Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ заклікае спыніць рэпрэсіі ў Лібіі


У сталіцы Лібіі Трыпалі працягваецца процістаяньне паміж праціўнікамі Муамара Кадафі і ўрадавымі войскамі. Паводле сьведкаў, самалёты вайскова-паветраных сілаў абстралялі ўвечары ўдзельнікаў пратэсту ў Трыпалі. Паведамляецца, што ў Лібіі цалкам адключылі тэлефонную сувязь.

Тым часам другі велічынёю горад Лібіі Бэнгазі і шэраг меншых населеных пунктаў знаходзяцца пад кантролем апазыцыйных сілаў.

Сёньня лібійскі міністар юстыцыі Мухамад Абуд Аль-Джэлейль падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць празьмернага ўжыцьця сілы супраць удзельнікаў пратэстаў.

Шэраг лібійскіх дыпляматаў заявіў сёньня пра свой сыход з займаных пасадаў, у тым ліку намесьнік прадстаўніка Лібіі пры ААН Ібрагім Дабашы:

“Пасьля таго, як мы ўбачылі, што адбываецца ў Лібіі, і пасьля свайго роду абвяшчэньня сынам Кадафі вайны лібійскаму народу, мы лічым, што немагчыма маўчаць, і трэба данесьці сьвету голас лібійскага народу”.

Лібійскія дыпляматы пры ААН заклікалі да міжнароднага ўмяшаньня ў сувязі з падзеямі ў Лібіі.

Рэпрэсіі супраць дэманстрантаў у Лібіі асудзіла ў панядзелак увечары Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу. Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун асудзіў эскаляцыю гвалту ў Лібіі і заклікаў улады гэтай краіны неадкладна спыніць ужываньне сілы супраць дэманстрантаў.
XS
SM
MD
LG