Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор: «Новае абвінавачаньне будзе істотна адрозьнівацца»


Працэс над грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам спынілі ўжо пасьля заканчэньня судовага сьледзтва — для перапрад’яўленьня абвінавачаньня.

Працэс над расейцамі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам прыпыніўся тады, калі назіральнікам падавалася, што ўжо праз пару гадзінаў прагучыць прысуд. Пасьля апытаньня сьведак судом былі разгледжаны відэматэрыялы, ад абвінавачаных атрыманыя камэнтары, прадстаўнік абвінавачваньня Сяргей Кунаш змог задаць усе неабходныя пытаньні.

Праўда, тое, чым цікавіўся дзяржаўны абвінаваўца, публіку ў залі відавочна азадачыла. Ён не пытаўся у Брэўса і Гапонава адносна галоўнага ў паказаньнях сьведак-міліцыянтаў Якаўлева і Дударчыка, а ўдакладняў дэталі паказаньняў абвінавачаных. «Чаму вы тут нахіліліся?», «Чаму не сышлі з плошчы, як хацелі, ёсьць жа куды ісьці?» — прыкладам, такімі былі пытаньні пракурора Арцёму Брэўсу. Што да абставінаў, калі, дзе, чым, калі верыць сьведкам, абвінавачаныя білі міліцыянтаў — гэтых пытаньняў ад Кунаша прысутныя не пачулі. Чаму?

Маці Івана Гапонава Сабіра Атакішыева сядзела на адзін шэраг бліжэй за мяне да манітора. Пытаюся, што яна ўбачыла пры праглядзе відэа?

«Ні-чо-га. Нічога ня ўбачыла, бо пракурор падняўся, закрыў увесь экран, і я нічога гэтак і ня ўбачыла — што і як».

Якое відэа ў судзе не паказалі?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00
Наўпроставы лінк


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч апынуўся ў такім жа стане: сядзеў у залі, але сказаць, былі на відэа доказы таго, што Брэўс і Гапонаў сапраўды «ўжывалі фізычную сілу» адносна міліцыянтаў — ня можа, бо нічога ня мог убачыць і пачуць. Адключаны быў і гук відэазапісу, адзначае праваабаронца. Валянцін Стэфановіч лічыць, што абвінаваўца Кунаш мусіў закрываць экран, каб публіка ня ўбачыла, што доказаў няма:

«Я б сказаў, што ўвесь працэс — слабое месца. Бо паказаньні сьведак-міліцыянтаў, якія агучваліся ў працэсе, таксама супярэчлівыя. Супярэчылі сьведкі адзін аднаму па часе і па месцы здарэньня».

Пасьля заканчэньня судовага паседжаньня журналісты доўга чакалі падыходу да прадстаўнікоў мэдый Сяргей Кунаша, які папрасіў адкласьці разгляд справы, каб перакваліфікаваць абвінавачваньні. Але марна.

Ужо ўвечары супрацоўнік пракуратуры Менску Сяргей Балашаў са спазненьнем, але пракамэнтаваў зьмену абвінавачаньня. «З улікам паказаньняў сьведак ды іншых матэрыялаў справы ўзьнікла неабходасьць новага абвінавачаньня, якое істотна адрозьніваецца ад раней прад’яўленага», паведамляе «Інтэрфакс».

Для праваабаронцы Гары Паганяйлы паварот зь перакваліфікацыяй абвінавачваньня ня стаў нечаканасьцю. Ужо пасьля апытаньня сьведак спадар Паганяйла казаў, што працэсу ў такім выглядзе забясьпечана параза.
Як былы судзьдзя магу сказаць, што ў такім працэсе выявіць факт масавых беспарадкаў будзе немагчыма.


«Як суд зьбіраецца дасьледаваць такія доказы і ўвогуле вызначыцца, ці быў сам факт масавых беспарадкаў, мне не ўяўляецца магчымым. Як былы судзьдзя магу сказаць, што ў такім працэсе выявіць факт масавых беспарадкаў будзе немагчыма. Калі кіравацца карцінкай, паказанай БТ, і тым, што паведамялі дзяржаўныя мэдыі, то, магчыма, у галаве судзьдзі і складзецца выснова, што былі масавыя беспарадкі. Але да гэтага ўсяго трэба яшчэ і доказы. Іх трэба дасьледаваць у судзе. Даць ім прававую ацэнку і толькі пасьля гэтага пераходзіць да ацэнкі дзеяньняў пэўных асобаў, якія удзельнічалі. Але ў дадзеным выпадку працэс зроблены такім чынам: воз паставілі паперадзе каня».

Што будзе з матэрыяльнымі прэтэнзіямі да Брэўса і Гапонава, пра якія ад пачатку казала сьледзтва? У канцы судовага паседжаньня прадстаўнік галоўнай гаспадарчай управы Адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітры Лепеш адмовіўся падтрымліваць грамадзянскі пазоў, спаслаўшыся на тое, што 14 мільёнаў рублёў стратаў ужо кампэнсавана. Ці азначае гэта, што на ўсіх будучых працэсах пад удзельнікамі падзей 19 сьнежня таксама ад матэрыяльных прэтэнзій адмовяцца? У размове з карэспандэнтам «Свабоды» спадар Лепеш гэтага не абяцае:

«Да гэтых абвінавачаных, так, прэтэнзій няма, але што да іншых — не хачу камэнтаваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG