышлем“, і ўсё ціха…»

Гердзій: «Да Чычоры зьвярталіся, дэпутата Палаты прадстаўнікоў, і не дапамог нічога…»

Карэспандэнт: «А як на працу ўладкавалі, як грошы плацілі?»

Вяселін: «Зваршчыкі нарасхват, галоўнае, каб працаваў!» (Сьмяецца.)


Уздоўж на платах сядзяць пульхныя індыкачкі — сёньняшняя хатняя праца спадара Астапенкі.

Вяселін: «Індавутак даў мне кум 3 штукі — і за 3 гады больш за сотню. Сядае на качанятаў за сэзон 3 разы. Мясам забясьпечаныя…»

5 год таму ў Маляцічах пабудавалі паўтара дзясятка прэзыдэнцкіх домікаў. Пасьля адкрыцьця аграгарадка, пры канцы мінулага году, засялілі яшчэ 6. Усяленьне ў адзін зь іх 25-гадовай Сьняжаны Арцёмавай з маці ды 11-месячным дзіцем выклікала шмат публікацый у перадвыбарным друку. Дзьверы нам адчыніла невысокая, сьветлавалосая дзяўчына, якая тут жа прыклала палец да вуснаў — маўляў, дзіця сьпіць. І паўшэптам расказала сваю гісторыю, якую дагэтуль узгадвае з жахам.


Сьняжана: «Уласны дом рухнуў — быў у аварыйным стане. Выклікалі камісію з выканкама — тады далі. Месяцы 4 з маленькім дзіцем знаходзілася там — загінуць маглі! Пажарнік прыехаў, сказаў, што аварыйны дом і жыць нельга. Трэба было раней рамантаваць. А калі маці зьвярнулася да старшыні Радоўскага, сказаў — паможам. Потым рухнуў, маці ізноў прыйшла, сказаў — а хто будзе аплачваць? Маці сказала — я, калі ня хопіць — калгас, а я буду аддаваць. Столінцы-будаўнікі прыйшлі — «нам Радоўскі сказаў сваю працу рабіць, а пасьля працы „ваш калым“. Так што нічога і не рабіў. Працавала прыбіральшчыцай у калгасе. Колькі заробак? 69 тысяч…»

Карэспандэнт: «Такога ж не бывае!»

Сьняжана: «Бывае. І мужа ў мяне няма — маці працуе дзённым вартаўніком. Ёй абяцалі 500, але ня плацяць. Дапамогу на дзіцёнка ў гэтым месяцы далі 490 — гэтых грошай не хапае. Сілкаваньне ўрэзалі — давалі па 50 слоікаў, а цяпер наагул 15. І замест малака пачалі даваць сумесі…»

Карэспандэнт: «Сьняжана, а жывёлу трымаеце?»

Сьняжана: «Карову, парася ў тым доме. Тут дарабляць шмат прыйшлося — шпаклявалі, і падлога нефарбаваная. Павінны былі шпалеры выдзеліць — ня выдзелілі. Дах працякае — у залі, спальні сырасьць. У нас яшчэ нармальны — у першым доміку дзеці пахварэлі, бо ўсё цякець! Сьнег наверх задуець — там дзіркі, а яны ж нічым не замазвалі. Будзе таяць — хату залье. У нас вывелі трубы ўцяпляльныя з хаты ад катла — кажу, навошта вы так робіце? Кажуць, паводле праекту — што яны на вуліцы ўцяпляюць?! Няма чым паліць — што там дровамі? Два мяхі брыкету засталося…»

Ля сельсавету, яўна ўбачыўшы знаёмага па публікацыях спадара Гердзія, не спыніўшыся, праляцеў старшыня Дзьмітрый Сердзюкоў. Мы ж, чакаючы аўтобуса, дзелімся зь Мікалаем уражаньнямі ад вандроўкі.

Гердзій: «Я ня першы раз у сацыяльным доме. Судовыя разборы ідуць другі год. Але сытуацыя для тых, хто жыве, засталася жахлівай — нізкая тэмпэратура, сырасьць…»

Карэспандэнт: «Найжахлівейшае мо тое, што дзяржава крадзе ў кабеты за камуналку?»

Гердзій: «Гэта ўвогуле асобная гаворка. Чалавек атрымлівае 600 тысяч пэнсіі, 297 тысяч вылічваюць за камуналку. Бруд, холад, заткнутая анучамі вэнтыляцыя. Тут безадказныя адносіны першых асобаў — першы намесьнік старшыні выканкама на судзе бажыўся-кляўся „выправіць“, а тут жах!»

Карэспандэнт: «А з Уладзімірам Астапенкам — няўжо ўся праблема 30-гадовай „пашпартнай“ справы, што амбасада не выдае даведку?»

Гердзій: «Працаваў у калгасе — ня мелі права браць, цяпер пэнсіі не атрымлівае. Гэта бюракратычная машына безадказна і бяздушна ставіцца да людзей!»

Карэспандэнт: «А Сьняжана зь яе дзіцем, якіх магла пахаваць пад сабою сьцяна?!»

Гердзій: «Сытуацыя, калі маці-адзіночцы з колькімесячным дзіцем прыйшлося ехаць у райвыканкам і даказваць, каб дайшло! І то яны спужаліся пад страхам выбараў, калі прэзыдэнт крычаў — „мы паварочваем уладу тварам да народу“. Сваволя!»

Карэспандэнт: «А яны пасьля гэтага гавораць пра посьпех аграгарадка ў Маляцічах…»

Гердзій: «Пра посьпех і гаманы няма. Аграгарадок павінен быць месцам, куды людзі імкнуцца трапіць. Заробак, паводле ўказу прэзыдэнта, павінен быць 400–420 даляраў — мільён дзьвесьце ці трыста паводле курсу. А тут асноўная маса на ўзроўні 300–400 боўтаецца. 20 чалавек працаздольнага ўзросту вымушаны хадзіць бамжамі, бо працы няма…»

Карэспандэнт: «Не прыяжджайце ў Маляцічы?»

Гердзій: «Так, сёньня тут хапае сваіх беспрацоўных і бамжоў…»
View Падарожжы Свабоды in a larger map
XS
SM
MD
LG