Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 гады таму жыхар Менску Павал быў у Лібіі ў службовай камандзіроўцы, якая цягнулася болей за 2 месяцы. Павал спачатку пажыў у сталіцы краіны Трыпалі, а потым у невялікім правінцыйным гарадку. «Свабода» папрасіла Паўла згадаць, якім быў узровень жыцьця ў Лібіі і як тады ставіліся мясцовыя жыхары да свайго лідэра Муамара Кадафі, супраць якога цяпер успыхнула масавае паўстаньне.

«Першае адчуваньне, калі толькі прыяжджаеш у аэрапорт, што гэта мёртвае месца. Людзі відавочна ходзяць прыгнечаныя, быццам баяцца адзін аднаго. Нават у цэнтры гораду, дзе людзі быццам гуляюць, ходзяць, атмасфэра даволі жудасная — быццам бы людзі жывуць у клетцы. У пляне эканамічным ёсьць праслойка чыноўнікаў і спэцслужбаў, якія езьдзяць на вельмі добрых аўтамабілях і пры гэтым дазваляюць сабе вельмі хутка езьдзіць, і ёсьць прыкладна 90% астатніх людзей, якія жывуць бедна і сапраўды прыгнечаныя. Я там быў два месяцы і гэтае ўражаньне толькі пацьвердзілася.

Аднойчы я трапіў у школу, там былі дзеці 7-8 гадоў. Вакол абшарпаныя сьцены, усё брудна. Такое ўражаньне, што ніхто пра гэтых дзяцей не турбуецца. Вось ёсьць сьцены, парты і ўсё, больш нічога ня трэба.

Што да зьнешніх прыкметаў культу асобы, то канечне гэта было бачна. Па ўсім горадзе віселі плякаты, вялікія бігборды з выявай Муамара Кадафі і зь вялікімі лічбамі побач — 37. І зь нейкім тэкстам — здаецца, «рэвалюцыя перамагла» і гэтак далей. Мясцовыя жыхары мне казалі, што кожны год лічбы на гэтых бігбордах замяняюцца. Такім чынам, у лютым 2007 была лічба 37, у верасьні ўжо мянялася лічба на 38 і гэтак далей. Цяпер вісела 41.
Ня тое што адмоўна адгукаліся ці станоўча, а проста баяліся хоць нешта казаць.

Уражваў палац Кадафі ў цэнтры гораду. Вялікія сьцены, можа 4-5 мэтраў вышынёй, аўтаматчыкі паўсюль стаяць і глядзяць на дарогу. А сьцены ня толькі вакол палацу, але і вакол кварталаў — вялікія тэрыторыі імі ахопленыя. Аўтаматчыкі вельмі пільна глядзяць на аўтамабілі, якія едуць уздоўж палацу. Было нават жахліва дастаць фотаапарат і сфатаграфаваць, бо у атмасфэры нібыта адчувалася, што калі ты гэта зробіш, то могуць забраць на высьвятленьне і далей з табой невядома што будзе.

Калі я размаўляў з простымі арабамі пра іх стаўленьне да Кадафі, яны проста баяліся вымаўляць ягонае імя. Ня тое што адмоўна адгукаліся ці станоўча, а проста баяліся хоць нешта казаць. Таму, мяркую, вельмі заканамерна тое, што цяпер адбываецца ў Лібіі. Бо народ быў цягам столькіх гадоў прыгнечаны і цяпер узарваўся, людзі згубілі страх, ужо не баяцца нічога, калі пайшлі змагацца за сваю свабоду».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG