Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-міністар абароны: «Лукашэнка гатовы ўжыць армію, але гэта — злачынства»


Аляксандр Лукашэнка не выключае прыцягненьня Ўзброеных сілаў для «навядзеньня канстытуцыйнага парадку ў дзяржаве». Пра гэта ён заявіў, выступаючы перад вайскоўцамі інжынэрнай брыгады Ўзброеных сілаў. Пра што сьведчаць словы Лукашэнкі? І якія функцыі павінна выконваць армія ў дзяржаве?

Павал Казлоўскі
Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі ў словах кіраўніка краіны бачыць наступствы грамадзкага абуджэньня, якое адбываецца найперш у арабскім сьвеце. Але адпраўным пунктам, на яго думку, сталі падзеі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Як нагадвае генэрал-палкоўнік у адстаўцы Казлоўскі, Лукашэнка неаднаразова казаў, што супраць Беларусі была арганізаваная сапраўдная змова. Сёньня Лукашэнка канстатаваў: калі б сытуацыя павярнулася такім чынам, што ўзьнікла б рэальная пагроза перавароту ў краіне, ён бы не спыніўся перад тым, каб выкарыстаць Узброеныя сілы. Гаворыць Павал Казлоўскі:

«Думаю, што аналёгіі напрошваюцца відавочныя. Там дыктатары па 30-40 гадоў уладараць, тут хоць і меней, але намеры цалкам зразумелыя. І ён, дарэчы, таксама лічыцца адзіным у Эўропе дыктатарам. Таму, думаю, вонкавая сытуацыя вельмі моцна хвалюе Лукашэнку. А тое, што гэта заяўлена ледзьве не па прыкладзе Лібіі, дзе на сёньня расстраляна каля паўтысячы чалавек і яшчэ тысячы параненыя, то такія заявы не прынясуць карысьці ні Лукашэнку, ні нам.

Так, ён гатовы гэта зрабіць. Але гэта злачынства. Яму ўжо дзесьці сьняцца аналягічныя сцэнарыі, якія ўжо прайшлі ў Эгіпце, у Тунісе, а сёньня і далей ідуць — у Лібіі, Емэне. Для яго гэта страх, і, думаю, ён сьпіць неспакойна. Вось адсюль і такія заявы. Але армія не дзеля гэтага існуе ў дзяржаве. Яна прызначаная для абароны ад зьнешніх пагрозаў. Гэта запісана ў Канстытуцыі, гэта запісана ўва ўсіх асноўных дакумэнтах. Таму тут адчуваецца паніка. Пэўна, што заўтра ён пра гэта яшчэ скажа на ўрачыстым сходзе. Сёньня, відавочна, гэтую думку толькі „абкатваў“. Але заўтра паслухаем…».

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што 19 сьнежня ўлада абараніла канстытуцыйны лад, дабрабыт і незалежнасьць Беларусі. Паводле яго слоў, беларускія грамадзяне з разуменьнем паставіліся да дзеяньняў улады і падтрымалі абраны шлях разьвіцьця краіны. І яшчэ раз падкрэсьліў: дзякуй Богу, не прыйшлося задзейнічаць Узброеныя сілы.

Валерый Фралоў
Зварот да тэмы Ўзброеных сілаў камэнтуе генэрал-маёр у адстаўцы Валерый Фралоў:

«Ну што можна сказаць па гэтай заяве? Лукашэнка можа заявіць усё, што заўгодна, бо яму Канстытуцыя ды іншыя законы да лямпачкі. Ён перасьледуе толькі тое, што важна на гэты момант толькі яму асабіста. Чаму ён думае, што ўсім будзе добра толькі тады, калі ён зьберажэ гэты канстытуцыйны лад на свой капыл? Ён у кагосьці запытаўся? Вось гэтая ягоная самаўпэўненасьць, мне падаецца, крыху лішняя».

Карэспандэнт: «Узброеныя сілы прадугледжаныя перадусім для ліквідацыі зьнешніх пагрозаў? Як гэта стасуецца з намерамі Лукашэнкі?».

«Гэта калі мы зыходзім з таго, што гэта гаворка нармальных, адэкватных людзей. Але тут ён пачынае прыплятаць радзіму, народ, што ён толькі адзін абаронца нашай Айчыны, дзяржавы. Ды ёсьць каму зьберагчы, разьвіваць і рухаць! А каб бразгаць зброяй, шмат розуму не патрэбна. Таму тут толькі паніка. Бо ні з пушчы, ні з поля, калі цябе ніхто не чапае, ты ж ня будзеш такое заяўляць. Ляжыш на сонцы, балдзееш, і тут раптам гістэрыка — я вам пакажу, як радзіму абараняць! Навошта гэта, калі ўсё спакойна, усё пад кантролем? Напэўна, маецца на ўвазе нейкая ягоная заклапочанасьць. Чым — гэта ўжо пытаньне іншае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG