Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэміі ПЭН-цэнтру атрымаюць Вольга Бабкова і Сяргей Шапран


17 лютага на Агульным сходзе РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” было вырашана аднавіць уручэньне прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Францішка Багушэвіча.






Сёлетнім ляўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча стаў Сяргей Шапран, які склаў фундамэнтальны двухтомны жыцьцяпіс “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах” (Менск – Гародня 2009: Бібліятэка Бацькаўшчыны, Гарадзенская бібліятэка. Людзі Беларусі).



Прэміяй імя Францішка Багушэвіча была адзначаная пісьменьніца і гісторык Вольга Бабкова – за кнігу эсэ-рэканструкцый “...І цуды, і страхі” (Менск: Логвінаў, 2010), якая стала плёнам яе шматгадовай працы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У кнізе дасьледуецца гісторыя штодзённага жыцьця жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII ст.

Шанаваньне ляўрэатаў адбудзецца 3 сакавіка – у Сусьветны дзень пісьменьніка – на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтру ў Менску (вул. Залатая горка 2-101). Пачатак цырымоніі а 17.00.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1996 годзе, праз два гады пасьля сьмерці пісьменьніка і грамадзкага дзеяча на знак пашаны ягонага імя. Прэмія ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу году. За 15 год існавання прэміі ёй былі ўганараваныя каля 30 пісьменьнікаў, публіцыстаў, дасьледчыкаў літаратуры. Апошнімі ляўрэатамі прэміі былі Сяргей Навумчык, Леанід Маракоў, Генадзь Бураўкін, Павал Севярынец.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтру. Заснавана ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца ў сакавіку (да Дня Волі) за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, якія спрыяюць абуджэньню пачуцьцяў гістарычнай самасьвядомасьці і нацыянальнай незалежнасьці чытачоў. З 1996 яе ляўрэатамі сталі Кастусь Акула, Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч, Лявон Баршчэўскі, Міхась Чарняўскі, Аляксандар Лукашук, Васіль Сёмуха, Іван Саверчанка, Тацяна Процька, Ала Сакалоўская, Вячка Целеш, Алесь Белы, Захар Шыбека, Аляксандр Надсан.
XS
SM
MD
LG