Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колас пра судзьдзю Комар: “Яна ўжо спазнае кошт свайго выбару”


Вольга Комар

Вольга Комар

“Калі я пачуў, што судзьдзя на першым працэсе па справе 19 сьнежня -- выпускніца нашага ліцэя, то падумаў -- недарэчны паклёп» -- піша Уладзімер Колас у артыкуле “Выбар Вольгі Комар”.

Артыкул дырэктар афіцыйна ліквідаванага Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя зьмешчаны ў газэце “Народная воля” і прысьвечаны судзьдзі Вользе Комар, якая пакарала Васіля Парфянкова 4 гадамі строгага рэжыму па абвінавачваньні за “ўдзел ў масавых непарадках на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году” .

У вачах заўсёды зьзялі вясёлыя гарэзьлівыя праменьчыкі. На “судовым” фота яны зьніклі.
“Неверагодныя чуткі спраўдзіліся, -- піша Уладзімер Колас. -- На іншых фота я пазнаў нашу выпускніцу Вольгу Канойку, якая зараз мае прозьвішча Комар. Я яе добра памятаю, бо ў ліцэі яна хадзіла і на мае заняткі па кіно. Добрая, разумная, сьціплая дзяўчына. Крыху сарамлівая, але ў вачах заўсёды зьзялі вясёлыя гарэзьлівыя праменьчыкі. На “судовым” фота яны зьніклі”.

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас прыгадвае, як “выпадкова сустрэў Вольгу ў будынку Гарадзкога суда. Тады яна працавала адвакатам. А я прыйшоў на нейкі чарговы працэс, пасьля чарговых “выбараў”. Уразіла, што Вольга адказвала мне толькі па-руску, і катэгарычна адмаўлялася пераходзіць на беларускую мову. Тлумачыла тым, што мова і сыстэма, у якую яна трапіла пасьля ліцэя, рэчы несумяшчальныя. Відавочна, што з гэтай сыстэмай несумяшчальна і многае іншае, чаму мы вучылі і вучым. Але тэрмін нашай вучобы доўжыцца ўсяго чатыры гады. А потым нашы выпускнікі трапляюць у іншае вымярэньне. З іншымі нормамі і іншымі каштоўнасьцямі. Дзе дагэтуль шануюцца помнікі катаў, на чыіх руках -- кроў дзясяткаў тысяч бязьвінных людзей. Дзе вуліцы носяць назвы тых, на чыім сумленьні ахвяры па “ліпавых” судовых працэсах -- узгадайце гучныя справы, зьвязаныя з «Саюзам вызваленьня Беларусі», «Беларускім нацыянальным цэнтрам», і г.д. На гэтых судах таксама былі “судзьдзі”. Якія прымалі да ўвагі ліпавыя “доказы”, ці выбітыя катаваньнямі “чыстасардэчныя прызнаньні”. І выносілі “правільныя” прысуды. Ці зьмянілася што з тых часоў у нашай “прававой” сыстэме? Ці можна, працуючы там, заставацца сумленным чалавекам?..”

“Калісьці, яшчэ ў савецкія часы, калі ліцэй толькі пачынаўся, я запрасіў да вучняў Васіля Быкава, -- прыгадвае Уладзімер Колас. -- І спытаў, што ён можа параіць маладым людзям, якія, апынуўшыся, напрыклад, у войску, ці на дзяржаўнай пасадзе, атрымаюць злачынны загад: забіць ці асудзіць бязьвіннага чалавека. Я чакаў, што Быкаў, які геніяльна распрацаваў у сваіх творах сытуацыю маральнага выбару, дасьць нашым ліцэістам нейкую эфэктную і пераканаўчую параду, унівэрсальную інструкцыю паводзін у цяжкіх жыццёвых сытуацыях. І мяне вельмі зьдзівіла, што спадар Васіль тады проста ўхіліўся ад адказу, прамовіўшы нешта не зусім па тэме і не зусім канкрэтнае.

Для Васіля Парфянкова кошт ягонага выбару быў вызначаны Вольгай Комар -- чатыры гады пазбаўленьня волі.
Але потым я зразумеў. Быкаў не жадаў браць на сябе функцыі прапагандыста, кіраўніка розумаў і душ. Усё, што ён меў сказаць, ён сказаў у сваіх творах. І кожны, хто іх прачытаў, вольны рабіць свае ўласныя высновы і свой уласны выбар у тых няпростых сытуацыях, якія дорыць нам наша нялёгкае жыцьцё.

Для Васіля Парфянкова кошт ягонага выбару быў вызначаны Вольгай Комар -- чатыры гады пазбаўленьня волі. Але і Вользе, якая таксама зрабіла ў гэтай сытуацыі свой выбар, прыйдзецца спазнаць ягоны кошт. Хаця, чаму прыйдзецца? Яна яго ўжо спазнае.

Дарагія выпускнікі! Памятайце, чаму вы вучыліся ў ліцэі! Дарагія беларусы! Жывіце па Быкаву!” – заканчвае свой артыкул Уладзімер Колас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG