Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская бульба: вельмі дорага і без гарантыі якасьці


Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, за шэсьць месяцаў мінулага году бульба ў краіне падаражэла на 35,2%. Зараз цана аднаго кіляграму на рынках і ў дзяржаўных крамах вагаецца ад 2 да 4 тысячаў рублёў. Адначасна пры росьце цэнаў якасьць бульбы застаецца вельмі нізкай.

У менскай краме «Цэнтральная» бульба каштуе 2 тысячы беларускіх рублёў за кіляграм. Пры гэтым гандлёвая нацэнка на прадукт мінімальная, а якасьць цяжка назваць здавальняючай, кажа загадчыца сэкцыі Вольга Воранава:

«Крама на бульбе практычна нічога не зарабляе — мо рублёў 100 на кіляграме. Бо гэта як сацыяльна значны прадукт — людзі ж ня вельмі багатыя, каб плаціць вялікія грошы. Да прыкладу, нам прывозіць бульбу дзяржаўнае прадпрыемства, і вельмі шмат гнілой — вось такія скрыні гнілі зьбіраем. Таксама ўсярэдзіне як бы паточаная такімі дроцікамі. Прыватнік прывозіць — вось глядзіце — чыстая, прыгожая бульба. Але ж сёлета самі ведаеце якія ўмовы былі, і таму зараз усюды такая бульба. На рынках таксама, толькі там яшчэ і цэны якія высокія. З бульбай, вядома, праблемы».
Прывозіць бульбу дзяржаўнае прадпрыемства, і вельмі шмат гнілой… Прыватнік прывозіць — чыстая, прыгожая бульба.

Цана бульбы на менскіх рынках вагаецца ў межах 3–4 тысяч беларускіх рублёў. Пры гэтым яе якасьць не вышэйшая, чым у дзяржаўных крамах, сьцьвярджаюць пакупнікі:

— Ці задаволены якасьцю і цаной бульбы?

— Бываюць добрыя — якасныя і смачныя гатункі. Але зараз зіма, мароз, і прыватнікі іх на рынак не вязуць.

Мой сын на рынку купіў бульбу па 4 тысячы за кіляграм. Кажа, мама, у кіляграм чатыры бульбіны зьмясьцілася: дзьве парэзаў — добрыя, дзьве — не.

— Дзе вы больш купляеце бульбу — у краме ці на рынку?

— Як калі даводзіцца, але я больш на нашым Заходнім рынку бяру. І вось днямі набыла па тры тысячы — харошая бульба, а прыехала дахаты — яна, па-першае, пацякла, а па-другое — паточаная дроцікамі і такая на плямах сініх — фітафтора, ці як там хвароба называецца. Іншы раз лепшая трапляецца — словам, раз на раз не прыходзіцца.

— А ці задавальняюць вас цэны?

— Калі казаць пра рынкавыя цэны, то кілё бульбы каштуе адзін даляр — гэта, вядома, дорага. Мы, „бульбашы“, усё ж любім бульбу, і для беларусаў сорамна, каб такая бульба была.

Адной з прычынаў нізкай якасьці і ўраджайнасьці беларускай бульбы дзяржаўныя чыноўнікі называюць леташняе сьпякотнае надвор’е. Але ў НПЦ бульбаводзтва заяўляюць, што галоўная праблема — парушэньне тэхналёгіі вырошчваньня бульбы, альбо, іншымі словамі, — нядбайнасьць кіраўнікоў гаспадарак. Акрамя таго, цэны на беларускую бульбу намесьнік дырэктара НПЦ Іван Калядка называе неапраўдана высокімі:

Перадусім адбываецца парушэньне тэхналёгіі вырошчваньня.
«За якасьць нікога і нічога ня варта вінаваціць: хто вырошчвае бульбу, той і павінен даваць якасную прадукцыю. А перадусім адбываецца парушэньне тэхналёгіі вырошчваньня: падбор палёў, мінэральных угнаеньняў і асабліва парушэньні па ахове бульбы. Што тычыцца цэнаў на бульбу, то я лічу, што цэны ў Беларусі штучна завышаныя. У пераважнай бальшыні гэтыя цэны прывязваюцца да расейскага рэгіёну: калі там цэны падвышаюцца, то і тут аўтаматычна ідзе выроўніваньне цэнаў. А для Беларусі гэтая цана можа быць значна ніжэйшая».

Яшчэ адна прычына нізкай якасьці бульбы і яе высокай цаны, на думку былога выпускніка Магілёўскай сельгасакадэміі і дырэктара саўгасу, палітыка Рыгора Кастусёва, — палітычная: дзяржаўны лад гаспадараньня на зямлі:

«Самае галоўнае пытаньне і першаснае — адсутнасьць прыватнай уласнасьці на зямлю. Пакуль на зямлі ня будзе гаспадара, датуль і толку ў сельскай гаспадарцы ня будзе. Бо зараз у чалавека, які працуе на зямлі, адсутнічае матывацыя гэтай працы: ён выходзіць на працу ў калгасе ці саўгасе, як раб, а раб ніколі ня будзе імкнуцца атрымаць найлепшы вынік ад сваёй працы. І нават тое, што мы вырошчваем, мы ня маем магчымасьці захаваць ці якасна перапрацаваць. Бульбасховішчы маюць нізкую эфэктыўнасьць: паводле афіцыйных зьвестак, там гніе 30% бульбы, а насамрэч — больш за палову, і гэта кладзецца на сабекошт бульбы. І так пытаньне стаіць ня толькі па бульбе, а па ўсёй беларускай сельгаспрадукцыі».

Незалежныя экспэрты таксама паведамляюць, што цана беларускай бульбы амаль зраўнялася з усясьветнай, пры тым, што якасьць не ідзе ні ў якое параўнаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG