Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Гапонавым і Брэўсам працягнецца 1 сакавіка


Сёньня ў Маскоўскім райсудзе Менску праходзіць адкрыты судовы працэс па справе аб масавых беспарадках над грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам.



16.30 Грамадзкі пазоўнік Дзьмітры Лепеш адмовіўся ад пазову на суму 14 мільёнаў беларускіх рублёў, якія былі заплачаныя грамадзянскімі актывістамі за матэрыяльную шкоду, нанесеную будынку Дому ўраду.

Пасьля гэтага ў працэсе абвешчаны перапынак да 1 сакавіка. Падставай стала хадайніцтва пракурора аб перанясеньні справы на сем дзён дзеля «перакваліфікацыі».



16.20 Прагляд відэаматэрыялаў завяршыўся. Адвакаты пытаюцца ў сьведкаў-міліцыянтаў: мяркуючы па відэа, пасьля 22:30 людзі на плошчы супакоіліся, чаму? Сьведкі ня ведаюць.

Іван Гапонаў, у сваю чаргу, сказаў, што перад пачаткам разгону ўдзельнікаў акцыі ніхто ў Дом ураду не «ламіўся».

15.35
Гуку пры праглядзе відэаматэрыялаў няма. Частка публікі ўжо пакінула залю.

15.25
Абвінавачаныя тлумачаць, што яны не білі міліцыянтаў, а толькі абараняліся. Прысутныя ў залі па-ранейшаму ня могуць бачыць відэаматэрыялы.

15.15.
Працягваецца агляд відэаматэрыялаў. Аднак дзяржаўны абвінаваўца стаў перад экранам, закрыў сабой экран, у выніку прысутныя ў залі нічога ня бачыць.

15.10
Пачаўся прагляд відэаматэрыялаў

14.50
Быў агучаны пратакол агляду месца падзеяў. Знайшлі тры самаробныя дымавыя гранаты, ледаруб і дрэўкі.

14.45
Судовы працэс аднавіў працу. Ідзе вывучэньне пісьмовых матэрыялаў справы.


Алесь Бяляцкі
13.40
Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна«Алесь Бяляцкі ў інтэрвію нашаму карэспандэнту падкрэсьліў, што гэта тыя самыя трафарэтныя сьведкі, якіх прызначаюць сьведчыць падчас адміністрацыйных справаў. Але цяпер яны вымушаны выступаць сьведкамі падчас крымінальнай справы. Яны блытаюцца ў паказаньнях, ня могуць дакладна сказаць, дзе знаходзіўся абвінавачаны, што ён рабіў. «Справядлівы суд на такія паказаньні безумоўна, ня стаў бы абапірацца», — лічыць Бяляцкі.



13.30
У судовым працэсе аб’яўлены перапынак да 14.35

13.20
Сьведка міліцыянт Якаўлеў зусім разгубіўся. Ён сказаў, што мінуў час і таму ён ня ўсё памятае. Калі зачыталі ягоныя паказаньні падчас сьледства, то Якаўлеў пацьвердзіў, што гэта ягоныя словы, што Брэус і Гапонаў білі міліцыянтаў.

13.10
Сьведка Якаўлеў кажа, што дакладна не памятае, ці білі міліцыянтаў Брэус і Гапонаў. Але яны дзейнічалі ў складзе самай актыўнай групы.

13.05
Адвакатка зьвярнула ўвагу на разыходжаньні сьведчаньняў па часе затрыманьня. Якаўлеў толкам ня здолеў гэта патлумачыць, сказаў, што мог памыліцца. Адвакат Сяргеева выказала пратэст у сувязі з тым, што абвінаваўца фактычна сваімі ўскоснымі пытаньнямі падказвае адказы сьведкам.

12.50
Адвакатка Казак запытала сьведку Якаўлева, чаму ў пратаколе вы не пазначылі, што Брэус біўся. Якаўлеў адказаў, што не лічыў гэта важным.

12. 45
Якаўлеў сказаў, што ня памятае, ці біў яго Брэус асабіста.

12.40
Сьведка міліцыянт Якаўлеў пераблытаў Гапонава і Брэуса. На Гапонава сказаў, што гэта Брэус. Якаўлеў таксама заявіў, што Брэус і Гапонаў біліся з міліцыянтамі.

12.35 Міліцыянт Якаўлеў кажа, што натоўп спрабаваў прарвацца ў Дом ураду, хаця ён сам ня чуў заклікаў на прарыў.

12.30 Пачаўся допыт другога сьведкі, міліцыянта Аляксандра Якаўлева.

12.20 Адвакат запытала Дударчыка, чаму ў пратаколе затрыманьня ён не пазначыў, што Гапонаў біў у шчыты і кідаў вуду. Дударчык адказаў, што не лічыў гэта важным.

12.15
Дударчык кажа, што Гапонаў кідаў вуду ў міліцыянтаў.

12.10 Дударчык у пратаколе, складзеным пасьля падзеяў 19 сьнежня, пісаў, што Брэус і Гапонаў выкрыквалі антыдзяржаўныя лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Сыходзь».

12.00 Дударчык сказаў, што Брэус два разы ўдарыў па шчытах. Дзяржаўны абвінаваўца тут адзначыў, што гэта разыходзіцца з паказаньнямі сьведкі падчас папярэдняга сьледства, што Брэус біў па шчытах 5 разоў. Дударчык адказаў, што ён запамятаваў

11.55
Дударчык кажа, што пазнаў Брэуса і Гапонава. Што яны білі па шчытах міліцыянтаў.

11.50 Міліцыянт Дударчык кажа: стаяў у ачапленьні перад дзьвярыма Дому ўраду. На нас накінуўся арганізаваны натоўп. Нас білі рукамі і нагамі.

11.40 Пачаўся допыт сьведкі, міліцыянта Алега Дударчыка.




Гары Паганяйла
11.30
Праваабаронца Гары Паганяйла ў перапынку пракамэнтаваў нашаму карэспандэнту хаду судовага працэсу. Спадар Паганяйла ня бачыць ніякіх доказаў віны абвінавачаных. «З выступу пракурора ня праглядалася ніякіх доказаў, — лічыць Паганяйла. Увогуле, вельмі цяжка будзе ўстанавіць сам факт масавых беспарадкаў».

Спадар Паганяйла зьдзіўлены, чаму Брэус і Гапонаў зьвязаныя ў адным працэсе. Яны ня ведалі адзін аднаго, знаходзіліся ў розных месцах 19 сьнежня. Адзінае, што іх зьвязвае, гэта тое, што яны грамадзяне Расеі.


11.20 Грамадзкі пазоўнік Дзьмітры Лепеш пацьвердзіў, што 14 мільёнаў беларускіх рублёў былі заплачаныя за матэрыяльную шкоду, нанесеную будынку дому ўраду. Зараз аб’яўлены перапынак на 10 хвілінаў у сувязі з няяўкай сьведкі. Чакаюць спэцназаўца

11.10 Брэус падчас гутаркі з адвакатам распавёў, што на Валадарцы следчыя яму пагражалі фізічнай расправай, калі ён не прызнаецца ў змове з кіраўнікамі беларускай апазіцыі, паведамляе НН

10.55
Брэус распавядае, як ён атрымаў дручком па галаве ад спэцназаўца. Калі пачаўся разгон акцыі, Брэус падышоў да міліцыянтаў і папрасіў прапусьціць яго. У адказ яму зноў далі па галаве і арыштавалі.

10.45
Дапытваюць Арцёма Брэуса. Віну сваю ён не прызнае. Кажа, што на Кастрычніцкую плошчу прыйшоў выпадкова. Далучыўся да натоўпу, крычаў «Жыве Беларусь». Пачуў, што б’юць шкло, падышоў бліжэй, паглядзець, што адбываецца. Потым выскачыў Спэцназ, людзі пачалі крычаць «міліцыя з народам», спэцназаўцы пачалі грымець дручкамі ў шчыты

10.40
Допыт Гапонава скончыўся. Гапонаў сказаў, што ня бачыў у прысутных на плошчы людзей бутэлек ці іншых прадметаў, а таксама ня бачыў, хто б’е шкло.

10.30 Гапонаў кажа, што крычаў «Жыве Беларусь». Але ў руках нічога ня меў. Іван заяўляе, што з Брэусам знаёмы не быў, у партыях не ўдзельнічаў. Гапонаў кажа, што падышоў бліжэй да Дому ўраду, але нікуды не прарываўся і міліцыянтаў ня біў. Бутэлек ні ў кога ня бачыў.

10.25 Пачаўся допыт Івана Гапонава. Сваёй віны ён не прызнае.

10.20 Дзяржаўны абвінаваўца, старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёну Менску Сяргей Кунас заявіў, што Брэус і Гапонаў 19 сьнежня прарывалі ачапленьні, білі нагамі міліцыянтаў. Сваімі дзеяньнямі нанесьлі страты дзяржаве на 29 мільёнаў беларускіх рублёў

10.05 Працэс пачаўся, фота і відэа здымкі забаранілі. З залі вывялі тых, каму не хапіла месца. Судзьдзя — Любоў Сямахіна, унесеная ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз пад нумарам 140. Дзяржаўны абвінаваўца — старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Менску Сяргей Кунас. Расейцаў абараняюць два адвакаты.

10.00 Журналістаў запусьцілі ў залю суда. Тут больш за 20 карэспандэнтаў, ім дазволілі зрабіць фота і відэа здымкі. Але здымаць пасьля пачатку працэсу будзе забаронена. Гапонаў і Брэус сядзяць у жалезнай клетцы. У залю суда ўсіх прапускаюць праз рамкі, кіруе гэтым асабіста падпалкоўнік Яўсееў. У залі больш за 40-50 чалавек. Гэта прадстаўнікі грамадзкасьці, праваабаронцы, Алесь Бяляцкі, Гары Паганяйла, супрацоўнікі расейскай амбасады. Фактычна ўвайшлі ўсе, хто пажадаў. Некаторыя, праўда, яшчэ стаяць, ім не хапіла месца.

Расейцы былі затрыманыя 19 сьнежня 2010 году пры разгоне акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці і першапачаткова асуджаныя на 10 сутак арышту. Пасьля адбываньня адміністрацыйнага пакараньня 29 сьнежня яны зноў былі затрыманыя ўжо ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Зараз Гапонаў і Брэўс зьяўляюцца абвінавачанымі на падставе ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Цяпер Іван Гапонаў і Арцём Брэўс утрымліваюцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Амбасада Расеі ў Менску 16 лютага распаўсюдзіла заяву, у якой выказала надзею на «усебаковы і аб’ектыўны» разгляд беларускім судом матэрыялаў спраў Гапонава і Брэўса.

Маці Гапонава: «Ганаруся сваім сынам і ўсімі вязьнямі КДБ»

Справа «Плошча-2010»
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», абвінавачаньні па справе аб масавых беспарадках, якая заведзена пасьля правядзеньня акцыі пратэсту 19 сьнежня супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, прад’яўленыя 42 грамадзянам, у тым ліку 5 былым кандыдатам у прэзыдэнты — Алесю Міхалевічу, Уладзімеру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Андрэю Саньнікаву, Міколе Статкевічу. Колькасьць падазраваных і абвінавачаных павялічваецца.

Артыкул 293 «Масавыя беспарадкі»

1. Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады,

караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

2. Удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным зьдзяйсьненьні дзеяньняў, названых у частцы першай, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Першы працэс па справе 19 сьнежня адбыўся ў Менску 17 лютага. Васілю Парфянкову прысудзілі чатыры гады калёніі строгага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG