Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ прапануе Беларусі зацягнуць грашовы пас


Дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый* патрабуе неадкладнага ўзмацненьня жорсткасьці грашова-крэдытнай палітыкі.

Такі пункт гледжаньня выказала ў інтэрвію «Прайм-ТАСС» сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна. «Рост крэдытаваньня ў Беларусі ў 2011 г. працягвае заставацца вельмі значным, і неабходна зрабіць захады для яго запаволеньня, з тым каб паменшыць попыт на замежную валюту», — сказала яна.

Калядзіна адзначыла, што ў 2010 г. адбылося рэзкае аслабленьне грашова-крэдытнай і падаткова-бюджэтнай палітыкі ў Беларусі, а таксама значнае падвышэньне заработнай платы ў рэальным выяўленьні, што прывяло да павелічэньня дэфіцыту рахунку па бягучых апэрацыях. «Мы бачылі ў мінулым годзе і працягваем бачыць цяпер, што разрыў фінансаваньня па плацёжным балянсе значны і попыт на замежную валюту перавышае яе прапанову», — сказала прадстаўніца МВФ.

Адказваючы на пытаньне, якім чынам, на яе погляд, улады маюць намер спраўляцца з гэтай сытуацыяй, Калядзіна выказала здагадку: «Летась улады вырашалі гэтую праблему шляхам замежных запазычаньняў і вызначаных паступленьняў ад прыватызацыі (у 2010 г. паступіў апошні транш «Газпрому» за пакет ў «Белтрансгазе»). Сёлета ўлады плянуюць скараціць дэфіцыт у міжнародным гандлі, але чакаюцца і паступленьні даходаў ад прыватызацыі, а таксама запазычаньні».

«Мы лічым, што для скарачэньня дэфіцыту гандлю патрабуецца макраэканамічная карэкціроўка, — адзначае прадстаўніца МВФ. — Новыя замежныя пазыкі павінны садзейнічаць павелічэньню золатавалютных рэзэрваў, што магчыма толькі калі гандлёвы дэфіцыт пачне скарачацца. Гэта можа быць дасягнута толькі шляхам узмацненьня жорсткасьці грашова-крэдытнай палітыкі і больш гнуткай курсавой палітыкі. Акрамя таго, замежнае фінансаваньне небязьмежнае і залежыць ад сытуацыі на міжнародных фінансавых рынках, якія цяпер хутка зьмяняюцца”.

* Рахунак бягучых апэрацый -- разьдзел плацёжнага балянсу краіны, у якім фіксуюцца экспарт і імпарт тавараў і паслуг, чысты прыбытак ад інвэстыцый і чысты аб'ём трансфэртных плацяжоў.
XS
SM
MD
LG