Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла рашэньне зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд РБ, каб там правялі экспэртызу польскага закону пра "карту паляка".

Сёньня ўвечары на плянарным паседжаньні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла рашэньне зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд РБ, каб там правялі экспэртызу польскага закону пра "карту паляка". Дэпутаты хочуць даведацца, ці адпавядае гэты польскі закон міжнароднаму праву. Кіраўнік міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка, які пачаў абмеркаваньне пытаньня, сказаў, што на ягоную думку, гэты закон дзеліць жыхароў Беларусі на добрых і дрэнных, і што гэта нібыта можа паўплываць на стабільнасьць у нашым грамадзтве.

У такім жа кантэксьце выступілі і некаторыя іншыя дэпутаты: Марыя Бірукова, Сяргей Юшкевіч, Уладзімер Здановіч. Яны таксама казалі, што гэты закон "уносіць сумяціцу ў стабільнае беларускае грамадзтва". Падчас абмеркаваньня пытаньня пра "карту паляка" прагучалі дзьве цікавыя лічбы. Першая, што такую карту ў нас маюць больш за 14 тысяч чалавек. І другая, што ў Беларусі жыве 400 тыс. этнічных палякаў.

Як сказаў у сваім выступе старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, рашэньне Польшчы аб выдачы карты паляка "не адказвае прынцыпам добрасуседзтва, а таксама праходзіць на фоне антыбеларускай кампаніі ў гэтай краіне". Ён таксама падкрэсьліў, што заявы польскага кіраўніцтва "адрозьніваюцца жорсткай рыторыкай і не спрыяюць разьвіцьцю канструктыўных адносін паміж краінамі".


Карта паляка — гэта дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскага народу. Уладальнік карты паляка мае правы, замацаваныя Законам “Аб карце паляка”, які быў прыняты Соймам Рэспублікі Польшча 7 верасьня 2007 году.

“Карту паляка” мае права атрымаць асоба, якая ня мае польскага грамадзянства альбо дазволу на сталае пражываньне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і пры тым заяўляе пра сваю прыналежнасьць да польскага народу і выконвае абавязкі, якія вынікаюць са згаданага закону.

Для атрыманьня карты трэба валодаць польскай мовай на базавым узроўні, мець палякаў за сваякоў альбо тых, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзядуля). Карта сапраўдная на працягу 10 гадоў з дня выдачы і пры наяўнасьці адпаведнай заявы падаўжаецца на наступныя 10 гадоў.

Уладальнік карты мае права атрымліваць доўгатэрміновую шматразовую візу для знаходжаньне на тэрыторыі Польшчы і легальна працаваць там без атрыманьня дазволу на працу, займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю нароўні з польскімі грамадзянамі, праяжджаць па чыгунцы з 37-працэнтнай скідкай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG