Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 лютага на працэсе над расейскімі грамадзянамі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам, якіх абвінавачваюць у масавых беспарадках, пракурор папрасіў перапынку, каб падрыхтаваць новае абвінавачваньне. Праваабаронцы ацэньваюць гэта як знак магчымага хуткага вызваленьня падсудных з-пад варты. Родныя палітвязьняў таксама аптымістычна глядзяць на далейшыя пэрспэктывы суду.

Маці падсуднага Івана Гапонава Сабіра Атакішыева зьбіраецца падаць у СІЗА заяву пра спатканьне з сынам. Таксама яна хоча адвезьці яму 13-кіляграмовую прадуктовую перадачу. Учарашні суд, на якім ранейшае абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках фактычна развалілася, дае спадарыні Атакішыевай спадзеў на хуткую сустрэчу зь ім на волі ці прынамсі на зьмякчэньне магчымага пакараньня:
... гэта радасьць. Хоць я яшчэ ня ведаю, чаму радавацца...

"Вядома, ноткі аптымізму прысутнічаюць, і вельмі сур'ёзна. Радасьць? Так, гэта радасьць. Хоць я яшчэ ня ведаю, чаму радавацца. Але вельмі радасна на душы".

Праваабаронцы, якія сочаць за працэсам, выказваюць прагноз, што пасьля зьмены абвінавачваньня Іван Гапонаў і Арцём Брэўс сапраўды могуць апынуцца на волі. Гаворыць Тацяна Равяка з праваабарончага цэнтру "Вясна":
сем'і падсудных могуць рыхтавацца, каб забраць іх на волю 1 сакавіка з судовай залі ...

"Мы прадбачым перакваліфікацыю або на хуліганства, артыкул 339 частка 2, і там магчымая санкцыя — арышт ад 3 да 6 месяцаў. Такім чынам, можа быць вынесены арышт 3 месяцы, зь іх ужо больш чым 2 месяцы гэтыя людзі адбылі пакараньне, і па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні іх адпусьцяць у залі суду. Або будзе перакваліфікацыя на артыкул 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), а там прадугледжана і ўмоўнае пакараньне. Такім чынам, наша бачаньне такое, што сем'і падсудных могуць рыхтавацца, каб забраць іх на волю 1 сакавіка з судовай залі".

Тацяна Равяка прызнае, што ў гэтым працэсе надзвычай вялікі палітычны складнік, як і ўва ўсіх судах за Плошчу, але ў выпадку з расейцамі ён асаблівы:
Калі б гэта былі не грамадзяне Расеі, то, відаць, судзьдзя праігнаравала б усе гэтыя супярэчнасьці ...

"Калі б гэта былі не грамадзяне Расеі, то, відаць, судзьдзя праігнаравала б усе гэтыя супярэчнасьці, якія былі ў паказаньнях сьведак, адсутнасьць рэальных доказаў. Для беларускіх грамадзян, магчыма, на ўсё гэта заплюшчылі б вочы. Для грамадзян Расеі, з улікам строгага кантролю расейскай амбасады і ўвогуле расейскага боку над гэтым працэсам, такое грубае ігнараваньне немагчымае".

Бацька яшчэ аднаго падазраванага па справе за Плошчу, палітоляг Аляксандар Класкоўскі рэкамэндуе не сьпяшацца з пазытыўнымі прагнозамі ў працэсе Гапонава і Брэўса:

Аляксандар Класкоўскі
"Ведаючы імпульсіўнасьць беларускіх уладаў, можна дапусьціць, што гэты ківач можа ў любы бок хіснуцца. Адна імпульсіўная сварка з Крамлём — і можа быць зусім іншае рашэньне, чым тое, што, магчыма, зараз насьпявае. Увогуле ж, калі параўноўваць працэсы над Парфянковым і над двума расейскімі грамадзянамі, то думаю, што адрознасьць тут бачная".

Спадар Класкоўскі перакананы, што працэс над Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам "разваліўся на вачах", нават улічваючы спэцыфіку беларускай судовай сыстэмы.

"І другі момант — замежнапалітычны. Безумоўна, ідзе ціск Расеі — і дыпляматычны, і па нейкіх іншых каналах. І я не выключаю, што тое, што не перасекліся трасы беларускага прэзыдэнта і расейскага тандэма ў Сочы, хоць яны разам знаходзіліся, — гэта таксама сыгнал, чорная метка беларускаму кіраўніцтву — хай, маўляў, думаюць, як вырашыць пытаньне з расейцамі. І таму ня выключана, што зараз вырашылі спусьціць гэтае пытаньне на тармазах".

Тым часам ад сына спадара Класкоўскага Аляксандра зь СІЗА КДБ новых вестак няма — яго, як і іншых вязьняў "амэрыканкі", трымаюць у жорсткай інфармацыйнай блякадзе, не прапускаюць большасьць ягоных лістоў, не даюць магчымасьці рэгулярна сустракацца зь ім адвакату, кажа спадар Класкоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG