Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванэтэм Пілэй выказала глыбокую заклапочанасьць прысудам Васілю Парфянкову. "Судовы перасьлед і пакараньне асабліва трывожна з улікам таго, што разам з дзесяткамі іншых актывістаў ён паўстаў перад судом за рэалізацыю свайго права на свабоду мірных сходаў і выказваньняў", – прыводзіць словы Пілэй сайт Управы вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Пілэй адзначыла, што ў Беларусі тэрміны і ўмовы ўтрыманьня пад вартай да суду не адпавядаюць стандартам Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У прыватнасьці, сказала яна, пытаньне аб працягу тэрміну ўтрыманьня пад вартай вырашае пракурор, а не судзьдзя.

"Мы таксама атрымалі паведамленьні аб працягу запалохваньня адвакатаў, якія аказвалі прававую дапамогу затрыманым і журналістам", – сказала вярхоўны камісар. Яна зьвярнула ўвагу на тое, што Міністэрства юстыцыі Беларусі анулявала ліцэнзіі па меншай меры трох адвакатам, якія "абаранялі лідэраў апазыцыі і журналістку".

"Праваабаронцы павінны мець магчымасьць выконваць сваю працу ў бясьпечным асяродзьдзі, не падвяргаючы сябе рызыцы і не баючыся рэпрэсій, запалохваньня, пагрозаў і навешваньня цэтлікаў, – падкрэсьліла Пілэй. – Дзяржавы павінны абараняць праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскую супольнасьць ад пагроз, помсты або ціску, калі яны зьяўляюцца сьледзтвам іх законнай дзейнасьці па абароне правоў чалавека".

Наванэтэм Пілэй заклікала беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў, у тым ліку былых кандыдатаў у прэзыдэнты, і выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека. Яна адзначыла адсутнасьць належнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Камітэтам ААН па правах чалавека.

Сытуацыю ў Беларусі 13 лютага ў Маскве абмеркавалі Наванэтэм Пілэй і прадстаўнікі міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Камісару былі перададзеныя матэрыялы місіі па становішчы праваабаронцаў, адвакатаў і журналістаў у Беларусі, падрыхтаваныя сумесна з беларускімі арганізацыямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG