Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандр Лукашэнка пагражае выкарыстаць войска?


У панядзелак кіраўнік Беларусі выступіў з пагрозамі выкарыстаць войска супраць апазыцыі і іншых краін. У чым прычыны такіх выказваньняў? Чаму Аляксандар Лукашэнка імкнецца зрабіць войска інструмэнтам палітычнай барацьбы?

Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін і шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

Андрэй Дынько
Леў Марголін
Валер Карбадевіч

Войска супраць апазыцыі


Валер Карбалевіч: «Выступаючы ў Другой інжынэрнай брыгадзе, Лукашэнка заявіў, што гатовы ўжыць войска супраць незадаволеных, якія выходзяць на вуліцу. Прычым ён не саромеецца казаць, што гатовы выкарыстоўваць войска для абароны сваёй улады. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Леў Марголін: «Гэта непазьбежны этап эвалюцыі любой дыктатуры, прычым заключны этап. Але тут пачынаецца самае цікавае. Калі апазыцыя — гэта купка „адмарозкаў“, то навошта прымяняць войска? Яго прымяняюць толькі тады, калі на вуліцу выходзіць народ. А ў такім разе войска разумее, што вінаваты кіраўнік дзяржавы. Думаю, што Лукашэнкам кіруе страх, ён губляе здольнасьць разважаць цьвяроза і прымаць узважаныя рашэньні».

Андрэй Дынько: «Па-мойму, псыхалёгія паперла. Падзеі на Блізкім Усходзе яго моцна ўразілі. Бо яны разбураюць некаторыя яго перакананьні. Па-першае, ён лічыў, што народныя паўстаньні магчымыя толькі там, куды пранік вірус заходняга індывідуалізму, дзе ёсьць заходнія традыцыі. А тут паўстаньні адбываюцца ў рэжымах, дзе, здавалася б, усё жалезабэтонна.

Па-другое, Лукашэнка казаў, што мы гатовыя ўжыць любую сілу, таму рэвалюцый у нас ня будзе. А ў Тунісе, Эгіпце, Лібіі і іншых краінах дыктатары ўжывалі сілу, але гэта іх не ратуе.

Па-трэцяе, Лукашэнка, здаецца, не да канца разумее, адкуль бяруцца гэтыя рэвалюцыі і паўстаньні. Ён стварыў сабе зручныя тэорыі, што гэта ўсё інтрыгі Захаду, заходніх спэцслужбаў. Але рэвалюцыі ў Тунісе і Эгіпце вырасьлі на нацыянальнай глебе. Бо людзі не жадалі мірыцца зь несвабодай, дыктатам, хацелі іншага ладу. Фактычна, гэтыя падзеі апусьцілі Лукашэнку тварам у рэальнасьць».

Карбалевіч: «Зьвярнуў бы ўвагу, што ў тым жа Тунісе, Эгіпце рэвалюцыі арганізавала не мясцовая апазыцыя. Яны сталі вынікам стыхійнага народнага выбуху. Таму змаганьне з апазыцыяй і Захадам, што цяпер робіць Лукашэнка, нічога не гарантуе і не прадухіляе».

Ідэя сакральнасьці ўлады


Карбалевіч: «Падаецца, што ў такіх выказваньнях існуе ідэалягічны падмурак. Лукашэнка лічыць, што ўсякая ўлада — рэч сакральная. Яна недатыкальная, пасяганьне на яе ёсьць страшны грэх і злачынства. Нават дакрананьне рукамі да шчытоў, якімі былі заблякаваныя дзьверы Дома ўраду, ёсьць вялікае злачынства, за якое даюць чатыры гады строгага рэжыму».

Марголін: «Сапраўды, часта вінавацяць апазыцыю ў тым, у чым яна не вінаватая. Ва ўмовах дыктатуры магчымасьць апазыцыі арганізоўваць рэвалюцыю абмежаваная. Гэта адбываецца як народны выбух. Прычыны могуць быць розныя: недахоп ежы, рост цэнаў.
Наша войска ня будзе страляць у народ.


Падзеі на Блізкім Усходзе паказваюць, што калі пратэсты дасягаюць пэўнай ступені, войска спыняе падтрымку дыктатара. Думаю, у Беларусі сытуацыя ня дойдзе да таго, што адбываецца ў Лібіі. Наша войска ня будзе страляць у народ».

Дынько: «У дадзеным выпадку мы маем справу з экзыстэнцыйным жахам. Лукашэнка ў пэўны момант паверыў, што ён будзе кіраваць Беларусьсю столькі, колькі сам захоча. Як Кадафі, Мугабэ, Кастра. Ён верыць у сваю шчасьлівую зорку, свой незраўнаны палітычны геній.

Ён лічыць, што рэвалюцыі здараюцца ад слабасьці кіраўнікоў дзяржаў. Вось Мілошавіча ў Югаславіі скінулі таму, што той быў слабы. „Аранжавая рэвалюцыя“ ва Ўкраіне адбылася таму, што Януковіч быў слабак. А калі кіраўнік круты, разумны, то можа кіраваць колькі хоча.

Рэвалюцыі ў Тунісе і Эгіпце яшчэ можна патлумачыць тым, што тыя былі кліентамі Захаду. І калі Захад перакрыў там кранік, яно і пасыпалася. А вось паўстаньне ў Лібіі, відаць, зачапіла Лукашэнку вельмі балюча. Бо нагадала яму старую беларускую прымаўку: круці не круці, а мусіш сысьці».

Беларусь і падзеі на арабскім Усходзе


Карбалевіч: «Калі ён верыць у сваю шчасьлівую зорку, то адкуль такі жах? Здаецца, што ён яшчэ не пасьпеў адысьці ад падзеяў 19 сьнежня, як на гэтую незажыўленую рану наклаліся падзеі ў краінах арабскага Ўсходу. Усё гэта разам стварыла такі рэзананс, які парушыў душэўную раўнавагу кіраўніка.

Цікава, што апошнімі днямі беларускія тэлеканалы мінімальна паказваюць, што адбываецца на Блізкім Усходзе, у прыватнасьці, у Лібіі. Гэта спроба схавацца ад рэчаіснасьці?»

Марголін: «Думаю, улады баяцца, каб падзеі ў арабскім сьвеце не былі ўспрынятыя беларусамі як падказка, што трэба рабіць. Бо хутка вясна, а там Дзень волі, Чарнобыльскі шлях. Але сёньня гэтыя намаганьні марныя. Бо сёньня знайсьці інфармацыю няцяжка».
Сын Кадафі казаў тое ж, што калісьці казаў Лукашэнка: мы ўладу не аддамо, будзем змагацца да апошняга патрона.


Дынько: «Думаю, кіраўніцтва нашых тэлеканалаў дзейнічае не крэатыўна. Ім трэба было б паказаць зварот да народа сына Кадафі, які кажа, што пратэстуюць „адмарозкі“ і наркаманы, што за гэтым стаяць замежныя спэцслужбы, што апазыцыя цягне краіну ў грамадзянскую вайну. Сын Кадафі казаў тое ж, што калісьці казаў Лукашэнка: мы ўладу не аддамо, будзем змагацца да апошняга патрона».

Ваенная пагроза іншым краінам


Карбалевіч: «У тым жа выступе ў панядзелак Лукашэнка заявіў, што ў выпадку ўвядзеньня эканамічных санкцый Беларусь дасьць ваенны адказ: „Гэта дорага тым абыдзецца. Я не нагнятаю становішча, такога становішча цяпер няма. Але калі яно ўзьнікне, то і дзейнічаць мы будзем адэкватна. Я ня бразгаю зброяй, але і гэтага дабра ў нас хопіць“. Наколькі гэтая заява адэкватная сытуацыі?»

Марголін: «Гэта па-за межамі рацыянальнага. Гэта панічны жывёльны страх, калі чалавек не здае сабе справу, што ён гаворыць. Як ён сабе ўяўляе прымяненьне зброі супраць тых краін, якія ўвядуць эканамічныя санкцыі?»

Дынько: «Я таксама слаба ўяўляю, чым Беларусь можа адказаць на эканамічныя санкцыі. Больш за ўсё Лукашэнка баіцца каардынацыі дзеяньняў ЭЗ і Расеі ў беларускім пытаньні, іх узгодненага эканамічнага ціску. У такім выпадку ў яго застанецца два выхады. Альбо ператварыць Беларусь у Паўночную Карэю, альбо разьвітацца з уладай.

Такое бразганьне зброяй выкліча пэўную ўвагу ў Эўропе. Некаторыя эўрапейскія палітыкі асьцерагаюцца, што будаўніцтва беларускай АЭС у будучыні можа прывесьці да разьвіцьця ядзернай праграмы ня толькі ў мірных мэтах. Такія заявы Лукашэнкі прымушаюць эўрапейцаў глядзець на беларускі рэжым як на непрадказальны. Такія меркаваньні склаліся ў Эўропе пасьля 19 сьнежня, а цяпер яны ўмацоўваюцца».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG