Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Многія актывісты беларускай апазыцыі, якіх міліцыя і КДБ перасьледуюць пасьля акцыі пратэсту 19 сьнежня, спрабуюць абараніцца з дапамогай скаргаў у розныя інстанцыі. Некаторыя намагаюцца скасаваць рашэньні аб пастаноўцы іх спэцслужбамі на прафіляктычны ўлік. Таксама апэляцыю ў суд вышэйшай інстанцыі накіраваў звольнены журналіст газэты "Знамя Юности".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Вылічваюць вернікаў, якія 19 лютага ўдзельнічалі ў малітве за Беларусь

Улада ў рэгіёне заклапочаная зараз высьвятленьнем асобаў вернікаў, якія далучаюцца да малітваў за Беларусь і за тых, каго трымаюць у турме КДБ.

Савет па справах рэлігіі Берасьцейскага аблвыканкаму выказаў занепакоенасьць тым, што вернікі розных парафіяў падпісаліся пад заклікам правесьці супольную малітву за Беларусь. Зь Менску, кажа адзін зь вернікаў, у Берасьцейскі аблвыканкам прыйшло патрабаваньне высьветліць сутнасьць справы:

"Дзіўна, але ва ўсіх беларускіх цэрквах кожная літургія прадугледжвае малітву за краіну. Проста складаецца ўражаньне, што вельмі моцна пільнуюць, сочаць. Крок управа ці ўлева — злачынства. Падобна да таго, што зь Менску патэлефанавалі ў наш рэгіянальны савет па справах рэлігіі і запатрабавалі высьветліць акалічнасьці. Чыноўнікі кажуць, што сьпісы падпісантаў бачылі ў газэце грэка-каталіцкай парафіі "Царква". Але гэта немагчыма, бо газэта не выходзіць ужо на працягу апошняга паўгодзьдзя".

Малітва за Беларусь была арганізавана прадстаўнікамі розных канфэсій і праводзілася па ўсёй Беларусі 19 лютага. Зварот далучацца да малітвы гучаў у асноўным у інтэрнэце.

Былы карэспандэнт газэты "Знамя Юности" накіраваў апэляцыю


Алесь Ляўчук
Суд Маскоўскага раёну Берасьця задаволіў пазоў дзяржаўнай газэты "Знамя Юности" да былога карэспандэнта гэтага выданьня Алеся Ляўчука. Паводле рашэньня суду, журналіст мусіць заплаціць 280 тысяч рублёў за публікацыю абвяржэньня на старонках газэты і інтэрнэт-старонцы, яшчэ 105 тысяч — за падачу пазову і каля 700 тысяч — за транспартныя выдаткі. Былы карэспандэнт газэты "Знамя Юности" не пагаджаецца з такім рашэньнем і накіраваў апэляцыю ў абласны суд.

"У апэляцыі я пазначыў, што суд намагаецца абавязаць мяне зьмяніць мае перакананьні. Але юрысты забыліся, што права мець свае перакананьні і свабодна іх выказваць гарантаванае Канстытуцыяй. Я не лічу свае перакананьні няправільнымі, не магу абвяргаць тое, што пісаў раней і ў чым сапраўды перакананы. І суд таксама ня можа ад мяне гэтага патрабаваць".

Рэдакцыя газэты "Знамя Юности" патрабавала ад карэспандэнта напісаць артыкул пра падзеі на Плошчы ў нэгатыўным сьвятле. Калі ён адмовіўся, яму паведамілі, што звальняюць. Выданьне, у сваю чаргу, палічыла, што Алесь Ляўчук, выказваючы сваё меркаваньне, нанёс шкоду рэпутацыі выданьня.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Скардзяцца на ўправу КДБ

У аўторак у Магілёве двое актывістаў апазыцыі паскардзіліся ў суд на абласную ўправу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Заяўнікі намагаюцца скасаваць рашэньне аб пастаноўцы іх спэцслужбаю на прафіляктычны ўлік.

Сябра стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Тацяна Шамбалава стаіць на прафіляктычным уліку ў КДБ ад 9 лютага. Распараджэньне, паводле актывісткі, падпісаў старшыня абласнога КДБ Ігар Сяргеенка. Ёй вынесена таксама папярэджаньне аб недапушчальнасьці супрацьпраўных паводзінаў. Былая давераная асоба кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага лічыць рашэньні КДБ беспадстаўнымі й незаконнымі:

Тацяна Шамбалава
"Чалавек можа быць пастаўлены на ўлік, калі ў яго ёсьць паўторныя адміністрацыйныя правапарушэньні. У мяне яно было ў жыцьці адзінае. Гэтае папярэджаньне вынесена незаконна, бо ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" і ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах — папярэджаньне па гэтых артыкулах мела права вынесьці мне пракуратура ці міліцыя, але не КДБ. Наагул жа, гэтыя артыкулы не адпавядаюць ні Канстытуцыі, ні міжнародным пагадненьням, якія Беларусь падпісала".

Тацяна Шамбалава — удзельніца акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Падчас разгону Плошчы яе затрымалі. Адседзела дзесяць сутак арышту ў ізалятары на Акрэсьціна. На знак пратэсту ў зьняволеньні галадала.

Зьміцер Салаўёў
З пазовам у суд да КДБ зьвярнуўся й старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў. На прафіляктычны ўлік яго паставілі 5 студзеня. Таксама ён мае папярэджаньне аб недапушчальнасьці супрацьпраўных паводзінаў. Фронтавец стаіць на ўліку ў камітэтчыкаў за арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў і ўдзел у іх у 2010 годзе. Сярод іх — ускладаньне кветак да будынка, дзе ў 1918 годзе магілёўцы прызналі ўладу БНР.

Сваёй віны ён не прызнае. Акрамя зьняцьця з уліку й скасаваньня папярэджаньня, ён патрабуе прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці тых, хто прымаў такія рашэньні:

"КДБ можа паводле закону ставіць на ўлік толькі тых людзей, якія ствараюць небясьпеку для дзяржаўнага ладу. Я ня бачу небясьпекі для дзяржаўнага ладу ва ўскладаньні кветак. Гэта такі ціск, каб зьменшыць дзейнасьць актывістаў партыі БНФ у Магілёўскай вобласьці".

Месяц таму Зьміцер Салаўёў даслаў скаргу на рашэньне магілёўскіх камітэтчыкаў старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву. Адказу дагэтуль няма.



ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Алена Давідовіч скардзіцца на суд Мастоўскага раёну

Мастоўскі раённы суд адмовіў Алене Давідовіч ва ўзбуджэньні справы па яе скарзе на пастанову камісіі па справах непаўналетніх пры Мастоўскім райвыканкаме.

Пасьля ананімнага даносу на Алену Давідовіч камісія па справах непаўналетніх пры Мастоўскім райвыканкаме вынесла ёй папярэджаньне "аб адказнасьці за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў па выхаваньні і ўтрыманьні дзяцей, забесьпячэньні аховы іх жыцьця і здароўя".

А Мастоўскі раённы суд адмовіўся разглядаць яе скаргу на рашэньне камісіі на падставе таго, што заяўніца не ўлічыла парадак папярэдняга пазасудовага разгляду справы. Яна, маўляў, павінна была спачатку зьвярнуцца са скаргай у Мастоўскі раённы камітэт, якому падначаленая камісія па справах непаўналетніх, і толькі пасьля яе рашэньня пісаць скаргу ў суд. Кажа Алена Давідовіч:
відавочна, што ўсё было сфабрыкавана ...

"Я проста не разумею, за што мне вынесьлі папярэджаньне. Няхай альбо патлумачаць, альбо здымаюць яго зь мяне. Гэта ж відавочна, што ўсё было сфабрыкавана: спачатку прыходзіла інспэктар і казала, што да іх тэлефанавалі, а потым, калі я прыйшла на камісію, то ўжо сказалі, што нехта напісаў…"

Нагадаю, што Алена Давідовіч адна выхоўвае двух дзяцей. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў яна як актывістка БХД удзельнічала ў камандзе Віталя Рымашэўскага, была назіральніцай на выбарчым участку.

Пасьля выбараў высьветлілася, што яшчэ 16 сьнежня на яе быццам бы паступіла заява без усякіх подпісаў пра тое, што яна нібыта пакідае надоўга дзяцей, ходзіць да суседзяў, просіць, каб тыя зь імі пасядзелі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG