Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ім — пра салідарнасьць з палітвязьнямі, а яны нам — пра «Зімовыя забавы»


Дэмакратычных актывістаў працягваюць выклікаць у мясцовыя аддзелы КДБ й міліцыі на допыты й так званыя «прафіляктычныя гутаркі». Сьледчыя цікавяцца падрабязнасьцямі падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня.

Тым часам у рэгіёнах не спыняецца рух салідарнасьці з палітвязьнямі, а прадстаўнікі апазыцыі рыхтуюць новыя акцыі пратэсту.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«На допыт у КДБ пайду не з пустымі рукамі»

Уладзімер Целяпун
Грамадзкі актывіст з Мазыра Ўладзімер Целяпун атрымаў паўторную позву зьявіцца ў мясцовы аддзел КДБ на допыт па справе аб сьнежаньскіх падзеях у Менску:

«Прыйшоў опэрупаўнаважаны Прыходзька з гарадзкога аддзелу КДБ разам з напарнікам, які не назваўся, і яны ўручылі мне паўторную позву зьявіцца ў аддзел 24 лютага на допыт».

Мясцовыя спэцслужбы выклікалі ўжо на допыт Уладзімера акурат у той час, калі ён лекаваўся ў шпіталі ад гіпэртанічнага крызу. Перад тым у кватэры спадара Целяпуна быў учынены ператрус —забралі жорсткі дыск кампутара, DVD-дыскі, а таксама кампутар сына і флэшку зь ягонай дыплёмнай працай.

Уладзімер ня езьдзіў у Менск 19 сьнежня. Падчас выбарчай кампаніі ён быў назіральнікам. Тым ня менш яго выклікаюць на допыт у якасьці сьведкі пра падзеі ў сталіцы.

Спадар Целяпун кажа, што пойдзе ў гарадзкі аддзел КДБ не з пустымі рукамі:

«У мяне ёсьць з чым ісьці туды — сьведчаньне аб прычынах, якія прывялі да незадавальненьня людзей. Я зьбіраюся ісьці не з пустымі рукамі. Зраблю копіі ўсіх сваіх заяваў, якія рабіў як назіральнік у выбарчых камісіях — і раённай, і ўчастковай. Усе афіцыйныя адказы вазьму, якія мне прыходзілі. Распавяду пра тое, як фармаваліся ўчастковыя выбарчыя камісіі нейкімі „працоўнымі групамі“, хто там кіраўнік і які склад гэтых „працоўных групаў“. Ну, і іншыя заявы».

Уладзімер Целяпун кажа, што назірае за выбарамі ад 1989 году. Нягледзячы на пэўныя крокі ў справе лібэралізацыі выбарчага заканадаўства, выбарчы працэс у Беларусі застаецца закрытым для грамадзкасьці, а да падліку галасоў сфармаваныя ўладамі камісіі нікога й блізка не падпускаюць.

Паводле актывіста, гэта й выклікае незадавальненьне неабыякавых выбарцаў.

ВІЦЕБШЧЫНА


Прафіляктычная гутарка зь сям’ёй актывіста

Алесь Галавань
Актывіста «Маладой Беларусі» Алеся Галаваня разам з бацькамі-пэнсіянэрамі выклікалі ў Першамайскі РАУС Віцебску, каб паразмаўляць пра менскія падзеі 19-га сьнежня. Алесь Галавань быў тады затрыманы і адбыў 10 сутак арышту ў жодзінскай турме № 8. Размаўляць зь міліцыянтамі ён не пайшоў, бо афіцыйнай позвы яму не ўручылі. Зь ягонай маці гаворка выйшла наступная, распавядае Алесь Галавань:

«Пытаньні былі толькі пра 19-га: пыталіся ў маці, ці ведае яна, што я ўдзельнічаў у так званых масавых беспарадках. Яна сказала, што ведае — бо на наступны дзень, як я паехаў, у нас у хаце быў праведзены ператрус».

Алесю Галаваню 28 гадоў, і «прафіляктычныя гутаркі» міліцыянтаў з бацькамі ён расцэньвае не як захады дзеля ягонага выхаваньня, а як псыхалягічны ціск на яго і бацькоў-пэнсіянэраў.

Замест мітынгу салідарнасьці з палітвязьнямі — «Зімовыя забавы»


Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.
Тым часам віцебскія актывісты ўжо другі раз паспрабавалі правесьці мітынг салідарнасьці з палітвязьнямі, якія трапілі за краты пасьля падзеяў у Менску 19 сьнежня. І ўжо другі раз выканкам Чыгуначнага раёну ня даў дазволу правесьці акцыю ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Першы раз, 13 лютага, там якраз праводзіліся лыжныя спаборніцтвы, а пасьля заяўкі на 27-га лютага райвыканкам прызначыў у парку «Зімовыя забавы». Адмову ўладаў камэнтуе Аляксей Гаўруцікаў, аднапартыец і давераная асоба кандыдата Мікалая Статкевіча:

«Якраз у той дзень і ў тым самым месцы, дзе мы прасілі дазволу на мітынг салідарнасьці з палітвязьнямі, будзе праходзіць сьвята „Зімовыя забавы“. Улады проста спалоханыя, іх насьцярожваюць нашы звароты, і яны імкнуцца „накласьці“ свае імпрэзы на нашы, каб стварыць ілюзію законнасьці таго, што яны робяць».

Акцыю салідарнасьці ў Наваполацку забаранілі таксама

Наваполацкія актывісты таксама атрымалі з гарвыканкаму чарговую адмову на сваю заяву аб пікеце салідарнасьці з палітвязьнямі. Ужо другі раз мясцовыя ўлады аргумэнтуюць адмову тым, што масавыя беспарадкі адбываліся ў Менску, а таму і падтрымліваць затрыманых і зьняволеных удзельнікаў празь неканстытуцыйныя акцыі яны не дазваляюць.

Адказам апазыцыі на гэта стала аб’яднаньне мясцовых дэмакратычных сілаў, кажа актывіст Яўген Парчынскі:

«Створаны аргкамітэт па фармаваньні новага грамадзкага аб’яднаньня ў Полацкім рэгіёне, яно будзе называцца „Вольны рэгіён“. Увайшлі туды прадстаўнікі розных партый і проста неабыякавыя людзі».

Першай справай новага ўтварэньня стаў збор подпісаў за вызваленьне палітвязьняў, распавядае спадар Парчынскі. Іх сабрана ўжо некалькі соцень.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Пікет салідарнасьці забаронены, адбудзецца дэманстрацыя

Праваабаронцы зь Берасьця атрымалі з гарвыканкаму адмову на правядзеньне пікету ў знак падтрымкі палітычных вязьняў. Але праваабаронцы ўсё роўна плянуюць правесьці мерапрыемства.

Праваабаронца зь незарэгістраванага аб’яднаньня «Берасьцейская вясна» Васіль Ваўранюк плянаваў 26 лютага наладзіць пікет. Аднак чыноўнікі адмовілі, кажа праваабаронца Ўладзімер Вялічкін:

Уладзімер Вялічкін
«Адмова ў правядзеньні мерапрыемства была, зрэшты, чаканая, і фармуліроўка ўжо набыла стандартны выгляд: у сувязі з тым, што месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў, за выключэньнем дэманстрацый і вулічных шэсьцяў, зьяўляецца спартовы комплекс „Лякаматыў“, пікет не дазваляецца праводзіць у цэнтры гораду».

Атрымаўшы з адміністрацыі адмову, праваабаронцы накіравалі чыноўнікам новы ліст.

Вялічкін: «Васіль Ваўранюк напісаў у сваёй чарговай заяве, што паколькі нельга праводзіць пікеты, то тады праваабаронцамі вырашана правесьці каля Цэнтральнага рынку дэманстрацыю. Паколькі рашэньнем гарвыканкаму забаронены пікеты, але дазваляюцца дэманстрацыі і вулічныя шэсьці, то будзе мерапрыемства менавіта ў фармаце дэманстрацыі».

Пакалечаная на Плошчы Мая Абромчык яшчэ не атрымала заключэньня судова-мэдычай экспэртызы

Мая Абромчык, студэнтка гістарычнага факультэту БДУ, да гэтага часу не атрымала з пракуратуры Ганцавіцкага раёну адказу на сваю заяву. Падчас разгону Плошчы ў Менску 19 сьнежня мінулага году амапаўцы зьбілі дзяўчыну, зламалі ёй нагу. Мая патрабуе прыцягнуць супрацоўнікаў амапу да адказнасьці. Адпаведная заява была складзена ўжо больш за месяц таму:

«У пракуратуры кажуць, што яшчэ няма заключэньня судова-мэдычнай экспэртызы. Таму справа зацягнулася. Бо ўжо прайшло больш чым месяц з моманту падачы скаргі. Што да стану здароўя, то нага паступова гоіцца, але дактары мусяць зрабіць дадатковыя здымкі, а гэта магчыма будзе зрабіць толькі празь месяц, а можа, нават і два».

Мая Абромчык цяпер часова жыве ў Ганцавічах, у сваіх бацькоў. Яна была вымушана перавесьціся зь дзённай формы навучаньня на завочную.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Рэпрэсіі з боку ўлады змушаюць апазыцыю яднацца

У Бабруйску перасьлед актывістаў апазыцыі змусіў мясцовых дэмакратаў аб’яднацца. Яны стварылі Каардынацыйную раду.

Зь перасьледам спэцслужбаў сутыкнуліся дзясяткі актывістаў палітычных і грамадзкіх арганізацыяў Бабруйску. Пра гэта кажа адзін з ініцыятараў стварэньня Рады, лідэр бабруйскіх сацыял-дэмакратаў Юры Грынявецкі:

«Тыя, хто раней не хацеў яднацца зь якіхсьці ідэалягічных прычынаў, цяпер зразумелі, што аб’яднаньне неабходнае дзеля вырашэньня асноўных пытаньняў — гэта барацьба ў абароне грамадзянскіх правоў і падтрымка людзей, якія падпалі пад рэпрэсіі. Каб мы маглі ў гэты складаны час вырашаць пытаньні дэмакратыі, правоў і свабоды нашых сяброў».

Меркаваньне спадара Грынявецкага падтрымлівае й кіраўнік гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валерый Бузінаеў. Гэтая партыйная арганізацыя, адна зь нямногіх апазыцыйных, мае ў Бабруйску статус зарэгістраванай. У яе сядзібе і падпісалі пагадненьне аб стварэньні Каардынацыйнай рады.

Аб’ядноўваюцца актывісты з Бабруйску, Асіповічаў, Кіраўску, Глуску.

Бузінаеў: «Рэпрэсіі адыгралі адштурхоўвальную ролю ад гэтага існуючага жорсткага рэжыму. Народ тэлефануе, цікавіцца, да нас цягнецца. Настрой цяпер пратэстны як ніколі раней. І калі мы разам будзем працаваць, то будзе больш магчымасьці пераадолець інфармацыйную блякаду, бо ў кожнага з нас ёсьць свой электарат, свае сувязі. Да нас далучыліся Асіповічы, Кіраўск, Глуск».

Пагадненьне аб стварэньні Каардынацыйнай рады падпісалі кіраўнікі бабруйскіх арганізацыяў АГП, Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», Партыі левых «Справядлівы сьвет», стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Далучыліся да Рады й некалькі грамадзкіх і прафсаюзных аб’яднаньняў.

Першым публічным мерапрыемствам Каардынацыйнай рады мае стаць сьвяткаваньне ў Бабруйску Дня волі. У якім фармаце яно пройдзе — яшчэ вырашаецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG