Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства Лібіі ў Менску моўчкі сочыць за рэвалюцыяй


Муамар Кадафі ў Менску, 2008 год.

Муамар Кадафі ў Менску, 2008 год.

У пасольстве Лібіі ў Менску адмаўляюцца падаваць інфармацыю «па любых пытаньнях» і пераконваюць, што дыпляматычнае прадстаўніцтва працуе ў ранейшым рэжыме.

На знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў у Лібіі некаторыя дыпляматычныя прадстаўніцтвы гэтай краіны абвясьцілі, што спыняюць выкананьне сваіх абавязкаў. Тым часам у лібійскай амбасадзе ў Менску, якую ўзначальвае часовы павераны Мухамед Халіфа, заяўляюць, што амбасада працуе ў звычайным рэжыме. Аднак ніякай інфармацыі там не падаюць і на пытаньні не адказваюць.Тыповы адказ зь лібійскай амбасады ў Менску:

«Пасольства ніякіх камэнтароў не дае. Пасольства ніякай інфармацыі не дае».

У амбасадзе Беларусі ў Трыпалі распавялі, што пасольства і яго супрацоўнікі працуюць у штатным рэжыме. Аднак грамадзяне зьвяртаюцца з пытаньнямі адносна вяртаньня ў Беларусь, і «часткова гэта адбываецца». Прадстаўнік амбасады сказаў, што ў Трыпалі «даволі небясьпечна», але ня стаў камэнтаваць абстрэлы дэманстрантаў авіяцыяй.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі, начальнік адзела прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына адзначыла «Свабодзе», што афіцыйны Менск працягвае ўважліва сачыць за сытуацыяй. Амбасада ў Трыпалі падтрымлівае сувязі зь беларускімі грамадзянамі.

«Паводле інфармацыі, якую мы маем, ніхто з грамадзянаў не пацярпеў. Зараз наша дыппрадстаўніцтва ў кантакце з пасольствамі Расеі, Украіны, Азэрбайджану прапрацоўвае варыянты эвакуацыі беларусаў. Цяпер плянуецца адпраўка рэйсам МНС Расеі нашых грамадзянаў, якія знаходзяцца ў лібійскай сталіцы і яе ваколіцах, а таксама членаў сем’яў супрацоўнікаў пасольства. Беларускія дыпляматы застаюцца ў Трыпалі і працягнуць аказваць неабходнае садзеяньне нашым грамадзянам».

Ваньшына адзначыла, што ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Лібіі МЗС Беларусі настойліва рэкамэндуе ўстрымацца ад паездак туды. Раней у МЗС Беларусі выказалі надзею на тое, што «хутка спыніцца гвалт і адновіцца мір і парадак у гэтай сяброўскай краіне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG