Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ крытыкуе беларускія выбары ў выніковай справаздачы

  • БелаПАН

Прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 году ў Беларусі былі адзначаныя «недахопам незалежнасьці і бесстароннасьці выбарчых камісіяў», няроўнымі ўмовамі кандыдатаў і дэфіцытам празрыстасьці ў ключавых стадыях выбарчага працэсу.

Пра гэта гаворыцца ў выніковай справаздачы місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, апублікаванай 22 лютага.

«Ноч пасьля выбараў была азмрочаная затрыманьнем амаль усіх кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама сотняў грамадзян, у ліку якіх журналісты, праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці», — гаворыцца ў справаздачы.

Справаздача адзначае, што большасьць затрыманых удзельнікаў «несанкцыянаванай, як растлумачылі беларускія ўлады, акцыі» былі прыгавораныя судамі да адміністрацыйных арыштаў і штрафаў.

Акрамя таго, была распачатая крымінальная справа па факце масавых беспарадкаў. Дзесяткі чалавек, у іх ліку былыя кандыдаты ў экс-прэзыдэнты знаходзяцца пад вартай дасюль. «Усе гэтыя акалічнасьці падарвалі давер да выбараў», — гаворыцца ў заключэньні місіі.

У справаздачы адзначаюцца станоўчыя зьмены.

У студзені 2010 году ў Выбарчы кодэкс Беларусі быў унесены шэраг паправак паводле рэкамендацыяў БДІПЧ АБСЭ, у тым ліку пункты аб дэбатах кандыдатаў у дзяржаўных СМІ, магчымасьці стварэньня кандыдатамі індывідуальных выбарчых фондаў, новыя інструкцыі па датэрміновым галасаваньні.

«Але прававыя рамкі ўсё яшчэ не цалкам адпавядаюць абавязаньням у межах АБСЭ і міжнародным стандартам і па-ранейшаму маюць сур’ёзныя недахопы», — адзначаецца ў дакумэнце.

Акрамя таго, застаецца праблемай якасьць і дакладнасьць выбарчых сьпісаў, бо не існуе цэнтралізаванага і кампутарызаванага рэгістру. Складаньнем сьпісаў займаюцца адпаведныя органы мясцовай улады ў кожным раёне, а падрыхтаваныя сьпісы выбаршчыкаў пасьля гэтага не пераправяраюцца на рэгіянальным і нацыянальным узроўні, што не дае гарантыі пазьбегнуць магчымасьці шматразовай рэгістрацыі і ў выніку стварае рызыку шматразовага галасаваньня, лічаць у БДІПЧ АБСЭ.

У параўнаньні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі БДІПЧ адзначае паляпшэньні, бо кандыдаты мелі магчымасьць сустракацца з выбаршчыкамі, але не было роўных умоў паміж дзевяцьцю альтэрнатыўнымі кандыдатамі і дзейным прэзыдэнтам, які выкарыстоўваў адміністрацыйны рэсурс. Працэс праверкі подпісаў за кандыдатаў не быў адкрыты і празрысты.

Акрамя таго, паводле місіі, дзяржаўныя СМІ пры асьвятленьні выбарчай кампаніі не былі аб’ектыўныя і незалежныя.

У справаздачы адзначаецца, што ў Беларусі няма эфэктыўнага мэханізму падачы скаргаў у часе выбарчай кампаніі ці абскарджваньня вынікаў выбараў у Вярхоўным судзе.

БДІПЧ падкрэсьлівае, што падлік галасоў міжнародныя назіральнікі характарызуюць як «дрэнны ці вельмі дрэнны» амаль на 45% наведаных імі ўчастках. «Падлік галасоў праводзіўся ў цішыні, у нетранспарэнтнай манеры, што сур’ёзна ставіць пад сумненьне вынік», — гаворыцца ў справаздачы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG