Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Авіякампанія Гомельавія» спыніла ўсе свае рэгулярныя авіярэйсы. У прыватнасьці, закрыты пералёты па маршруце «Гомель—Мінск-1», «Мінск-1— Калінінград», «Горадня—Калінінград».

Як паведамілі ў «Гомельавія», апошні рэйс на Калінінград быў выкананы напярэдадні. Напаўняльнасьць паветранага судна складала амаль тры чвэрці ад магчымага. Цяпер набытыя квіткі патэнцыйным пасажырам прапанавана здаць у тыя касы, дзе яны былі куплены.

У авіяцыйнай кампаніі просяць падтрымаць калектыў, паколькі бяз працы застаюцца паўтары сотні лётчыкаў і абслуговага пэрсаналу. Да таго ж рэйсы паміж Гомелем і Менскам былі адзінымі ўнутранымі маршрутамі, якія існавалі ў краіне. Хутчэй за ўсё, каб трапіць на самалёт у Калінінград, і гамельчукам, і гарадзенцам цяпер давядзецца дабірацца цягніком і аўтобусам у нацыянальны аэрапорт.

Паводле гомельскіх спэцыялістаў, дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту й камунікацыяў лічыць існаваньне рэгіянальнай авіякампаніі нерэнтабэльным. Рэйсы на Калінінград нібыта цалкам можа ажыцьцяўляць нацыянальная кампанія «Белавія». Ці будуць яны пачынацца з Гомеля, пакуль дакладна не вядома.
XS
SM
MD
LG