Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскусія кіраўнікоў МЗС краінаў Эўразьвязу па лібійскім пытаньні


Галоўнай тэмай сёньняшняй нарады міністраў замежных справаў краін Эўразьвязу ў Брусэлі стала лібійскае пытаньне. Як паведамляе агенцтва навінаў DPA, Нямеччына і Вялікабрытанія выказваліся за жорсткую лінію адносна Трыпалі, у той час як Італія заклікала да больш памяркоўнага падыходу.

Лібійскія ўлады папярэдзілі, што больш ня будуць спыняць паток эмігрантаў у краіны ЭЗ, калі Зьвяз падтрымае антыўрадавыя пратэсты ў Лібіі.

"Эўразьвяз не павінен дазваляць шантажаваць сябе”, – заявіў нямецкі міністар у справах Эўразьвязу Вэрнэр Хойер напярэдадні нарады.

Італія, якая зьяўляецца асноўным атрымальнікам імігрантаў з краін Паўночнай Афрыкі, шмат працавала з Трыпалі, каб зьменшыць гэты паток. Выступаючы ў Брусэлі, міністар замежных спраў Італіі Франка Фраціні быў значна больш асьцярожны ў сваёй крытыцы, чым яго паўночныя калегі.

"Мы не павінны ствараць ілжывае ўражаньне наша жаданьня ўмешвацца, жаданьня экспартаваць нашу дэмакратыю. Мы павінны дапамагчы, мы павінны падтрымліваць мірнае ўрэгуляваньне", сказаў Фраціні. Ён таксама папярэдзіў аб небясьпецы захопу ўлады ісламістамі, рэагуючы на паведамленьні, што ўдзельнікі акцыі пратэсту ў горадзе Бэнгазі хацелі б стварыць "ісламскі эмірат". "Ці можаце вы ўявіць сабе ісламскі эмірат на межах Эўропы? Гэта было б сапраўды сур'ёзнай пагрозай ", сказаў ён.

Міністар замежных спраў Фінляндыі Аляксандр Стуб заявіў, што санкцыі ЭЗ супраць Кадафі было апраўданым. "Як мы можам з аднаго боку глядзець, што адбываецца ў Лібіі, дзе амаль 300 чалавек забітыя, і не казаць пра санкцыі супраць Кадафі, а з другога боку ўводзіць санкцыі супраць Беларусі?” – задаў пытаньне фінскі міністар.

Яго брытанскі калега Ўільям Хэйг паведаміў, што ўчора размаўляў па тэлефоне з сынам Кадафі, а сёньня ў Foreign office быў выкліканы пасол Лібіі ў Лёндане, "каб выказаць яму наша абсалютнае асуджэньне ўжываньне сілы са сьмяротным вынікам у дачыненьні да дэманстрантаў”. "Мы не павінны супрацоўнічаць з рэжымам, які страляе ва ўласны народ”, сказаў міністар замежных спраў Люксэмбургу Жан Асэльборн.

Адзін з эўрапейскіх дыпляматаў паведаміў DPA, што Італія, Мальта і Кіпр блякавалі любыя спасылкі на санкцыі ў канчатковым дакумэнце нарады, таму што яны турбаваліся наконт магчымага наплыву імігрантаў з Лібіі.

Нават прыхільнікі жорсткага падыходу прызнаюць, што Эўразьвяз мае няшмат рычагоў узьдзеяньня на сытуацыю. "Гэта не наша праца – мяняць лідэра Лібіі. Гэта праца кіраўніцтва Лібіі – прыслухацца да свайго народу. І гэты абавязак слухаць не азначае, што яны могуць выкарыстоўваць кулямёты”, – сказаў кіраўнік фінскага МЗС Аляксандар Стуб.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG