Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля падзей 19 сьнежня Беларусь апынулася ў пункце біфуркацыі. Гэта значыць, у такім гістарычным моманце, калі далейшае разьвіцьцё краіны можа пайсьці ў любым кірунку. Апошнія заявы А.Лукашэнкі пра Захад (пляваць хацеў), пра армію (гатовы выкарыстаць) сьведчаць пра рэпрэсіўны накірунак унутранай палітыкі.

Але і ў цяперашнім выглядзе беларуская сацыяльная мадэль доўга існаваць ня зможа. Таму пытаньне пра пэрспэктывы разьвіцьця краіны паўстае з новай сілай, экспэрты абмяркоўваюць варыянты і сцэнары.

Цяперашняя сацыяльная мадэль аптымальная для ўтрыманьня ўлады Аляксандрам Лукашэнкам. Створаная ім сыстэма вельмі арганічная. Усе яе элемэнты жорстка счэплены, добра падагнаны, дапаўняюць і страхуюць адзін аднаго.

Праблема такой сыстэмы як раз у яе прыродзе. У такой сыстэме выпадзеньне аднае цагліны хутка разбурае ўсю піраміду. Узгадаем, як у часы гарбачоўскай перабудовы пераход да гаспадарчага разьліку, самафінансаваньня ў эканоміцы, галоснасьці ў палітыцы хутка разваліў усю сыстэму. Лукашэнка гэта добра разумее, таму баіцца любых пераменаў, імкнецца захаваць сваё ўтварэньне ў недатыкальнасьці.

Прычым палітычны сьветапогляд самога Лукашэнкі — ня надта моцная перашкода на шляху пераўтварэньняў, бо ўлада для яго значна важнейшая за ідэйныя прынцыпы. За сваё жыцьцё ён іх шмат разоў мяняў. Калісьці, падчас гарбачоўскай перабудовы, Лукашэнка быў дэмакратам.

Нават апошнімі гадамі прэзыдэнт Беларусі адмовіўся ад шэрагу сваіх ранейшых падыходаў. Ён ужо ня хоча аб’ядноўвацца з Расеяй, як зьбіраўся ў 1990-х гадаў, а імкнецца да ўмацаваньня сувэрэнітэту краіны. Цяпер рынкавая эканоміка для яго — гэта не падступны плян Захаду, як ён казаў раней, а нармальная зьява. Лукашэнка гатовы адчыніць дзьверы для замежнага капіталу, актыўна бярэ крэдыты ў МВФ, які ганьбіў колькі гадоў таму.

Таму шлях аўтарытарнай трансфармацыі — гэта адзін з магчымых варыянтаў эвалюцыі беларускай мадэлі. Хоць пасьля 19 сьнежня верагоднасьць руху па гэтым шляху і зьменшылася.

Рух у гэтым кірунку створыць для Лукашэнкі шэраг праблем. Па-першае, яму спатрэбіцца памяняць ідэйную парадыгму, зьмяніць ідэю парадку і стабільнасьці на ідэю разьвіцьця, вобраз рэстаўратара і ахавальніка — на вобраз рэфарматара і мадэрнізатара.

Гэта зрабіць нялёгка, бо рэжым Лукашэнкі — гэта рэжым левага, эгалітарнага тыпу. Ён грунтуецца на савецкай спадчыне, ідэі сацыяльнай роўнасьці, справядлівасьці, на сацыяльнай абароне насельніцтва, дамінуючай ролі дзяржавы, адмове ад рынку як рэгулятара эканамічных дачыненьняў. Легітымнасьць беларускага кіраўніка шмат у чым грунтуецца на міце, што ў Беларусі пабудавана грамадзтва без багатых ("Я ж не раздаў дзяржаўную маёмасьць, не стварыў алігархаў", — з гонарам паўтарае Лукашэнка). Беларускі палітычны рэжым — самы ідэалягізаваны, і гэта адна з прычын, чаму ён самы антызаходні на постсавецкай прасторы.

Але аўтарытарная трансфармацыя патрабуе запуску рынкавых мэханізмаў, пэўнай ступені эканамічнай свабоды, значнага сацыяльнага расслаеньня грамадзтва. Ці ўдасца Лукашэнку ажыцьцявіць такое палітычнае сальта-мартале?

Пасьпяховы досьвед Кітая і Віетнама паказвае, што пабудаваць рынкавую эканоміку, ажыцьцявіць мадэрнізацыю магчыма пад кіраўніцтвам левых рэжымаў, нават на чале з камуністычнай партыяй.

Дзеля такога павароту Лукашэнка мусіць зьмяніць свой электарат. Ад самага пачатку свайго прэзыдэнцтва ён абапіраўся на сацыяльных аўтсайдэраў, людзей, якія ня ўпісваліся ў працэс рэформаў і баяліся іх (пэнсіянэры, калгасьнікі, рабочыя нерэнтабэльных прадпрыемстваў). У выпадку, калі Лукашэнка возьме курс на рэформы, то яму спатрэбіцца падтрымка моладзі, сярэдняй клясы. Гэта досыць рызыкоўны паварот.

І, нарэшце, галоўная небясьпека. Гэтая новая сацыяльная база рана ці позна запатрабуе зьменаў і ў палітычнай сыстэме. Усьлед за эканамічнай свабодай павінна будзе прыйсьці і палітычная свабода. Вось "азіяцкія тыгры" (Тайвань, Сынгапур, Паўднёвая Карэя), якія ажыцьцяўлялі мадэрнізацыю з дапамогай аўтарытарных рэжымаў, у выніку яе перайшлі да дэмакратыі.

Лукашэнка разумее ўсе гэтыя небясьпекі, таму калі ён і рушыць гэтым шляхам, то вельмі асьцярожна. Ён пойдзе на перамены толькі ў тым выпадку, калі пагрозы і рызыкі для ягонай улады ад кансэрвацыі сыстэмы будуць большымі, чым выдаткі ад рэформаў.

Як кажуць палітолягі, it’s about economy, stupid.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG