Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі абласны суд задаволіў скаргу міліцыянтаў, нязгодных з рашэньнем Чыгуначнага раённага суду, які не знайшоў у дзеяньнях апазыцыянэра складу правапарушэньня. Барыс Хамайда штодня выходзіць у цэнтар Віцебску зь бел-чырвона-белым сьцягам, а супрацоўнікі міліцыі лічаць гэта незаконным пікетаваньнем.

Судзьдзя абласнога суду Ірына Смалякова вырашыла, што справу Барыса Хамайды зноў будзе разглядаць Чыгуначны раённы суд. Такім чынам, апраўдальная пастанова, вынесеная 4-га лютага судзьдзёй Аленай Цыганковай, скасаваная.

Спадар Хамайда нагадвае, што ў судзе Чыгуначнага раёну апраўдальныя пастановы выносіліся двойчы. І калі абласны суд скасаваў першую, то ў сіле застаецца пастанова, вынесеная 10-га лютага судзьдзёй Аленай Грабянчук, якая таксама прызнала, што выхад зь бел-чырвона-белым сьцягам — гэта яшчэ не пікет.

Апазыцыянэр абвясьціў акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга", прысьвечаную 20-м угодкам беларускай незалежнасьці. Пад бел-чырвона-белым сьцягам ён штодня распаўсюджвае незалежную прэсу каля так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна. Спадар Хамайда кажа, што супрацоўнікі міліцыі спрабуюць перашкодзіць таму, каб нацыянальны сьцяг лунаў у цэнтры Віцебску, але ён гатовы працягваць акцыю.

Дату чарговага судовага разбору яму пакуль не паведамілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG