Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ўцякаюць зь Лібіі на расейскіх самалётах


Эвакуяваныя зь Лібіі людзі ў аэрапорце Дамадзедава ў Маскве.
Эвакуяваныя зь Лібіі людзі ў аэрапорце Дамадзедава ў Маскве.
Беларуская амбасада ў Лібіі пачала эвакуацыю грамадзян Беларусі. Сёньня ў Маскву з Трыпалі дастаўленыя каля 10 чалавек.

Беларускіх грамадзянаў даставіў у Маскву другі самалёт МНС Расеі. Усяго ў Трыпалі накіраваныя чатыры такія самалёты. Але, як паведамілі на «гарачай лініі» МНС у Маскве, грамадзян Беларусі даставяць толькі на адным. Дарадца амбасады Беларусі ў Расеі Віталь Сьліўка паведаміў «Свабодзе», што разам з грамадзянамі Расеі й іншых краін СНД на борце 10–11 беларусаў. Раней беларускі МЗС паведаміў пра эвакуацыю зь Лібіі каля 20 чалавек. Віталь Сьліўка патлумачыў:

«Так, 20, потым 13, і цяпер, паводле апошніх дадзеных, 10–11 чалавек. Праблем з разьмяшчэньнем нашых грамадзян не было. Відаць, гэта грамадзяне, якія пагадзіліся і прынялі рашэньне вяртацца на радзіму.

Гэта члены сем’яў нашай дыпмісіі ў Трыпалі і іншыя беларусы, якія апынуліся воляй лёсу ў гэтай краіне. У аэрапорт выехаў супрацоўнік нашага консульскага аддзелу. Мы іх прывозім у амбасаду, тут забясьпечым гарачым харчаваньнем, цёплым адзеньнем, бо там клімат адрозьніваецца ад нашага. Яны змогуць жыць у гатэлі амбасады, а потым будзе аказана дапамога для ад’езду ў Беларусь».

Эвакуаваныя распавялі РИА Новости, што падчас беспарадкаў ім было страшна выходзіць на вуліцу, адтуль увесь час даносілася страляніна. Улады Лібіі жорстка душаць народныя хваляваньні. Для разгону дэманстрацый у Трыпалі і ў Бэнгазі была ўжыта вайсковая авіяцыя. Падчас гэтых падзеяў у Лібіі загінула больш за 500 чалавек, колькасьць параненых набліжаецца да чатырох тысячаў.

Тым часам супрацоўнікі беларускай амбасады ў Лібіі застаюцца ў Трыпалі на сваіх працоўных месцах. Там кажуць, што дыппрадстаўніцтва працуе ў штатным рэжыме. Найперш яно займаецца эвакуацыяй і дапамогай грамадзянам Беларусі, сказаў дарадца беларускай амбасады ў Лібіі Рыгор Грамыка:

«Працуем з нашымі грамадзянамі. Усім, хто зьвяртаецца ў амбасаду, аказваецца поўнае садзеяньне. Я толькі што вярнуўся з аэрапорту, частка грамадзян Беларусі ўжо зьехала. Што да дапамогі нашым грамадзянам, то тут абсалютнае садзеяньне аказвае амбасада».

Спадар Грамыка адзначыў, што грамадзяне Беларусі яшчэ застаюцца ў Лібіі.

Грамадзяне Беларусі, вядома, застаюцца. Ёсьць і жанчыны, якія замужам за лібійскімі грамадзянамі.
«Грамадзяне Беларусі, вядома, застаюцца. Ёсьць і жанчыны, якія замужам за лібійскімі грамадзянамі. Некаторыя грамадзяне проста адмовіліся выяжджаць. У прынцыпе, на гэты момант сытуацыя даволі спакойная, стабільная — прынамсі ў Трыпалі. Мы гатовыя аказаць садзеяньне ўсім, хто зьвернецца ў амбасаду. На гэты момант усе, хто хацеў атрымаць дапамогу ад беларускай амбасады, яе атрымалі».

«Вы кажаце, што сытуацыя спакойная, але вядома, што загінулі сотні дэманстрантаў…»

«Я кажу, на гэты момант. Канкрэтна на гэты момант сытуацыя ў Трыпалі спакойная. Цяпер няма стрэлаў. У Трыпалі цяпер сытуацыя спакойная. Я не кажу пра Бэнгазі, пра іншыя рэгіёны краіны».

«А чаму цяпер небясьпечна знаходзіцца ў Лібіі?»

«Вы паглядзіце навіны, і там усё зразумела. Вы ведаеце, якая сытуацыя ў Паўночнай Афрыцы. Таму пытаньні пэўныя ёсьць. Але што тычыцца задач, пастаўленых цэнтрам, кіраўніцтвам краіны, амбасада выконвае іх у поўным аб’ёме».

«Ці ізаляваныя беларускія дыпляматы, ці маюць яны кантакты зь лібійскім кіраўніцтвам?»

«Паўтаруся, што ў нас цяпер задача не падтрымліваць кантакты з кім-небудзь, апроч беларускіх грамадзянаў. Мы гэтыя задачы выконваем у поўным аб’ёме».

На просьбу даць ацэнку таму, што ў Лібіі расстрэльваюць дэманстрантаў, прадстаўнік амбасады адказаў, што дадатковую інфармацыю можна атрымаць у прэс-службе МЗС Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG