Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першага сакавіка ў Менску адбудуцца адразу 4 працэсы па справе аб масавых беспарадках: супраць Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка, Дзьмітрыя Мядзьведзя, Арцёма Брэўса і Івана Гапонава.

На 1 сакавіка ў Фрунзенскім судзе Менску прызначаны два судовыя працэсы па справе аб масавых беспарадках. Будзе разглядацца справа па абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках Аляксандра Атрошчанкава — прэс-сакратара экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна".

Таксама ў судзе Фрунзенскага раёну Менску прызначаны разгляд крымінальнай справы Зьмітра Новіка, які абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Новік быў затрыманы 23 сьнежня ў Баранавічах і ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 у Менску.

1 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачнецца таксама разгляд крымінальнай справы Дзьмітрыя Мядзьведзя, якога абвінавачваюць па другой частцы 293 артыкула Крымінальнага кодэксу за ўдзел у масавых беспарадках.

Мядзьведзь быў затрыманы на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Пасьля 10-суткавага арышту яго зноў затрымалі.

Таксама 1 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску пасьля перапынку працягнецца разгляд крымінальнай справы адносна двух расейцаў, Арцёма Брэўса і Івана Гапонава, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 22 лютага ў судзе па справе расейцаў быў абвешчаны перапынак у сувязі з прад'яўленьнем ім новага абвінавачаньня. Расейцаў затрымалі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG